У Літве затрымалі партыю беларускіх цыгарэт на 3,6 мільёна еўра


23 і 24 ліпеня літоўскія мытнікі затрымалі дзве фуры з кантрабанднай прадукцыяй. У машынах было выяўлена больш за 2000 скрынь беларускіх цыгарэт, якія былі замаскіраваныя пад пярлоўку і брыкеты з апілак, паведамляе служба літоўскай мытні.

Кантрабанда цыгарэт.
Фота: lrmuitine.lt

У першай фуры, кіроўца якой быў беларус, выявілі нелегальную партыю цыгарэт у пятніцу ўвечары, у пункце пропуску «Лаварышкес». Кіроўца заявіў, што перавозіць брыкеты з апілкамі на адрас літоўскай кампаніі. Аўтамабіль адправілі на рэнтген, дзе высветлілася, што брыкеты размяшчаліся толькі ў канцы прычэпа, а астатнюю прастору займалі скрыні з цыгарэтамі.

Усяго было выяўлена 1284 скрыні, у якіх былі 642 тысячы пачак беларускіх цыгарэт «Fest», коштам 2,24 млн еўра.

Другі грузавік DAF затрымалі 24 ліпеня каля 4 раніцы ў пункце пропуску «Мядзінінкай». Кіроўца, грамадзянін Расеі, заявіў, што вязе 18 тон пярлоўкі ў Калінінградскую вобласць транзітам праз Літву. Аўтамабіль адправілі на сканіраванне, а затым на паглыблены дагляд. Сярод мяхоў з пярлоўкай мытнікі выявілі скрынкі з беларускімі цыгарэтамі. Было канфіскавана 400 тысяч пачак цыгарэт «NZ Gold», «Fest» і «Minsk Capital» на суму каля 1,4 млн еўра.

Кіроўцы абедзвюх фур таксама былі затрыманыя. Грамадзянін Беларусі затрыманы на два месяцы, грамадзянін Расеі – на месяц.

АД, belsat.eu

Стужка навінаў