«Людзі чакаюць часу, калі зноў пра сябе заявяць». Фатограф з плошчы Пераменаў – пра культавае месца і што там цяпер


Крыху больш за год таму, у жніўні 2020-га, у адным з менскіх двароў з’явілася культавае месца – плошча Пераменаў. За час існавання гэты куток спазнаў розныя эмоцыі: ад радасці знаёмстваў і еднасці да жаху праз смерць Рамана Бандарэнкі і брутальнага разгону тых, хто хацеў ушанаваць ягоную памяць.

Вядомы фатограф Яўген Атцецкі – жыхар плошчы Пераменаў – распавёў «Белсату», з чаго пачыналася плошча, як жыла і чым жыве цяпер.

Як паўставала плошча Пераменаў

Яўген Атцецкі працуе над кнігай, у якой галасамі трынаццаці герояў, жыхароў плошчы Пераменаў, апісваюцца падзеі там цягам самага яскравага перыяду існавання.

Людзі збіраюцца на плошчы Пераменаў пасля паведамлення аб смерці Рамана Бандарэнкі. 12 лістапада 2020 года. Менск, Беларусь.
Фота: Белсат

Мянчук просіць удакладніць, што жыхары двара Пераменаў – гэта не толькі насельнікі трох дамоў там, гэта наагул жыхары кварталу і людзі, неабыякавыя да гэтага месца.

Першы мурал, паводле Яўгена, нанеслі 18 жніўня:

– Былі хлопцы, якія захацелі зрабіць мурал, прысвечаны падзеям у Кіеўскім скверы 6 жніўня, калі два маладзёны паднялі рукі – са знакам вікторыі і кулаком. Мурал з іхнаю выяваю павінен быў з’явіцца каля кінатэатру «Кіеў» – беспасярэдне каля месца, дзе і адбылася гэтая падзея. Хлопцы зрабілі вектарную выяву, пайшлі зранку ў Кіеўскі сквер, пачалі наносіць мурал, але праязджаў міліцэйскі патруль, і тыя вымушаныя былі ўцячы. І апынуліся, умоўна кажучы, у сваім двары. Хлопцы падумалі: маўляў, раз такая справа – нанясем тут. Іншымі словамі, гэта проста выпадковасць, што гэты мурал – у гэтым месцы. Выпадковасць, якая прывяла да таго, што вакол гэтага месца пачаўся такі сканцэнтраваны рух.

Пазней каля выявы дыджэяў з’явілася і таблічка «плошча Пераменаў». Так пачала распаўсюджвацца назва.

Змаганне за Плошчу: як знішчалі і аднаўлялі мурал з дыджэямі пераменаў

Яўген мае даволі падрабязную статыстыку знішчэння і аднаўлення муралу: паводле ягоных падлікаў, выяву дыджэяў перамен атакавалі з 18 жніўня да 15 лістапада больш за 20 разоў.

Яўген Атцецкі. Кіеў, Украіна. 27 жніўня 2021 года.
Фота: Белсат

– Бывалі выпадкі, калі мурал зафарбоўвалі некалькі разоў за дзень, – згадвае фатограф. – Напрыклад, 9 верасня зранку яго залілі бітумам. Мясцовыя жыхары былі страшна абураныя, бо гэта дзіцячая пляцоўка, а бітум смярдзіць і вогненебяспечны. Людзі спрабавалі гэта развязаць нейкімі афіцыйнымі шляхамі: тэлефанавалі ў санстанцыю, міліцыю. Але гэтае пытанне такім чынам не вырашалася, бо не было арганізацыі, якая б прыйшла і выправіла абсалютна ненармальнае з’яўленне на дзіцячай пляцоўцы гаручага рэчыва. Удзень жыхарам плошчы ўдалося самастойна адмыць мурал ад бітуму. Але каля 21:00 прыехала вялізная група АМАПу, міліцыі – аўтазак, аўтобус, два бусікі, міліцэйская машына… Вельмі шмат людзей у форме. Яны зафарбавалі мурал зноў і ахоўвалі яго, пакуль сцяна не высахла.

Дамавыя чаты і ўзнікненне супольнасці

Яўген кажа, што жыхары ў сваёй большасці вельмі цёпла ставіліся да з’яўлення муралу, працягвалі там бавіцца з дзецьмі, пляцоўка выконвала сваю функцыю. Сценапіс збіраў шмат людзей, з’яўлялася розная актыўнасць: канцэрты, выступы, кірмашы, сустрэчы. Народ пазнаёміўся міжсобку.

– Некаторыя сацыяльныя сувязі ў людзей ужо былі ў гэтых дамах, бо існавалі дамавыя чаты, якія да падзеяў былі прысвечаныя побытавай камунікацыі: развязаць нейкае пытанне ў пад’ездзе, пазычыць інструменты або соль, – зазначае Яўген.

– Напрыклад, калі ў пачатку 2020 года была незразумелая сітуацыя з ковідам і дзяржава ўключыла рэжым ігнаравання праблемы, Сцяпан Латыпаў выклікаўся бясплатна апрацоўваць пад’езды і ліфты ад ковіду.

Піку актыўнасці плошча Пераменаў дасягнула праз падзеі жніўня 2020 года – празмерную жорсткасць і фальсіфікацыі на выбарах.

Сцяпан Латыпаў на мурале на плошчы Пераменаў.
Фота: чытачы / Белсат

– Гэта ўсё разам прывяло да таго, што 12 жніўня я выглянуў у вакно і пабачыў процьму ліхтарыкаў. Людзі крычалі, свяцілі, і ты разумеў, што тут напружанне вялізнае. Бо немагчыма ўсіх збіць, каб усе замаўчалі. Людзі пасля гэтага пачалі выходзіць на вуліцу, каб падтрымаць тых, хто быў у вокнах. Потым пайшла камунікацыя, і літаральна за некалькі тыдняў працэс перарос у такое вось грамадскае аб’яднанне жыхароў двара.

Людзі пачалі актыўна знаёміцца: прыносілі ў двор гарбату і ласункі, камунікавалі, арганізоўвалі імпрэзы ды аб’ядноўваліся.

– Пайшоў працэс, зваротны атамізацыі, якая звычайна адбываецца ў вялікіх гарадах. Раптам людзі пабачылі, што іхныя суседзі дужа цікавыя і з пазіцыяй. Прычым гэта людзі розных узростаў, прафесіяў, сацыяльных групаў. Гэта было неймаверна: знаёмства, агульныя забавы – спевы, танцы, івэнты, палітычны актывізм… Вешалі сцяг паміж дамамі, здымалі на дрон БЧБ-сэрца, якое пульсавала. Стала зразумела, што людзі, якія ніколі раней не бралі ўдзелу ў такой актыўнасці, могуць рабіць такія неймаверныя рэчы. На адным з кірмашоў у канцы верасня Рома Бандарэнка вучыў дзяцей маляваць. Я, на вялікі жаль, там не быў і не магу падзяліцца асабістым досведам ды распавесці, што там было. Але людзі цёпла адгукаліся і казалі, што дзеці былі ў захапленні ад Ромы.

Разгон

Як прыгадвае Яўген, дзве самыя страшныя падзеі на плошчы Пераменаў – гэта выкраданне і забойства Рамана Бандарэнкі ды брутальны разгон у лістападзе 2020-га.

– Адразу трэба агаварыцца: у дзень самага жорсткага разгону плошчы мяне там не было. Я пайшоў на Пушкінскую, і, калі рухаўся ў бок плошчы Пераменаў, мяне арыштавалі на вуліцы Чыгладзэ ды адвезлі, на іронію лёсу, у Цэнтральны РАУС. Ён менш як за квартал ад плошчы, і першыя выбухі я пачуў праз вакно Цэнтральнага РАУСу. І ўвесь мой досвед – гэта тое, як прывозілі пабітымі людзей з плошчы Пераменаў. Там нас было з маршу на Пушкінскай чалавек 150, потым пачалі дадавацца людзі, якіх прыводзілі з плошчы Пераменаў. Я вельмі шкадую, што не мог там быць, бо як фатограф павінен быў зафіксаваць гэты момант. Але мой грамадзянскі абавязак – удзел у пратэсце – падаваўся ў той момант больш значным, таму я пайшоў на марш, на які ў выніку не дайшоў. Але мая жонка вымушаная была эвакуявацца разам з хатнімі гадаванцамі, бо ў нас выбухалі гранаты наўпрост пад вакном, і не было ясна, чым гэта скончыцца. Паводле відавочцаў, гэта было страшна, асабліва апошняя частка, калі плошчу ўжо зачысцілі і пачалі хадзіць па кватэрах ды паляваць на людзей, калі ліхтарамі свяцілі ў вокны ў пошуках журналістаў.

Hавiны
«Як габрэі ў 1943-м». Закладнікі плошчы Пераменаў пра аблогу двара, дзе жыў Раман Бандарэнка
2020.11.17 20:38

Жыццё пасля: што з плошчаю Пераменаў цяпер

Паводле Яўгена, ціск апошняга года моцна адбіўся на мясцовых жыхарах, людзі па-рознаму перажывалі тое, што адбывалася: некага накрыла дэпрэсія, нехта расчараваўся, але ў той жа час дастаткова вялікая колькасць людзей захоўвае сваю пазіцыю і пазітыўна настроеная на перамены.

– Калі вярнуцца ў пачатак, то ўсе людзі паміж сабою пазнаёміліся, цяпер яны адно аднаго бачаць і пазнаюць, калі выходзяць у двор. І гэтая вялізная сетка існуе ды будзе існаваць. Я думаю, што людзі, якія былі супраць мінулым летам і ўвосень, – і засталіся супраць, проста цяпер дастаткова страшна ды вельмі небяспечна выражацца публічна. Рызыка ад звычайнага вулічнага акту несувымерная тэрміну, які можа быць, або іншым фізічным наступствам. Таму, я думаю, людзі пакуль чакаюць часу, калі зноў пра сябе заявяць, бо існуе пачуццё самазахавання. Ну і варта адзначыць, што шэраг людзей ужо з’ехаў, такі працэс таксама прысутнічае.

Яўген Атцецкі. Кіеў, Украіна. 27 жніўня 2021 года.
Фота: Белсат

Яўген таксама вымушаны быў выехаць праз ціск на сябе ды блізкіх. Ён не думаў, што давядзецца з’язджаць з роднага гораду, якому заўжды хацеў быць карысным:

– Я заўжды глядзеў на ўсё з пазіцыі, што хачу жыць у Менску, бо гэта маё роднае месца, я яго люблю і хачу быць яму патрэбным. Наагул, калі казаць пра нейкія мае прафесійныя напрамкі, усё было скіравана на Менск. Я шмат гадоў у гэта ўкладваўся і лічыў вельмі важным. І для мяне вялікая бяда, што я вымушаны пакідаць там усё, што я зрабіў, і пераязджаць у іншае месца, пачынаць усё з нуля. Тым больш не ў родным месцы. Прайшло толькі некалькі тыдняў, таму я не спазнаў эміграцыі, я думаю, гэты працэс будзе доўгі, балючы і няпросты.

Ганна Вашчанка, belsat.eu

Стужка навінаў