Беларускі футбаліст падпісаў кантракт з клубам з акупаванага Крыму. Дапамог брат, які супраць вайны


Міраслаў Хлебасолаў, 23-гадовы беларускі футбаліст, падаваў вялікія надзеі: скончыў школу ў Беларусі, паехаў гуляць у іспанскі «Levante». Але праз год вярнуўся ў Беларусь, дзе так і не здолеў загуляць. У выніку Хлебасолаў-малодшы падпісаў кантракт з «Океаном» з акупаванага Крыму, дапамог яму гэта зрабіць родны брат, які выказаўся супраць вайны в Украіне.

Міраслаў Хлебасолаў у форме «Океана», фота: cfu2015.com

Хто такія Хлебасолавы

У 1996 годзе Андрэй Хлебасолаў забіў у чэмпіянаце Беларусі 34 галы. Гэты рэкорд дасюль не пабіты, нападнік двойчы выйграваў Кубак Беларусі і некалькі разоў медалі чэмпіянату, згуляў шэсць гульняў за зборную Беларусі. І доўгія гады ўваходзіць у трэнерскі штаб «Баранавічаў» з другога беларускага дывізіёну.

У Андрэя Хлебасолава два сыны, і абодва пастанавілі зрабіцца футбалістамі, але карʼеру ніводнага з іх нельга назваць паспяховаю, хоць абодвум выдалі шмат авансаў.

Андрэй Хлебасолаў (у цэнтры) у складзе «Белшыны». 1999 год.
Фота: fcbelshina.by

Старэйшы, Дзмітрый Хлебасолаў, прафесійнаму футболу аддаў 15 гадоў: гуляў за мноства клубаў Беларусі, беспаспяхова спрабаваў сябе за мяжой: маскоўскі «Спартак», дрэздэнскі клуб «Dinamo», польская «Wisła» з Пулаваў, а таксама некалькі тыдняў выступаў у «Victoria United» на Мальдывах. Таксама Хлебасолаў у свой час правёў сем матчаў за моладзевую зборную Беларусі, дзе вызначыўся чатырма галамі. Апошнім (як і першым) клубам у карʼеры берасцейца былі «Баранавічы», якія трэнуе бацька. Найлепшым сезонам у карʼеры Дзмітрыя можна лічыць 2014 год: тады ён згуляў 30 матчаў у элітным беларускім дывізіёне за «Белшыну» і забіў 10 мячоў. У выніку форвард правёў 98 матчаў у элітным дывізіёне і забіў 19 мячоў.

У 30 гадоў Дзмітрый завяршыў карʼеру футбаліста і стаў працаваць футбольным агентам. Ягоная дзейнасць шчыльна звязаная з менскім «Энергетыкам-БДУ» з якога гульцы ўжо зʼязджалі на акупаваную паўвыспу. А Дзмітрый дапамагаў некаторым гульцам з менскага клубу знаходзіць новыя.

«Энергетык» быў апошнім клубам ягонага брата Міраслава Хлебасолава, пакуль той не пераехаў у Керч.

«У Міраслава магла быць выдатная карʼера, але ўсе свае шанцы гулец упускаў, у выніку апошнія гады ездзіў па камандах з беларускай глыбінкі. Ён хацеў гуляць, але ў ягоным веку трэба або заканчваць, або шукаць любыя варыянты, Крым якраз стаўся такім варыянтам. У мяне няма сумневаў, што да гэтага трансферу руку прыклаў ягоны брат, але афішаваць гэтага ён дакладна не стане, і вы разумееце чаму», – сказала на ўмовах ананімнасці асоба, якая працуе ў беларускім футболе.

2 сакавіка ў Instagram Дзмітрый Хлебасолаў асудзіў вайну ва Украіне і пераслед футбалістаў з палітычных прычынаў.

Дзмітрый Хлебасолаў асудзіў вайну ва Украіне. Скрыншот: dimahleb / Instagram

Беларускі спартовы журналіст: Пажадаю Міраславу арандаваць жытло ў Керчы далей ад стратэгічных абʼектаў і вайсковых складоў

Наш суразмоўца – журналіст, які даўно піша пра футбол і пакуль застаецца ў Беларусі, таму пагадзіўся размаўляць з «Белсатам» на ўмовах ананімнасці.

«Хлебасолаў едзе гуляць у Крым не ад добрага жыцця, – тлумачыць ён. – Карʼера не складваецца, дасюль нідзе надоўга не затрымліваўся, хаця некалі лічыўся перспектыўным і спрабаваў зачапіцца за іспанскі «Levante». Цяпер крызіс, трэба недзе гуляць, то ў такой сітуацыі і Крым – варыянт.

Па-другое, юрыдычнымі наступствамі выступ на анексаваным паўвостраве гульцам не пагражае. Прынамсі, так было да 2022 года, і вядомыя выпадкі, калі футбалісты вярталіся з Крыму ў зону UEFA і працягвалі карʼеру. Не было чуваць, каб пасля пачатку вайны правілы тут змяніліся. Адно што пасля крымскага досведу спартоўцу гарантавана закрыты шлях ва Украіну».

Міраслаў Хлебасолаў у складзе ФК «Баранавічы».
Фота: energetikbgu.by

Суразмоўца адзначае: паехаўшы выступаць у Крым, Хлебасолаў-малодшы моцна бʼе не толькі па сваім іміджы, але рызыкуе ўласным жыццём:

«Пасля 24 лютага працаўладкаванне ў Крыме спалучана з іміджавымі выдаткамі. І пасля гэтага перайсці ў еўрапейскі клуб можа быць складана. Гуляў у Крыме? Падтрымліваў расейскую агрэсію? Не, лепш мы возьмем каго іншага. Нам не трэба негатыўны розгалас у прэсе і сярод заўзятараў. Крымскі футбол – дакладна не месца сілы. Як падаецца, ён зусім слабы, напалову аматарскі. Там ні еўракубкаў, ні іншага міжнароднага досведу. Вядома, хлопец гэта выдатна разумее: як разумее і тое, што ўласна Еўропа яму ў прынцыпе не ўсміхаецца. Але едучы ў Крым, трэба мець на ўвазе рызыкі асабістага кшталту. Калі ЗСУ пяройдуць у стратэгічны контрнаступ, то прылёты ў раён Керчанскага маста могуць пачасціцца. Таму я б пажадаў Міраславу арандаваць жытло ў Керчы далей ад стратэгічных абʼектаў і вайсковых складоў».

Аналітыка
У Крыме бабахае. Ці праўда, што адтуль масава з’язджаюць расейцы?
2022.08.25 15:06

Што такое чэмпіянат пад акупацыяй

З 2014 года футбол у Крыме з прафесійнага ператварыўся на аматарскі. На паўвостраве былі два прафесійныя клубы: сімферопальская «Таўрыя» (дарэчы, першы чэмпіён незалежнай Украіны) і «Севастопаль». Але пасля анексіі Крыму найлепшыя гульцы з Украіны і замежнікі пакінулі гэтыя каманды, Крым ператварыўся ў шэрую зону, а чэмпіянат – у першынство калектываў фізкультуры. Крымскія каманды не маглі выступаць ні ва Украіне, ні ў Расеі.

Чэмпіянат Прэм’ер-лігі Крымскага футбольнага саюзу: гуляюць «Акеан» і «Севастопаль». У гэтым матчы «Севастопаль» перамог 5:0. Керч, Украіна. 4 чэрвеня 2022 года.
Фота: ФК «Квпатория» / VK

Сёння ў чэмпіянаце Крыму гуляюць восем камандаў. 27 жніўня Міраслаў Хлебасолаў ужо дэбютаваў за «Океан» з Керчы, які ў першым туры чэмпіянату Крыму згуляў 0:0 са «Спартаю» з Маладзёжнага.

Да гэтага беларускія футбалісты ўжо гулялі ў Крыме пасля акупацыі. У 2019 годзе Дзмітрый Харнаўцоў і Ілля Рашчэня перайшлі ў «Інкомспорт» з Ялты, які трэнаваў беларус Юрый Свіркоў. Футбалісты вярнуліся дадому праз два месяцы. А летась беларускі трэнер Вячаслаў Ляўчук трэнаваў «Рубін» з Ялты. Ніхто з гэтых асобаў пасля працы на акупаванай тэрыторыі не змог пахваліцца паспяховаю карʼераю.

Hавiны
Футбаліст з Беларусі будзе выступаць у Андоры. Пару гадоў таму такое немагчыма было ўявіць
2022.08.26 21:44

АЛ belsat.eu

Стужка навінаў