Беларусы выходзяць на пратэст у Грузіі і патрабуюць скасаваць дамову паміж спецслужбамі дзвюх краін


Беларусы Батумі ў суботу 28 жніўня прыйшлі да будынку Службы дзяржаўнай бяспекі Грузіі, і пратэставалі супраць дамовы паміж беларускімі і грузінскімі спецслужбамі. Падтрымалі беларусаў і палітыкі Грузіі.

Акцыя ў Батумі супраць пагаднення паміж КДБ Беларусі і СДБ Грузіі.
Фота: Белсат

Сотні беларусаў былі вымушаныя бегчы ад пераследу рэжыму Лукашэнкі ў Батумі, Тбілісі і іншыя грузінская гарады. Пасля дамовы, якая набыла моц 13 жніўня паміж КДБ Беларусі і СДБ Грузіі, беларускія эмігранты баяцца за сваю бяспеку. Нашыя землякі будуць пратэставаць, пакуль дамова не будзе разарваная.

Hавiны
Грузія падпісала дамову з КДБ Беларусі. Ці пагражае гэта беларусам у Грузіі?
2021.08.13 14:34

Беларусаў падтрымліваюць апазіцыйныя палітыкі Грузіі, якія кажуць, што супраца з КДБ Лукашэнкі – ганьба для Грузіі.

– Беларусы, якія знаходзяцца тут, мітынгуюць, бо не пачулі адказ грузінскага ўраду з нагоды бяспечнага знаходжання тут, мы разам з Беларуссю пратэстуем супраць пагаднення паміж КДБ і СДБ, – кажа прадстаўнік партыі «Лело» Гено Тэбідзе.

Акцыя ў Батумі супраць пагаднення паміж КДБ Беларусі і СДБ Грузіі.
Фота: Белсат

Камітэт дзяржаўнай бяспекі Беларусі і Служба дзяржаўнай бяспекі Грузіі падпісалі дамову аб супрацы яшчэ пяць гадоў таму, але моц яна набыла 13 жніўня бягучага году.

У межах дамовы бакі плануюць абменьвацца інфармацыяй у сферы дзяржаўнай бяспекі, аператыўна ўзаемадзейнічаць дзеля раскрыцця злачынстваў, у прыватнасці, злачынстваў супраць канстытуцыйнага ладу. Выпадкаў выдачы грамадзянаў Беларусі Грузіяй яшчэ не было, але вядомы кейс журналіста Афгана Мухтарлы, якога выкралі з Грузіі і павезлі ў Азербайджан. Афіцыйна Грузія не перадавала журналіста ў Азербайджан, але фактычна яго выкралі, гэта выклікала вялікі скандал. Паўтарэння гэтай сітуацыі і баяцца беларусы.

Акцыя ў Батумі супраць пагаднення паміж КДБ Беларусі і СДБ Грузіі.
Фота: Белсат

– Беларусы ўцяклі або пераехалі ў Грузію не для таго, каб беларускі КДБ працягваў сачыць за імі тут у Грузіі, толькі цяпер вачыма і рукамі грузінскіх спецслужбаў. Людзі абураныя і патрабуюць ад грузінскіх уладаў спыніць дзеянне гэтага пагаднення. Асабіста я лічу, што грузінскі ўрад пакуль не ўсведамляе ў поўнай меры наступствы ўзаемадзеяння па гэтым пагадненні. КДБ можа маніпуляваць і выкарыстаць уцёмную грузінскія службы, атрымліваючы інфармацыю пра беларусаў у Грузіі па сфабрыкаваных крымінальных справах, – кажа ў размове з «Белсатам» праваабаронца Раман Кісляк.

Артыкулы
Бяспека, невысокія кошты і прырода. Усё больш беларусаў абіраюць сонечную Грузію, уцякаючы з радзімы
2021.08.26 08:20

28 жніўня ў Батумі прайшла яшчэ адна акцыя беларускай дыяспары. Беларусы сустракалі і праводзілі рэйсы ў Менск з нацыянальнымі сцягамі. Мэта акцыі – звярнуць увагу на масавыя і грубыя парушэнні правоў чалавека ў Беларусі, беззаконне і тэрор, якія ўлады распачалі ў дачыненні да сваіх грамадзянаў. Падобныя акцыі будуць праходзіць кожную суботу.

Беларуская дыяспара ў Батумі сустракае самалёты з Беларусі.
Фота: Белсат

– Калі беларусы ў Літве ці Польшчы могуць выйсці да памежнага пераходу на мяжу з Беларуссю, то для нас адзіная магчымасць – правесці акцыі ў аэрапорце. Гэта напамін тым, хто прылятае або ляціць, дзе знаходзіцца мяжа паміж дэмакратыяй і тыраніяй, – сказаў Раман Кісляк.

Беларуская дыяспара ў Батумі сустракае самалёты з Беларусі.
Фота: Белсат

АС, belsat.eu

Стужка навінаў