«З бутэлькі можна мыцца, грэцца ў холад, сушыць вопратку». Ала Шарко распавяла пра свой побыт у СІЗА


На сваёй старонцы ў Фэйсбуку праграмная дырэктарка «Прэс-клубу» Ала Шарко напісала, у чым ёй пашанцавала, пакуль яна была за кратамі. Ала правяла ў СІЗА восем месяцаў. Яе затрымалі 22 снежня 2020 году і вызвалілі 19 жніўня бягучага году.

«Мне пашанцавала. Гэта адна з частых фраз, якія я чула з першага дня ў камеры. Адразу не верыла – ну што значыць «пашанцавала»? А пашанцавала, што трапіла ў абжытую камеру.

Пашанцавала, што ў дзеўчын была лішняя пластыкавая бутэлька для мяне (узімку, калі ліміт закупкі вады і грошы не адразу паступаюць на рахунак, гэта праўда ўдача, бо з бутэлькі можна мыцца, ёй грэцца ў холад, ёй сушаць вопратку). Пашанцавала, што мой Мікола хутка перадаў патрэбнае, адразу ўсё і тое, што трэба (так бывае не заўсёды, бо родныя таксама ў стрэсе і без досведу). І я заўсёды адчувала, што ён са мной праз усе перадачы.

Пашанцавала, што калі праз пару дзён выпала пломба, мяне адносна хутка прыняў стаматолаг і паставіў часовую, а яна, дарэчы, пратрымалася да канца.

Пашанцавала ж: столькі сяброў, столькі знаёмых, незнаёмых думалі і пісалі мне. І цяпер кватэра ў кветках…

Больш за ўсё мне пашанцавала з дзеўчынамі, што былі са мной ад самага пачатку – Кацярына Барысевіч і Вольга Філатчанкава. Першы час, калі ты ў шоку, самыя простыя відавочныя словы маюць вялізнае значэнне. І табе трэба чуць, што ўсё гэта скончыцца, усё будзе добра. Важна, што табе прыносяць кубак гарбаты і абдымаюць, калі не вельмі…

А танцы! Воля, цудоўная Воля, з жалезнымі нервамі і характарам вучыла нас усіх. Я з ёй засвоіла 43 танца розных народаў. А ўзімку, у мінус 25 танцавалі абсалютна ўсе, без падзелу на «палітычных» і не. Ад «Базару» да «Кляйзмера» і ірландскай джыгі. Потым ужо, у спёку, у плюс 30 мы з ёй танчылі ўдзвюх.

Песні. Падборкі былі вар’яцкія: «Дамоў», «Дэмабілізацыя» (па-мойму, гэта падабалася тым, хто па той бок дзвярэй), «Нас осталось только два», «Я свободен», а яшчэ народныя «Штой по мору». Ну і класіку «на Тихорецкую состав отправится» ці «вдруг как в сказке скрипнула дверь». Такі ансамбль «Валадарачка».

Мы часта смяяліся. Часам магло падацца з боку, што нагоды няма. Але яна была. І нашыя жарты часам былі зразумелыя толькі нам, такі «сямейны» кантэкстуальны гумар, калі адзін погляд і рожыца, і ўсё – выбух смеху.

Я вельмі чакаю Волю, і Кацю Андрэеву, і Аксану Пашкевіч, і Дашу Данілаву, і Надзю Калач. Чакаю ўсіх, хто не на волі.

Мне вельмі пашанцавала на сустрэчы. Гэта праўда».

ГГ, belsat.eu

 

Стужка навінаў