Палітзняволенага камерцыйнага дырэктара «Silver Screen» Аляксандра Дземідовіча асудзілі на «хімію»


Аляксандр Дземідовіч, які быў затрыманы амаль тры месяцы таму, выклаў у Фэйсбуку фота з прабежкі. Высветлілася, што 22 жніўня палітвязень быў асуджаны на 2,5 гады  «хіміі».

Камерцыйнага дырэктара «Silver Screen» Аляксандра Дземідовіч, які раней працаваў на розных пасадах у камандзе парталу TUT.by, затрымалі на працоўным месцы 25 траўня 2022 года. На яго спачатку склалі адміністратыўны пратакол нібыта за «непадпарадкаванне законнаму патрабаванню службовай асобы», мужчыну прызначылі 15 содняў арышту. Але праз 15 дзён не вызвалілі.

У чэрвені на адным з каналаў сілавікоў з’явілася «пакаяннае» відэа Дземідовіча, у якім ён прызнаўся ва ўдзеле ў акцыях пратэсту 2020 года. Паведамлялася, што на Аляксандра завялі справу паводле артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»). Праваабаронцы прызналі Дземідовіча палітвязнем.

28 жніўня Дземідовіч выклаў у Фэйсбуку фота з прабежкі з подпісам: «Пара рабіць значак «Хочаш скінуць 8 кг – спытай мяне, як». Ён піша, што вярнуўся да актыўнага жыцця, поўны ідэяў і разважанняў.

«Спрабую аднавіцца і з нястомным пачуццём геданіста атрымліваю асалоду ад кожным днём, апошнімі днямі лета і сустрэчамі з сябрамі», – дадае Дземідовіч.

«Медиазона» паведамляе, што Дземідовіч быў пакараны 2,5 гадамі «хіміі». Суд адбыўся яшчэ 22 жніўня, але вядома пра вырак стала толькі цяпер.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў