Польшча і Чэхія возьмуць на сябе абарону паветранай прасторы Славаччыны. Ад гэтага можа выйграць Украіна


Пагадненне Польшчы, Чэхіі і Славаччыны стварае ўмовы для паставак ва Украіну знішчальнікаў МіГ-29.

Польшча і Чэхія падпісалі пагадненне са Славаччынай, у адпаведнасці з якім яны закрыюць неба над краінай, пакуль яе вайскова-паветраныя сілы пераходзяць са знішчальнікаў МіГ-29 на амерыканскія самалёты F-16.

«Дамоўленасць набудзе моц 1 верасня, калі эксплуатацыя славацкіх знішчальнікаў МіГ-29 спыніцца», – гаворыцца ў заяве мінабароны Чэхіі, паведамляе Бі-Бі-Сі.

Раней у Браціславе заяўлялі, што гарантаванне бяспекі славацкай паветранай прасторы Польшчай і Чэхіяй – ключавая ўмова перадачы Украіне 11 знішчальнікаў МіГ-29.

27 жніўня міністр абароны Славаччыны Яраслаў Надзь заявіў, што Браціслава па-ранейшаму гатовая на гэта пайсці.

«Ёсць палітычная воля, і гэта мае сэнс – дапамагчы тым, хто мае патрэбу ў дапамозе», – цытуе Надзя Reuters. Але пакуль дамоўленасць яшчэ не дасягнутая. «Гэтая магчымасць разглядаецца, і як толькі будзе дамоўленасць, мы паведамім вам», – дадаў ён.

Украіна прасіла заходнія краіны аб пастаўках баявой авіяцыі з першых дзён поўнамаштабнага расейскага ўварвання, бо Расея мае вялізарную перавагу ў авіяцыі. 11 знішчальнікаў, якія можа перадаць Славаччына, – даволі буйная партыя самалётаў, гэтага хапіла б на тое, каб сфармаваць эскадрыллю. Да пачатку вайны ва Украіне было 43 баявых МіГ-29.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў