«Financial Times»: Еўразвяз скасуе спрошчаную выдачу візаў расейцам. Наконт Беларусі кансэнсусу няма


Калі Еўразвяз сапраўды скасуе пагадненне, расейцам давядзецца плаціць 80 еўраў консульскага збору замест цяперашніх 35, а таксама давядзецца даўжэй чакаць візаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Schengenvisainfo.com

Брытанскае выданне «Financial Times» са спасылкаю на трох чыноўнікаў Еўразвязу расказала, што міністры замежных справаў ЕЗ маюць падтрымаць чэшскую прапанову наконт скасавання спрошчанага парадку выдачы візаў грамадзянам Расеі. Пра канчатковае рашэнне маюць паведаміць падчас двухдзённай сустрэчы міністраў у Празе 30–31 жніўня.

Паводле аднаго з чыноўнікаў, недапушчальным лічаць тое, што расейскія турысты шпацыруюць па еўрапейскіх гарадах, таму хочуць даць ім сігнал, што «вайна гэта не ОК, гэта непрымальна».

У Еўразвязе хацелі б пайсці далей за гэта ў пытанні візаў для расейцаў, але ў Бруселі няма адзінства адносна іншых захадаў, як поўнага спынення выдачы візаў расейцам. Таксама няма кансэнсусу наконт пашырэння візавых санкцыяў супраць Беларусі, расказвае брытанскае выданне са спасылкаю на еўрапейскіх чыноўнікаў.

Некаторыя краіны, як Нямеччына, выступаюць супраць поўнага візавага бану Расеі – хочуць больш выбарачнага падыходу. Пакуль толькі асобныя краіны спынілі выдачу візаў расейцам, але шэнгенскія візы працуюць так, што калі краіна А не выдае візы расейцам, а краіна В выдае, то краіна А абавязаная ўпусціць чалавека з візай ад краіны В.

Найбольшыя прыхільнікі забароны выдаваць візы расейцам – краіны, якія мяжуюць з Расеяй. Напрыклад, міністр замежных справаў Літвы Габрыелюс Ландсбергіс заявіў, што краіны Еўразвязу павінны адзінагалосна ануляваць раней выдадзеныя расейцам і беларусам шэнгенскія візы і забараніць выдачу новых. Эстонія спыніла выдачу беларусам часовых відаў на жыхарства (за выключэннем асаблівых выпадкаў) і турыстычных візаў. Сейм Латвіі заклікаў краіны Еўразвязу неадкладна прыпыніць дзеянне турыстычных візаў і абмежаваць выдачу ўязных дакументаў для грамадзянаў Беларусі і Расеі. У Грузіі прапаноўваюць увесці візавы рэжым з Беларуссю. Таксама перастала выдаваць візы беларусам Чэхія (але яна працягне прымаць уцекачоў з Беларусі).

Інфаграфіка
Візавае пытанне. Як свет адкрыўся для Украіны і закрываецца для Беларусі і Расеі
2022.08.15 21:23

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў