Як атрымаць замежнае грамадзянства. На выпадак, калі пазбавяць беларускага


Хваля эміграцыі беларусаў з радзімы, пачатая ў 2020 годзе, не спыняецца. Многія з тых, хто хацеў перачакаць за мяжою нейкі час да перамогі, разумеюць: калі ўжо пераезд зацягваецца, трэба думаць пра легалізацыю ў новым грамадстве. Улады Беларусі пры гэтым працягваюць заціскаць гайкі і прыдумляць усё новыя рэпрэсіўныя ініцыятывы: хочуць то забараніць выезд з краіны, то пазбаўляць грамадзянства беларусаў, асуджаных за экстрэмізм.  На выпадак рэалізацыі гэтай ідэі, а таксама для тых, хто пакуль плануе заставацца за мяжою, мы паглядзелі, як можна атрымаць грамадзянства тых краінаў, куды з 2020 года з’ехала найбольш беларусаў.

Польшча

Грамадзянства пры нараджэнні і ад прэзідэнта

Правілы атрымання польскага грамадзянства ўтрымліваюцца ў Законе аб польскім грамадзянстве ад 2 красавіка 2009 года. Згодна з ім, ёсць чатыры шляхі:

  • паводле закону;
  • праз наданне польскага грамадзянства прэзідэнтам Польшчы;
  • праз прызнанне грамадзянінам Польшчы;
  • праз аднаўленне польскага грамадзянства.

Польскае грамадзянства можна атрымаць ад прэзідэнта Польшчы, які можа надаць грамадзянства замежніку нават без выканання ім умоваў, прадугледжаных іншымі пунктамі закону. Не мае значэнне тэрмін прабывання ў Польшчы, тып дакументу, паводле якога замежнік жыве ў краіне.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Польскі пашпарт.
Фота: Daniel Dmitriew / Forum

Пастановы надаць грамадзянства альбо адмовіць у наданні прэзідэнт Польшчы не павінен абгрунтоўваць. Таксама гэтае рашэнне нельга абскардзіць.

Ад замежніка патрабуецца заява на імя прэзідэнта Польшчы з прычынамі, праз якія ён просіць грамадзянства. Прычыны павінны быць паважныя. Падаваць заяву трэба праз ваяводу рэгіёну, у якім жыве заяўнік. Калі прэтэндэнт на атрыманне грамадзянства – за мяжою, заяву трэба падаваць праз консула. Таксама праз консула паводле сталага месца жыхарства падае заяву замежнік у Польшчы на падставе візы ці ў межах бязвізавага руху.

Аднавіць польскае грамадзянства можа чалавек, які яго меў і страціў да 1 студзеня 1999 года.

Аналітыка
Улады Беларусі зноў задумалі пазбаўляць грамадзянства сваіх апанентаў. Каго і навошта?
2022.07.07 11:07

Польскі пашпарт пасля 10 гадоў жыцця ў краіне, пры наяўнасці карты паляка, праз бізнес у Польшчы

Замежніка могуць прызнаць грамадзянінам Польшчы паводле наступных крытэраў:

  • спачатку давядзецца 5 гадоў пражыць з часовым відам на жыхарства, пасля можна будзе атрымаць сталы від на жыхарства (ці карту рэзідэнта Еўразвязу, гэта тое самае). Праз 3 гады на падставе сталага віду на жыхарства (карта сталага побыту) ці дазволу на доўгатэрміновае прабыванне рэзідэнта Еўразвязу пры наяўнасці ў Польшчы дастатковага ды сталага даходу і месца пражывання можна падаць дакументы на грамадзянства;
  • бесперапыннае прабыванне на тэрыторыі Польшчы цягам як мінімум двух гадоў пры ўмове шлюбу з грамадзянінам Польшчы цягам як мінімум трох гадоў ці пры адсутнасці ў заўяніка грамадзянства;
  • наяўнасць статусу ўцекача і прабыванне на тэрыторыі Польшчы цягам як мінімум двух гадоў на падставе карты сталага побыту;
  • бесперапыннае і легальнае прабыванне на тэрыторыі Польшчы цягам як мінімум дзесяці гадоў пры ўмове выканання наступных варункаў: легальнае прабыванне ў Польшчы (нават паводле візы ці карты часовага побыту); дастатковы ды стабільны прыбытак і месца пражывання. Пры гэтым на момант падачы заявы на грамадзянства асоба ўжо мае мець дазвол на сталае пражыванне, але яго тэрмін не мае значэння ў гэтым выпадку;
  • прабыванне на тэрыторыі Польшчы на падставе карты сталага побыту цягам года пры наяўнасці карты паляка.

Падавацца на атрыманне польскага грамадзянства можна пры ўмове адкрыцця ў Польшчы фірмы ды прабывання цягам пяці гадоў на падставе часовага побыту. Пасля гэтага пры ўмове вядзення бізнесу можна афармляць сталы побыт і адразу падаваць дакументы на атрыманне грамадзянства.

Разам з іншымі патрэбнымі дакументамі прэтэндэнт на грамадзянства павінен мець пацверджанне ведання польскай мовы на ўзроўні, не ніжэйшым за В1.

Выходзіць з беларускага грамадзянства не абавязкова, можна мець і выкарыстоўваць два пашпарты.

Што дае польскае грамадзянства: пашпарт Еўразвязу, магчымасць працаваць, весці бізнес і навучацца ў краінах Еўразвязу. У 109 краінаў свету можна ездзіць без візаў.

Літва

Грамадзянінам Літвы можна быць з нараджэння, атрымаць грамадзянства ці аднавіць яго.

Аднавіць літоўскае грамадзянства можа чалавек, які меў грамадзянства Літвы да 15 чэрвеня 1940 года, альбо ягоныя бацькі, а таксама бабуля(-і), дзядуля(-і), прабабуля(-і), прадзядуля(-і) мелі літоўскае грамадзянства да ўказанай даты. Пры гэтым трэба адмовіцца ад іншага грамадзянства, калі яно ёсць.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Вялікі літоўскі сцяг на акцыі беларусаў ў Вільні, Літва.
Фота: Мікалай Мамінаў / Белсат

Стаць грамадзянінам Літвы можна і без адмовы ад іншага грамадзянства, калі чалавек быў рэпрэсаваны ці высланы на спецпасяленне з акупаванай Літвы да 11 сакавіка 1990 года і атрымаў грамадзянства іншай краіны ці ёсць спадкаемцам такіх асобаў.

Таксама падвойнае грамадзянства можна мець на падставе нараджэння да дасягнення 21 года, пры ўступленні ў шлюб з грамадзянінам іншай краіны ды атрыманні літоўскага грамадзянства са статусам уцекача.

Дзіця, абодва ці адзін з бацькоў якога – грамадзяне Літвы, атрымлівае грамадзянства пры нараджэнні, у незалежнасці ад таго, нарадзіўся ён на тэрыторыі Літвы ці не. Таксама грамадзянства атрымлівае дзіця, якое ўсынавілі літоўцы. Грамадзянінам Літвы робіцца таксама дзіця асобаў без грамадзянства, якія стала жывуць у Літве.

У парадку натуралізацыі чалавек можа атрымаць грамадзянства Літвы, калі ён:

  • апошнія 10 гадоў законна быў у Літве, спачатку паводле віду на жыхарства, потым паводле сталага месца жыхарства і пры гэтым не выязджаў з Літвы больш як на 6 месяцаў;
  • здаў дзяржаўныя экзамены па літоўскай мове і Канстытуцыі Літоўскай Рэспублікі;
  • мае законныя сродкі для пражывання;
  • ёсць асобаю без грамадзянства ці пісьмова заяўляе, што адмаўляецца ад наяўнага грамадзянства;
  • сужэнец грамадзяніна Літвы. Пры гэтай умове можна падавацца на атрыманне грамадзянства праз 7 гадоў сталага прабывання ў Літве.

У спрошчаным парадку атрымаць літоўскае грамадзянства можна ў выпадку, калі бацькі ці бабулі і дзядулі ці адзін з бацькоў ці дзядуляў і бабуль заяўніка ёсць ці былі літоўцамі, а сама асоба, якая прэтэндуе на літоўскае грамадзянства, адчувае сябе літоўцам і дэкларуе гэта ў пісьмовай заяве.

У выключным парадку можна атрымаць грамадзянства, калі маюцца асаблівыя заслугі перад дзяржаваю. Пастанаўляе ў такіх сітуацыях прэзідэнт Літвы.

Пашпарт Літвы, гэтак жа, як і Польшчы, дае магчымасць жыць, працаваць, вучыцца ў любой краіне Еўразвязу. З пашпартам Літвы можна ездзіць без візаў у 108 краінаў свету.

Аналітыка
«Улады паставілі сілавікоў нароўні з «палітычнымі». Чым пагражае Беларусі жалезная заслона?
2022.07.14 18:41

Грузія

Стацца грамадзянінам Грузіі можна пры нараджэнні ці шляхам натуралізацыі.

Першы варыянт падыходзіць:

  • асобам, у якіх адзін з бацькоў – грамадзянін Грузіі;
  • дзіцяці, народжанаму ў Грузіі ў бацькоў без ніякага грамадзянства;
  • дзіцяці, адзін з бацькоў якога мае статус асобы без грамадзянства, а другі – невядомы.

Шляхам натуралізацыі грамадзянства можна атрымаць у звычайным парадку, спрошчаным, выключным і на падставе аднаўлення.

У звычайным парадку грамадзянства Грузіі могуць атрымаць асобы, якія:

  • стала жывуць у Грузіі цягам апошніх 10 гадоў;
  • маюць у Грузіі афіцыйную працу і/ці нерухомую маёмасць, вядуць прадпрымальніцкую дзейнасць або валодаюць доляю ці акцыямі прадпрыемства Грузіі;
  • валодаюць моваю, што пацверджана здачай экзамену;
  • здалі экзамен па гісторыі і праве Грузіі.

Апошнія два пункты не датычаць уцекачоў і асобаў з асаблівасцямі здароўя, якія не дазваляюць пацвердзіць патрэбных ведаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Актывісты сабраліся на мітынг салідарнасці з палітвязнямі. Батумі, Грузія.
Фота: Ліна Проўка / Белсат

У спрошчаным парадку грамадзянства могуць атрымаць нерэзідэнты ў шлюбе з грамадзянінам Грузіі праз 5 гадоў сталага прабывання ў краіне.

У выключным парадку грамадзянства дае прэзідэнт Грузіі ў сувязі з асабліваю сітуацыяй ці за значныя дасягненні перад дзяржаваю. Гэта могуць быць, напрыклад, такія выпадкі:

  • замежнік лічыць Грузію сваё радзімаю, пры гэтым ён ці ягоны продак жылі ці былі выселеныя з акупаванай тэрыторыі альбо эмігравалі з краіны праз палітычныя прычыны ці ў сувязі са складаным матэрыяльным становішчам;
  • замежнік ажыццявіў буйныя інвестыцыі ў эканоміку дзяржавы;
  • замежнік мае значныя дасягненні ў спорце, навуцы, мастацтве.

Толькі першы пункт абавязвае ведаць мову, гісторыю і права Грузіі.

З пашпартам Грузіі можна ездзіць без візаў у 71 краіну свету.

Украіна

Хоць Украіна ва ўмовах вайны не самае прывабнае месца для эміграцыі ці рэлакацыі, шмат беларусаў працягваюць там жыць, працаваць і дапамагаць украінцам. З легалізацыяй ва Украіне ў беларусаў усё часцей узнікаюць складанасці. Аднак законы пры гэтым не змяняліся, у тым ліку і аб атрыманні ўкраінскага грамадзянства. У Дзяржаўнай міграцыйнай службе Украіны нас запэўнілі, што дакументы на атрыманне грамадзянства ад беларусаў цяпер прымаюцца, таму калі ёсць падставы, то можна падавацца нават ва ўмовах вайны.

Гісторыі
БЧБ-нявеста стала нелегалкай ва Украіне: «Паміраць за Украіну можна, а жыць у ёй нельга?»
2022.06.13 22:59

Паводле Закону Украіны аб грамадзянстве, падставамі для атрымання ўкраінскага пашпарту ёсць:

  • нараджэнне заяўніка на тэрыторыі Украіны;
  • тэрытарыяльнае паходжанне, што азначае адпавяданне наступным крытэрам: нараджэнне ці сталае прабыванне на тэрыторыі Украіны да 24 жніўня 1991 года самога заяўніка ці хаця б аднаго з бацькоў, дзядуляў ці бабуль, роднага брата ці сястры, сына ці дачкі, унука ці ўнучкі;
  • натуралізацыя – на грамадзянства паводле гэтага пункту можна прэтэндаваць пасля 5 гадоў сталага прабывання ў краіне. Трэба таксама прызнаць законы ўкраінскай дзяржавы, Канстытуцыю Украіны, адмовіцца ад папярэдняга грамадзянства, падаць дакументы, якія пацвярджаюць наяўнасць сродкаў для пражывання і здаць экзамен на веданне ўкраінскай мовы;
  • апякунства ці ўсынаўленне – грамадзянства атрымліваюць асобы, усыноўленыя грамадзянінам/грамадзянамі Украіны;
  • аднаўленне грамадзянства (калі чалавек пастаянна жыў ва Украіне на дзень 24 жніўня 1991 года ці ў пашпарце СССР меў адзнаку «ўкраінец»);
  • шлюб з грамадзянінам Украіны цягам прынамсі 2 гадоў на тэрыторыі Украіны.
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскі пашпарт.
Фота: Карына Пашко / Белсат

Абавязковая ўмова для атрымання грамадзянства Украіны – адмова ад наяўнага грамадзянства цягам двух гадоў з моманту атрымання грамадзянства Украіны.

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў