Пачынаецца суд у «cправе аб дзяржперавароце». Што пра гэта вядома?


29 ліпеня ў будынку Менскага раённага суда пачнецца разгляд справы аб «змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады». У змове абвінавачваюць публіцыста Аляксандра Фядуту, кіраўніка Партыі БНФ Рыгора Кастусёва, юрыста Юрыя Зянковіча і супрацоўніцу ягонага офісу Вольгу Галубовіч, а таксама актывіста Дзяніса Краўчука. Першым тром асобам пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі. Суд зрабілі закрытым. Справу разглядае суддзя Уладзімір Арэшка.

Аляксандр Фядута (злева), Рыгор Кастусёў (пасярэдзіне) і Юрась Зянковіч (справа). Калаж з фота: БАЖ / Facebook / Рыгор Кастусёў / Facebook / Юрась Зянковіч / Facebook

Што вядома пра гэтую справу і як прайшлі 15 месяцаў за кратамі ў яе фігурантаў?

Мільён долараў на снайпера для Лукашэнкі

Абвінавачаных затрымалі ў красавіку 2021 года: Аляксандра Фядуту ўзялі пад варту ў Маскве разам з юрыстам Юрыем Зянковічам. Адначасова ў Шклове быў затрыманы лідар Партыі БНФ Рыгор Кастусёў. Усе яны трапілі ў менскае СІЗА КДБ.

Пасля гэтага Аляксандр Лукашэнка выступіў з заявай, што амерыканскія спецслужбы рыхтавалі ў Беларусі збройны мяцеж, а таксама замах на яго і на ягоных дзяцей. Да гэтага нібыта датычныя Фядута, Кастусёў і грамадзянін ЗША і Беларусі Зянковіч.

Затрыманыя на ўказанне або ЦРУ, або ФБР нібыта планавалі 9 траўня здзейсніць вайсковы пераварот у Беларусі «паводле сцэнара каляровых рэвалюцыяў з прыцягненнем беларускіх і ўкраінскіх нацыяналістаў», а таксама фізічна ліквідаваць Аляксандра Лукашэнку, захапіць ягоных дзяцей і пасадзіць іх у склеп у Гомельскай вобласці. Паводле Лукашэнкі, на знішчэнне ягонай загараднай рэзідэнцыі разам з ім нібыта вылучалася $ 10 млн, а на снайпера – $ 1 млн.

22 красавіка стала вядома, што Рыгор Кастусёў, Аляксандр Фядута і Юрый Зянковіч абвінавачаныя ў змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам (ч. 1 арт. 357 Крымінальнага кодэксу). Ім пагражае да 12 гадоў турмы. Акрамя гэтага, Зянковіча цяпер абвінавачваюць яшчэ паводле трох артыкулаў: «Публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады», «Стварэнне экстрэмісцкага фармавання і кіраўніцтва ім», а таксама «Распальванне сацыяльнай варожасці».

У гэтай жа справе таксама праходзяць Вольга Галубовіч, Дзмітрый Шчыгельскі (у фільме ОНТ «Забіць прэзідэнта» ён названы арганізатарам групоўкі, якая рыхтавала пераварот), Аляксандр Перапечка, Павел Кулажанка, Віталь Макаранка і Ігар Макар. Практычна ўсе яны перабываюць за межамі Беларусі.

Дзяніс Краўчук і Вольга Галубовіч. Калаж з фота: Наша Ніва / Вольга Галубовіч / ok.ru

Агулам у крымінальнай справе ў якасці абвінавачаных прыцягнутыя 5 чалавек. Дзяніса Краўчука і Вольгу Галубовіч вінавацяць у «актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, якія парушаюць грамадскі парадак» (ч.1 арт.342 КК).

Фігуранты справы: больш як год за кратамі

Юрась Зянковіч. 44 гады. Юрыст беларускага паходжання, з 2007 году жыў у Злучаных Штатах Амерыкі, куды пераехаў разам з бацькамі. Да эміграцыі быў адным з рэгіянальных лідараў Партыі БНФ і дэпутатам Менскага раённага і Ждановіцкага сельскага саветаў. Быўшы дэпутатам, дабіўся, каб у Ждановічах была вуліца Васіля Быкава.

У Нью-Ёрку скончыў юрыдычную школу пры Фордэмскім універсітэце (Fordham University School of Law), стаў адвакатам, займаўся справамі міграцыі. У Зянковіча два грамадзянствы – Беларусі і ЗША. Уладальнік некалькіх юрыдычных офісаў, у тым ліку ў Менску, стала жыў у Г’юстане. Пастаянна наведваў Беларусь, нават набыў тут нерухомасць у Мядзельскім раёне. Спрабаваў вылучацца ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і заяўляў аб прэзідэнцкіх амбіцыях. Хацеў вылучацца ад Партыі БНФ кандыдатам на прэзідэнцтва ў 2020 годзе, але прайграў Аляксею Янукевічу.

Падчас пратэстаў у жніўні 2020 года быў асуджаны на 10 дзён арышту, адбываў іх у ізалятары Мядзельскага РАУСу, трымаў там галадоўку пратэсту. У палітычнай кампаніі непасрэдна ўдзелу не браў. Але ў пачатку 2021 года ён актывізаваўся, заявіўшы, што ні Ціханаўскай, ні ейнай камандзе не патрэбная ўлада. Зянковіч абвяшчаў пра тое, што збіраецца ствараць Народныя сілы самаабароны, якія павінны былі супрацьстаяць АМАПу на масавых акцыях пратэсту.

Юрась Зянковіч. Скрыншот: БЕЛСАТ NEWS / YouTube

Зянковіч вядомы скандальнымі і неадназначнымі выказваннямі і ўчынкамі. Так, напрыклад, пасля загадкавай смерці галоўнага рэдактара «Хартыі’97» Алега Бябеніна Зянковіч выказваў здагадкі, што той хацеў атрымаць сексуальнае задавальненне праз удушша, але перабраў і памёр. У 2020-м Зянковіч прыехаў у рэстаран «Паедзем паядзім» каля Курапатаў, дзе счапіўся з актывістамі, якія стаялі там з пікетам. Святлану Ціханоўскую ён называў «Светкай-катлеткай», а заснавальніка «PandaDoc» Мікіту Мікада – «неверагодным дэбілам».

Аляксандр Фядута. 57 гадоў. Вядомы беларускі публіцыст, палітолаг, літаратуразнавец-пушкініст, доктар філалогіі. У 1994-м увайшоў у каманду Аляксандра Лукашэнкі, пасля перамогі на выбарах стаў кіраўніком упраўлення грамадска-палітычнай інфармацыі Адміністрацыі прэзідэнта. Менавіта ён узяў на сябе адказнасць за з’яўленне ў газетах скандальных «белых плямаў», якія сведчылі пра ўвядзенне ў Беларусі палітычнай цэнзуры. У 1995-м сышоў з пасады, супрацоўнічаў з многімі незалежнымі выданнямі: «Белорусская деловая газета», газета «Имя», газета «Народная воля».

Аўтар кнігі «Лукашэнка. Палітычная біяграфія». У 2010 годзе стаў адным з кіраўнікоў кампаніі «Гавары праўду», працаваў у штабе кандыдата на прэзідэнцтва, паэта Уладзіміра Някляева. Пасля выбараў у канцы таго ж года трапіў у «Амерыканку», у якой адсядзеў чатыры месяцы. Быў прызнаны палітвязням. Быў асуджаны на 2 гады пазбаўлення волі ўмоўна. З 2013 года жыў і працаваў у Кіеве. У 2016 годзе вярнуўся ў Беларусь, займаўся навуковай дзейнасцю.

Аляксандр Фядута за кратамі адчувае сябе бадзёра, іранізуе і жартуе ў лістах, шмат чытае і працягвае займацца навукай.

«Паступова павялічваю фізічную нагрузку, займаючыся руханкай. Пачаў знаходзіць у сябе на руках нейкія трыцэпсы – гэта сукамернік кажа, які разбіраецца ў анатамічных падрабязнасцях значна лепш, чым я. Праблемаў з таблеткамі няма, але застаецца пажаданай сустрэча са стаматолагам», – піша публіцыст у лісце да рэдакцыі газеты «Народная воля». Фядута застаецца супрацоўнікам рэдакцыі да гэтай пары.

За кратамі ён займаўся сваім рукапісам, афармляў у кнігу каментары да рамана Уладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім».

«Справа за малым – калі-небудзь выйсці жывым з гэтай гісторыі. Пакуль я веру, што гэта магчыма», – адзначыў у лісце Аляксандр Фядута.

Аляксандр Фядута.
Фота: БАЖ / Facebook

Вось што распавядае пра апошнія навіны ад мужа жонка Аляксандра Марына Шыбко:

«Рыхтуемся да суда. Пасля «Амерыканкі» засяліўся на «Валадарцы» ў сваю былую камеру. Сустрэў старых знаёмых і пачаў карэктаваць замаўленне кніг, на згоду сукамернікаў (бо кінуліся вывучаць нямецкую мову). Абмяняліся навінамі (тэлевізара ў «Амерыканцы» не было). Працягне працу па Бальзаку (п’еса паводле «Бацька Гарыё), вызначыўся, чым будзе займацца ў калоніі (аб гэтым потым, няхай заедзе). Распавёў, што часта бачыць у сне Горадню, бабціну хату, табачку і школу, дзе вучыўся і дзе працаваў. І, вядома, Нёман і мост, па якім шпацыраваў. Усім, хто яго памятае, перадае прывітанне. Напісаў першы верш па-беларуску пасля школы (не цытую, бо пра вожыка і асабісты). І вось урывак з вершу, прысвечаны У. Караткевічу:

Быў. Ёсць. Буду.

Он жил и в нем идея жила,

И, конечно, не только в нем.

Одного он в этом мире желал –

Победы добра над злом.

Он смеялся, не ведая грусть,

В его мире зло оставалось злом,

А добром была Беларусь.

Усім дзякуе за лісты, якія атрымаў у «Амерыканцы», усім прывітанне, напісаў: «Ваш романтик АИФ. Всем здоровья».

Рыгор Кастусёў. 65 гадоў. У савецкі час – дырэктар саўгасаў у Магілёўскай вобласці, з таго часу асабіста ведае Аляксандра Лукашэнку. Беларускі дзеяч, які з 1989 года актыўна займаецца палітыкай. Яшчэ з часу стварэння ПБНФ ён узначаліў Шклоўскую раённую арганізацыю партыі. З 2002 да 2009 кіраваў Магілёўскай абласной арганізацыяй БНФ, быў намеснікам старшыні партыі БНФ і ГА БНФ «Адраджэнне». У 2010 удзельнічаў у прэзідэнцкіх выбарах у якасці кандыдата, адну ноч пасля выбараў правёў у «Амерыканцы». З 2017 года – старшыня Партыі БНФ. Жанаты, мае траіх дзяцей.

За кратамі дактары дыягнаставалі ў Рыгора Кастусёва анкалагічную хваробу. Нягледзячы на дыягназ, меры стрымання яму не змянілі. Таксама палітык перахварэў за кратамі на COVID. Ад вялікай колькасці лекаў у яго з’явіліся праблемы з ныркамі.

Цяпер ягоны стан палепшыўся, палітык у сваіх лістах да родных хваліць уколы, якія яму прызначылі, піша, што стаў нармальна спаць. Але стадыя ягонай анкалогіі такая, што аперацыю будуць рабіць толькі ў скрайнім выпадку, дактары сказалі, што на сёння яна можа толькі пашкодзіць, і калі ёсць магчымасць трываць боль, трэба трываць.

Рыгор Кастусёў на прэс-канферэнцыі ў офісе руху «За свабоду». Менск, Беларусь. 4 сакавіка 2020 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

У сваіх лістах Рыгор Кастусёў паведамляе, што імкнецца штодня выходзіць на шпацыр, каб хоць гадзіну пабыць на вуліцы і падыхаць свежым паветрам. Ён шмат чытае, стараецца адсочваць падзеі ў Беларусі і свеце праз тэлевізійныя праграмы.

У адным з апошніх лістоў жонцы палітык распавёў, што замовіў у турэмнай бібліятэцы падручнік нямецкай мовы: каб крыху «аднавіць амаль страчаныя веды». Ён наракаў на тое, што значна скарацілася колькасць лістоў ад сяброў і знаёмых, карэспандэнцыя «губляецца» дзесьці па дарозе.

Паводле сваякоў Кастусёва, ніякай інфармацыі пра абвінавачанне няма, адвакат не можа паведаміць нават артыкулу, бо застаецца пад падпіскай аб неразгалошванні. Яны асцерагаюцца, што палітыку могуць дадаць яшчэ які-небудзь эканамічны артыкул, бо ён пісаў у адным з лістоў: «Яны ўсё шукаюць мае мільёны».

Дзяніс Краўчук. 36 гадоў. Затрыманы КДБ 26 красавіка 2021 года. Жыў у Нарачы. Актывіст грамадскага руху «Дзея», напярэдадні затрымання ўладкаваўся на працу ў Літву дальнабойшчыкам. Вядомы тым, што ў 2018-м на мясцовых выбарах выкрыў каруселі падчас датэрміновага галасавання і дзякуючы гэтаму змог прагаласаваць тры разы на трох розных участках. Гэты інцыдэнт атрымаў тады шырокі розгалас. Пра гэты інцыдэнт згадала ў дзень выбараў тагачасная старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына. Яна назвала дзеянні Краўчука правакацыяй. Сам Краўчук па выніках свайго паходу падаў заяву ў праваахоўныя органы.

Перад прэзідэнцкімі выбарамі ў 2020 годзе Дзяніса затрымалі як назіральніка і асудзілі да 10 содняў арышту. Ён адбываў пакаранне ў адной камеры з Юрасём Зянковічам, дзе яны і пазнаёміліся. Пасля вызвалення Краўчук даглядаў дом Зянковіча на Мядзельшчыне, пакуль гаспадар жыў у ЗША.

Вольга Галубовіч. Былая супрацоўніца менскага офісу Юрася Зянковіча, які зачынілі яшчэ ў верасні 2020 года. Родам з Менску, але ў падлеткавым узросце разам з бацькамі пераехала ў гарадскі пасёлак Свіслач Пухавіцкага раёну. Вучылася ў мастацкай вучэльні, а таксама на філфаку БДУ, дзе вывучала беларускую, расейскую і сербскую мовы. Вольга працавала сацыяльным педагогам у свіслацкай школе і замяняла настаўнікаў беларускай і расейскай моваў. У 2003 годзе яна стала дэпутаткай мясцовага пасялковага савету, рэпрэзентуючы Партыю БНФ. Зянковіч у гэты час таксама абіраўся ў мясцовыя саветы. Пасля Вольга ўзначальвала кампанію «За нашу Свіслач», але асабліва не «свяцілася» ў грамадскім жыцці.

Саша Гоман belsat.eu

Стужка навінаў