Літоўскага блогера пачалі судзіць за насмешкі з беларусаў


Блогер Лаўрынас Рагельскіс «славуты» сваімі правакацыямі на акцыях беларусаў, таксама ён часты госць на БТ. У Літве яго лічаць куратарам прарасейскіх публікацыяў.

Лаўрынас Рагельскіс. Скрыншот: Laurynas Ragelskis / Youtube

У Літве распачаўся суд над прарасейскім блогерам Лаўрынасам Рагельскісам, якога вінавацяць у распальванні варожасці супраць беларусаў, піша «Delfi». На першым паседжанні блогер заявіў, што не паспеў знайсці адваката, таму суд перанёс паседжанне на 26 верасня.

Рагельскіс, паводле звестак следства, у кастрычніку 2020 года «здымаў свае крыўлянні» і кпіны з беларусаў, якія пратэставалі перад амбасадай Беларусі ў Літве, спаганіў мемарыял у памяць аб беларусах, забітых рэжымам Лукашэнкі.

На судзе Рагельскіс назваў сябе беларусам і заявіў, што не разумее літоўскай мовы, «лепей разумее па-расейску». Гэта здзівіла пракурора: у пратаколах расследавання пазначана, што блогер разумее літоўскую мову, перакладчыка ён не прасіў. Пасля паседжання Рагельскіс размаўляў па-літоўску, адзначылі журналісты.

Лаўрынас Рагельскіс хадзіў на акцыі беларусаў у Літве і правакаваў удзельнікаў і пасля 2020 года. Таксама ён часта даваў каментары дзяржаўнай беларускай тэлевізіі. Сярод іншага ён распавядаў «СБ. Беларусь сегодня» ў жніўні 2021 года, што яму спалілі машыну за ягоныя антыўрадавыя пратэсты.

Ён прапагандуе прарасейскія і антызаходнія погляды, ладзіць правакацыі на беларускіх і ўкраінскіх акцыях, а таксама распавядае пра «таемную мафію», якая кіруе чалавецтвам. Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі Літвы мяркуе, што блогер – куратар выдання антызаходніх і прарасейскіх артыкулаў на літоўскай мове.

Hавiны
Беларуса, які перадаў інфармацыю аб перамяшчэнні ўкраінскіх войскаў, атрымаў пяць месяцаў арышту ва Украіне
2022.08.18 16:29

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў