«Цэлы баявік знялі!» Паэтка Юлія Цімафеева – пра зняволенага брата, музыку «Irdorath»


«Гэта проста выбіла ў нас зямлю з-пад ног…» – згадвае эмоцыі ў дзень затрымання свайго брата Пятра Марчанкі вядомая беларуская паэтка Юлія Цімафеева. Гэта было 2 жніўня. ГУБАЗіК і Спецыяльны атрад хуткага рэагавання зладзілі на лецішчы каля Менску пякельны хапун: балаклавы, аўтаматы, дроны ў небе, дзікія хрыпы «Тварам на зямлю!». Спецаперацыя скончылася затрыманнем 16 асобаў, якія святкавалі народзіны вакалісткі фолк-гурта «Irdorath» Надзеі Калач.

Афіцыйныя тлумачэнні: «Група дудароў летась неаднойчы ўзначальвала калону пратэстоўцаў і праз выкарыстанне духавых інструментаў уцягвала ў несанкцыянаванае масавае мерапрыемства мінакоў…»

«З дронам нават! Цэлы баявік быў зняты! Напэўна, нехта там у органах мае нерэалізаваныя амбіцыі кінарэжысёра», – кажа сястра затрыманага Пятра Марчанкі.

Юлія Цімафеева з братам Пятром Марчанкам. 2016 год. Фота з архіву Юліі Цімафеевай

Брата Юліі Цімафеевай, былога ўдзельніка гурта «Irdorath», разам з іншымі музыкамі кінулі спачатку за краты на Акрэсціна. Пазней стала вядома, што шасцёра з іх затрыманыя ў межах крымінальнай справы паводле артыкулу 342 КК («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх»).

Музыкаў Пятра Марчанку і ягоную жонку Юлію Марчанку (Юніцкую), а таксама Уладзіміра і Надзею Калачоў, Антона Шніпа ўтрымліваюць у Следчым ізалятары на вуліцы Валадарскага (СІЗА № 1). Дзмітрый Шыманскі, найверагодней, знаходзіцца ў ІЧУ на Акрэсціна. 10 жніўня музыкаў прызналі палітычнага вязнямі.

Гісторыі
Маці журналіста Дзяніса Івашына: Я буду змагацца за свайго сына да канца
2021.07.12 08:00

Ліст са смайлікамі. «Настрой баявы, усё цудоўна…»

Праз тры тыдні па затрыманні бацькам Пятра Марчанкі прыйшоў ад яго першы ліст з-за кратаў.

«Ліст ад 22 жніўня. Пятро пазначыў, што гэта ягоны трэці ліст, але фактычна – першы, які дабраўся да нас. Піша, што настрой у яго баявы, надвор’е добрае і ўсё цудоўна. Таксама пра тое, што перадачу атрымаў, мае працяглыя – больш за гадзіну – шпацыры на свежым паветры. Піша, што прачытаў кнігу па-англійску, яшчэ штосьці пра спецназ і праваслаўны манастыр. У камеру прыходзяць нейкія газеты, але ён прасіў выпісаць яшчэ. То бок ліст бадзёры, з мноствам смайлікаў, хоць і кажуць, што яны ў перапісцы забароненыя», – расказвае Юлія Цімафеева.

«Мой брат – чалавек жыццярадасны. Я не магу ўспомніць, каб ён на нас калі злаваўся або быў чымсьці моцна засмучаны. Ён умее знаходзіць кантакт з многімі людзьмі. Мае талент усё, што яму ні сустракаецца, успрымаць пазітыўна і з аптымізмам. То бок у прынцыпе гэты ліст цалкам адпавядае ягонаму характару», – дадае сясятра палітычнага вязня.

Юлія Цімафеева, Пятро Марчанка, Юлія Марчанка. 2015 год. Фота з архіву Юліі Цімафеевай

Дзень народзінаў за кратамі

16 жніўня Пятру споўнілася 29 гадоў. Юлія кажа, што у сваім лісце брат не згадвае, як адзначыў народзіны. Піша пра адну толькі «паштоўку ад гістфакаўцаў».

«Але ведаю, што шмат людзей дасылалі яму тэлеграмы і паштоўкі. І мы адсюль з маім мужам Альгердам Бахарэвічам, пісьменнікам (Юлія Цімафеева і Альгерд Бахарэвіч цяпер у Аўстрыі. – заўв. «Белсату»), дасылалі яму паштоўкі і лісты, але, наколькі я разумею, пакуль нічога да яго не дабралася. Натуральна, не дабраліся і віншаванні ад знакамітага нямецкага фолк-гурта «Corvus Corax», які зладзіў акцыю – канцэрт на падтрыманне гурта «Irdorath»у Берліне і згадаў Пятра. Вельмі шмат людзей павіншавалі яго са святам», – распавядае Юлія.

Артыкулы
5,5 года за жменю зямлі, кінутую ў міліцыянтаў. Размова з маці палітвязня Алега Рубца
2021.05.19 08:36

Марыў быць астраномам, але атрымаў у спадчыну гітару

Юля і Пятро нарадзіліся ў невялікай вёсцы ў Жлобінскім раёне, дзе дасюль жывуць іхныя бацькі, адтуль даводзіцца цяпер вазіць перадачы на Валадарку. Клопаты пра малодшанькага Пецю – як яго называлі ў дзяцінстве – узялі на сябе дзве старэйшыя сястры.

Юлія старэйшая за брата на 10 гадоў, другая сястра – на 8. У дзяцінстве брат марыў стаць астраномам і вельмі рана навучыўся чытаць.

«Я не скажу, што ён быў гэткаю нашаю цацкай, але нам вельмі хацелася, каб ён хутчэй вырас. Дык мы вучылі яго чытаць, калі яму было ўсяго два гады. А Пеця быў вельмі разумным хлопчыкам! Памятаю, ужо добра чытаў у 6 гадоў, яшчэ да школы. І мы падарылі яму вялізную энцыклапедыю, якая называлася «Астраномія». Ён хацеў стаць астраномам, калі вырасце. Але так сталася, што зрабіўся музыкам…» – працягвае аповед Юлія.

Паэтка згадвае, што ў 14 гадоў набыла сабе гітару. Але з музыкаю не склалася, падчас навучання ва ўніверсітэце інструмент пакінула ўдома. Яе спадкаемцам стаўся Пятро.

«І ён пачаў сам асвойваць гітару. У вёсцы ж, натуральна, не было ніякай музычнай школы, нічога такога – ён сам сябе зрабіў музыкам. Сваёй настойлівасцю, мэтанакіраванасцю, працавітасцю і талентам, бо, вядома, без гэтага нічога б не атрымалася. Гэтая старая барысаўская гітара, якую ў выніку Пеця дзесьці разбіў, прывяла яго ў музыку», – зазначае Юлія.

Пятро Марчанка і Юлія Марчанка. Літаральна за два месяцы да затрымання Пятро пабраўся са сваёй дзяўчынай Юліяй. Чэрвень, 2021. Фота з асабістага архіву герояў

Мусіў слухаць блэк-мэтал

Студэнткаю Юлія слухала досыць цяжкую музыку – дэт-мэтал, блэк-мэтал. Любіла, напрыклад, цяжкі фінскі гурт «Finntroll». Вядома, Пятро ў свае 8–10 гадоў таксама быў вымушаны слухаць гурты, што падабаліся старэйшай сястры. На іронію лёсу, ужо праз шмат гадоў Пятро Марчанка зайграў з «Finntroll» на адной сцэне, калі гурт «Irdorath» выступаў з канцэртам недзе ў Заходняй Еўропе.

«Пеця вельмі таленавіты, вельмі мэтанакіраваны і вельмі жыццярадасны. Мой супербрат!» – заўважае Юлія Цімафеева.

Пасля школы Пятро скончыў у Гомлі гістарычны клас у абласным ліцэі, а потым – гістфак БДУ. Але паводле спецыяльнасці не працаваў: яго ўвесь час цікавіла музыка. Затое паспрабаваў сябе ў якасці журналіста – нейкі час працаваў у газеце Менскага трактарнага заводу. А далей – толькі музыка…

Артыкулы
«Мама, мяне адвялі ў лазню, пастрыглі, выдалі робу. Цяпер я падобны да сапраўднага беларуса»
2021.05.22 10:00

Дзяўчына, якая глытае агонь

Сястра палітычнага вязня расказвае, што літаральна за два месяцы да затрымання Пятро Марчанка пабраўся са сваёй дзяўчынай Юліяй – яе таксама 2 жніўня кінулі за краты.

«Пятро і Юлія ўжо шмат гадоў разам. На жаль, цяпер яны разлучаныя… Яны моцна кахаюць адно аднога, а таму гэта вельмі балюча для нас усіх», – гаворыць Юлія Цімафеева.

Юлія Марчанка. Сакавік, 2021. Фота з асабістага архіву герояў

Жонка Пятра – Юлія – таксама творца, скончыла Акадэмію музыкі, вывучала харавое дырыжаванне. Яна таксама жыве музыкаю, кажа сястра Пятра Марчанкі:

«Але ў Юліі гэта не адзінае захапленне. Яна грала ў вулічным тэатры, хадзіла на хадулях, займалася фаер-шоу – фактычна глытала агонь. То бок Юля хоць і выглядае тоненькай і кволай, але насамрэч гэта вельмі моцная жанчына, якая не баіцца цяжкасцяў, не баіцца ні агню, ні вышыні, ні, я думаю, турмы».

У Пятра і Юлі ўдома засталіся два пацукі і два каты. Яны заўжды клапацілася пра жывёлінаў, бралі на ператрыманне катоў і сабакаў.

«Гэта светлыя людзі з добрым сэрцам», – кажа Юлія Цімафеева.

Артыкулы
«Калі здамся я, усё рухне як картачны дамок». 22-гадовая Луіза стала апірышчам для двух братоў-палітвязняў
2021.06.12 08:43

Калі можам прабрацца туды хоць лістом – мусім гэта рабіць

«Безумоўна, я вельмі засмучаная. Вельмі перажываю за брата, за ягоную жонку, за ўсіх музыкаў, якія цяпер за кратамі фактычна за тое, што гралі музыку, то бок рабілі тое, што мусяць рабіць: гэта іхная прафесія. Але адначасова я вельмі ўдзячная музыкам, у тым ліку замежным, за тую хвалю падтрымкі, што ўзнялася, за салідарнасць з калегамі. Яны запісваюць музычныя відэа, згадваюць зняволеных музыкаў на фестывалях, арганізуюць канцэрты. Таксама Беларускі фонд культурнай салідарнасці ладзіць сваю кампанію падтрымкі (палітычных вязняў можна падтрымаць фінансава. – заўв. «Белсату»)», – кажа сястра Пятра Марчанкі.

Юлія Цімафеева шчыра ўдзячная ўсім, хто піша вязням лісты, і заахвочвае рабіць гэта надалей:

«Спачатку – фрустрацыя і шок, але ж мы ведаем, на жаль, дзе жывем. І таму цяпер трэба дзеяць у тых умовах, якія маем. Трэба рабіць тое, што можам: пісаць лісты. Вельмі шмат з тых, хто выходзіць на волю, прыкладам, журналісты і працаўнікі Прэс-клубу, расказваюць пра дасланыя ім лісты, паказваюць іх як нейкія вельмі важныя трафеі, якія яны прыносяць з таго свету.

Я думаю, нам нельга апускаць рук, нельга думаць, як нам кепска, а трэба падтрымліваць тых, каму яшчэ горш, хто ў няволі, практычна ў бяспраўным становішчы закладнікаў. Калі можам прабрацца туды хоць нейкім лістом – мы мусім гэта рабіць».

Вялікім падтрыманнем для гурта «Irdorath» будзе таксама, калі беларусы будуць проста дзяліцца спасылкамі на кліпы музыкаў, інфармацыяй пра гурт, ствараць свае творы і прысвячаць іх творцам у няволі.

Адрас для лістоў:

СІЗА № 1, 220030, вул. Валадарскага, 2, Менск

Пятру Пятровічу Марчанку, Юліі Анатольеўне Марчанцы, Уладзіміру Аляксандравічу Калачу (31 жніўня ў яго дзень народзінаў), Надзеі Робертаўне Калач, Антону Валер’евічу Шніпу.

Ізалятар часовага ўтрымання ГУУС Менгарвыканкаму. 220089, г. Менск, зав. 1-й Акрэсціна, 36а

Дзмітрыю Андрэевічу Шыманскаму.

Артыкулы
«Я не магу прасіць аб памілаванні, бо сын ні ў чым не вінаваты». Як бацькі Анджэя Пачобута чакаюць яго на волі
2021.06.23 20:05

ЗК belsat.eu

Стужка навінаў