Беларусь страчвае інвестараў, а грамадства і эканоміка губляюць магчымасці і перспектывы


Беларусь становіцца ўсё менш цікавая для замежных інвестараў. Летась у нашую краіну бізнесоўцы ўклалі 8,7 млрд долараў ЗША. А па выніках першага кварталу сёлета апошнія лічбы, якія агучвае афіцыйная статыстыка, сведчаць, што ў Беларусь інвеставалі каля 3,5 млрд долараў ЗША. Але пры гэтым назіраецца істотны адток інвестыцыяў. У выніку, як сцвярджаюць эканамісты ў размове з «Белсатам», нашая краіна ўсё больш адстае ад суседзяў.

Ілюстрацыйнае фота.
Фота: Белсат

Улады краіны выказваюць заклапочанасць у сувязі з адсутнасцю інвестыцыяў. Замежныя бізнесоўцы не жадаюць укладаць грошай у Беларусь, а тыя інвестары, якія раней пачалі тут працаваць, выводзяць сродкі. Па выніках мінулага года ў нашую краіну інвеставалі каля 8,7 млрд долараў ЗША. За першы квартал сёлета ў Беларусь паступіла каля 3,4 млрд інвестыцыяў. Але афіцыйная статыстыка таксама дэманструе, што індэкс фізічнага аб’ёму інвестыцыяў у асноўны капітал па выніках першага паўгоддзя сёлета выявіўся на 17,1 % меншы, чымся за адпаведны перыяд мінулага года. Варта нагадаць, што летась у параўнанні з 2020 годам таксама быў спад індэксу на 7,1 %.

Аналітыка
Ці скокне курс беларускага рубля? Разбіраем, ад чаго ён залежыць і ці прывязаны да Расеі
2022.07.27 20:49

Казаць пра тое, што нашая краіна ўвогуле застанецца без інвестыцыяў, не выпадае, мяркуе Настасся Лузгіна, старэйшая навуковая працаўніца Цэнтру эканамічных даследаванняў BEROC. Рэч у тым, што ёсць розныя варыянты, якія будуць разглядаць урадоўцы. Але варта нагадаць, што ў нашай краіны заўсёды былі складанасці з прыцягненнем замежных сродкаў, асабліва калі казаць пра наўпроставыя інвестыцыі, вельмі важныя для развіцця эканомікі.

«Апошнім часам сітуацыя пагоршылася. Інвестыцыйны клімат стаў яшчэ менш прывабны. Нашую краіну цяпер разглядаюць як суагрэсара ў вайне Расеі супраць Украіны. Негатыўна ўплываюць санкцыі. Вельмі істотна паўплывала на інвестыцыйную сітуацыю рашэнне кіраўніцтва краіны ажыццяўляць выплаты за пазыкі беларускімі рублямі, а не ў той валюце, якая прапісаная ў кантрактах. Паколькі прапісаная валюта выплаты ў кантрактах – гэта істотная ўмова дамовы, то пастанова кіраўніцтва краіны – невыкананне дамовы.

Вядома, што на гэта адрэагавалі міжнародныя фінансавыя структуры, якія панізілі фінансавы рэйтынг Беларусі. «Moodyʼs» прызнала дэфолт Беларусі ў вонкавых пазыках. Усё гэта агулам змяншае перспектывы нашай краіны прыцягнуць замежныя інвестыцыі», – кажа Настасся Лузгіна.

Аналітыка
Беларусы захоўваюць свае ашчаджэнні ў валюце і бліжэйшым часам у банкі не панясуць
2022.07.28 08:00

Экспертка працягвае, што ў існых варунках зразумела, што заходнія рынкі не будуць бліжэйшым часам інвеставаць у Беларусь. Але інвестары з азіяцкіх краінаў могуць разглядаць нашую краіну для развіцця тут свайго бізнесу. Вядома, ім таксама не падабаецца, што ўлады ў Менску ў аднабаковым парадку змяняюць умовы кантракту. Таму калі і будуць ахвотныя інвеставаць, то з увагі на рызыкі рэсурсы будуць дарагімі, падсумоўвае Настасся Лузгіна.

Правераным жа каналам інвестыцыяў у нашую краіну, якім ўвесь час карыстаецца Беларусь, выступае Расея. Вядома, што спадзявацца толькі на адную крыніцу не варта, бо толькі на адно жаданне ніхто адтуль не будзе адразу ж вылучаць сродкі. Настасся Лузгіна падкрэслівае: мы цяпер назіраем, што перад атрыманнем нейкіх крэдытаў адбываюцца доўгія перамовы.

«Я думаю, што калі складзецца такая сітуацыя вострай неабходнасці ў грошах, то Расея іх выдзеліць. Але ж акрамя дзяржаўных крэдытаў важна, каб і іншыя рэсурсы прыходзілі ў краіну, у тым ліку і прыватныя інвестыцыйныя ўкладанні», – кажа суразмоўца «Белсату».

Экспертка звяртае ўвагу ті на тое, што цяпер вядуцца перамовы з арабскімі інвестарамі ў галіне будаўніцтва, магчымыя супольныя праекты з Кітаем. Але там праблема ў тым, што гэта звязаныя крэдыты з даволі жорсткімі ўмовамі, хоць і існуе імавернасць дамовы на іншых падставах.

«Нават азіяцкія інвестары не заўсёды гатовыя супрацоўнічаць з краінай, з якой звязаныя вялікія рызыкі, ёсць прыклад невыканання абавязкаў, а да гэтага дадаюцца і санкцыі», – удакладняе Настасся Лузгіна.

Аб’ектыў
Антырэкорд занятасці: куды знікаюць тысячы працаўнікоў?
2022.07.27 22:59

Усё гэта стварае агулам не вельмі спрыяльную сітуацыю з інвестыцыйным кліматам у краіне.

Раней не асабліва звярталі ўвагі на невыкананне планаў аб прыцягненні інвестыцыяў, бо ў любым выпадку знаходзіліся замежныя інвестары, якія стваралі прадпрыемствы. У выніку, разам з непасрэдна грашыма, інвестары прывозілі тэхналогіі, развівалі вытворчасць.

Ілюстрацыйнае фота.
Фота: Белсат

Акрамя вялікіх грашовых уліванняў, інвестыцыі, асабліва калі гэта датычыць стварэння сучаснай вытворчасці, прадугледжваюць імпарт высокатэхналагічнага абсталявання. Мала таго, гэта таксама стварэнне дадатковых працоўных месцаў, кажа экспертка.

«У выніку людзі маюць працу, атрымліваць высокі заробак, а гэта адбіваецца на іншых сектарах эканомікі. Бо людзі пачынаюць больш спажываць, набываюць больш якасныя прадукты. І гэта ў цэлым стымулюе эканамічнае развіццё. У выніку ж недахоп інвестараў або невыкананне імі ранейшых планаў прыводзіць да адваротнага боку. Краіна страчвае магчымасці, траціць перспектывы. Пачынае расці разрыў паміж Беларуссю і суседнімі прагрэсіўнымі краінамі», – падсумоўвае Настасся Лузгіна.

Страчаныя магчымасці для краіны – аспект, які немагчыма вызначыць у матэрыяльных адзінках. Але гэта перспектывы эканомікі, магчымасці для развіцця грамадства, рэалізацыя патэнцыялу асобаў. Менавіта гэтыя каштоўныя для чалавечага грамадства аспекты ўлады Беларусі цяпер проста не бяруць у разлік.

Аналітыка
Крэмль усё часцей выкарыстоўвае «Газпром» у вайне з Украінай і Еўропай
2022.07.26 19:28

Мікалай Каткоў belsat.eu

Стужка навінаў