Расея перакідвае на фронт новы армейскі корпус, але аналітыкі лічаць, што ён кепска падрыхтаваны


Эксперты Conflict Intelligence Team, прааналізаваўшы фота- і відэаматэрыялы перавозкі вайсковай тэхнікі, прыйшлі да высновы, што Расея перакідае нядаўна сфармаваны 3-ці вайсковы корпус з Муліна Ніжагародскай вобласці на станцыю Няклінаўка Растоўскай вобласці, што каля мяжы з Данецкай вобласцю Украіны.

Відавочцы знялі поўныя саставы з комплексамі «Бук» і танкамі Т-80БВ і Т-90М. Аналітыкі Conflict Intelligence Team канстатуюць, што корпус «адносна добра ўкамплектаваны тэхнікай, аднак добраахвотнікі не адрозніваюцца баявым духам, дысцыплінай і імкненнем авалодаць выдадзенай ім новай тэхнікай».

«Шмат якія даследчыкі здзіўляюцца, чаму ў руках дрэнна падрыхтаваных добраахвотнікаў аказаліся самыя сучасныя ўзоры расейскай тэхнікі.

Мы бачым дзве магчымыя прычыны гэтага – немагчымасць аператыўна зняць старую тэхніку з кансервацыі і/або адсутнасць у расейскіх частках падрыхтаваных экіпажаў, якія можна было б зняць з фронту для асваення новых машынаў (гэта, у сваю чаргу, можа быць выклікана баявымі стратамі і распаўсюджанымі адмовамі ад удзелу ў «спецаперацыі»)», – адзначаюць у CIT.

Дакладна не вядома, на якім участку фронту плануецца задзеяць 3-ці корпус, але Няклінаўка месціцца найбліжэй да Данецкага і Запарожскага ўчасткаў фронту, адзначаюць эксперты.

Аналітыкі амерыканскага Інстытуту вывучэння вайны (ISW) мяркуюць, што 3-ці корпус Расея мае намер задзеяць у наступальных аперацыях – імаверна, пад Данецкам, дзе прасоўванне вакол Мар’інкі, Пяскоў і Аўдзееўкі спынілася. Але не выключана, што яго ў выніку накіруюць на поўдзень Украіны, на херсонскі кірунак.

Пры гэтым у ISW лічаць, што 3-ці корпус наўрад ці стане эфектыўнай баявой сілай, бо ёсць сумневы наконт падрыхтаванасць і дысцыплінаванасці байцоў новага падраздзялення. Корпусу не хапае вопытных афіцэраў, а добраахвотнікамі туды пайшлі людзі старэйшага пакалення і са слабым здароўем.

Hавiны
Выведка Украіны: цяпер у Беларусі знаходзіцца каля тысячы расейскіх вайскоўцаў
2022.08.27 21:05

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў