Мікалая Аўтуховіча, які галадае ўжо 18 дзён, не даставілі на суд. У якім ён стане, адвакату не паведамілі


На тэрыторыі гарадзенскай турмы 28 ліпеня праходзіць чарговае паседжанне ў «справе Аўтуховіча», аднак самога Мікалая Аўтуховіча на ім няма, нібыта з прычыны «сістэматычных парушэнняў». Аднак што насамрэч з ім адбываецца, ні адвакату, ні сваякам не паведамляюць.

Мікалай Аўтуховіч на судзе. Горадня, Беларусь. 18 траўня 2022 года.
Фота: БелТА

«Адвакат сказала, што таты не было сёння на судзе. Яна выступіла з хадайніцтвам, каб яго вярнулі на паседжанне. Суд сказаў, што з прычыны сістэматычных парушэнняў не будзе вяртаць яго ў залу суда.

Што з ім і ў якім тата стане – адвакат не ведае. У яго ёсць інфармацыя, што ўчора былі нейкія рухі наконт хуткай, але невядома, яна выклікалася для таты ці для кагосьці іншага. Чакаем навінаў ад адваката яшчэ ўвечары», – паведаміла дачка.

У панядзелак, 26 ліпеня, пакуль Мікалая Аўтуховіча вялі на суд, ён упаў ад слабасці і ўдарыўся аб кайданкі, паведамляла дачка.

Тады турэмны доктар заяўляў, што ягоны стан дазваляе яму ўдзельнічаць у судовых паседжаннях. Адвакатка чарговы раз заявіла хадайніцтва на агляд Мікалая вонкавымі лекарамі, але суд хадайніцтва адхіліў.

Палітзняволены трымае сухую галадоўку ўжо 18-ы дзень. Так ён працягвае пратэставаць супраць абмежавання яго ў ліставанні – апошнім часам яму перасталі перадаваць нават лісты ад 83-гадовай маці.

Суд над Мікалаем Аўтуховічам і яшчэ 11 абвінавачанымі праходзіць у Гарадзенскай турме № 1. Распачаўся працэс 18 траўня. Паводле следства, Аўтуховіч – арганізатар і кіраўнік «злачыннай групоўкі», якая падпальвала аўтамабілі і дамы сілавікоў. Агулам яму выставілі абвінавачанне паводле 10 артыкулаў Крымінальнага кодэксу, у тым ліку ч. 3 арт. 289 («Акт тэрарызму»). Паводле гэтага артыкулу Аўтуховічу можа пагражаць смяротнае пакаранне.

Гісторыі
Сілавікі намагаюцца зламаць абвінавачаных у «справе Аўтуховіча» і патрабуюць ад іх абгаварыць Міколу
2022.07.08 08:14

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў