Святлана Ціханоўская распавяла пра сустрэчу з Джо Байдэнам


У афіцыйным тэлеграм-канале Святлана Ціханоўская распавяла, пра што ішла размова пад час сустрэчы з прэзідэнтам ЗША Джо Байдэнам:

«Стоячы ў Белага дому перад журналістамі, я спрабавала зразумець свае пачуцці пасля сустрэчы з прэзідэнтам Байдэнам. Але я тут не адна. За маёй спіной – 36 тысяч беларусаў, якія прайшлі праз арышты і катаванні. 10 з іх – загінулі. Але ўсе яны казалі маім голасам на гэтай сустрэчы».

Святлана Ціханоўская пад час сустрэчы з Джо Байдэнам у Белым доме 28 ліпеня.
Фота: POTUS / Twitter

У размове з Байдэнам Ціханоўская распавяла, што ганарыцца сваім народам, які паўстаў супраць рэжыму і ўжо год супрацьстаіць яму, і заклікала прэзідэнта ЗША падтрымаць шлях беларусаў да дэмакратыі:

«Як палітык, я рада гэтай сустрэчы. Прэзідэнт Байдэн сказаў, што ў свеце працягваецца барацьба паміж аўтакратыяй і дэмакратыяй. І вы ведаеце, што Беларусь у гэтай барацьбе знаходзіцца на перадавой. Таму я заклікала прэзідэнта Байдэна дапамагчы нам зрабіць Беларусь паспяховым прыкладам негвалтоўнага пераходу да дэмакратыі».

Вось асноўныя вынікі сумеснай сустрэчы, якія выказала Святлана Ціханоўская:

  • Беларуская рэвалюцыя не звязаная з геапалітыкай. Гэта дэмакратычны выбар беларусаў, і маральны доўг ЗША – падтрымаць нас.
  • Суверэнітэт Беларусі не падлягае абмеркаванню і торгу. Любыя здзелкі, падпісаныя нелегітымным рэжымам, незаконныя.
  • Рашэннем крызісу могуць стаць толькі новыя свабодныя выбары пад міжнародным кантролем. А ўсе зняволеныя па палітычных матывах павінны быць вызваленыя без якіх-небудзь умоў.
  • Крызіс у Беларусі павінен быць уключаны ў міжнародны парадак дня, у ААН і АБСЕ, а ўсе вінаватыя павінны быць прыцягнуты да адказнасці ў міжнародных судах.

Пасля сустрэчы Джо Байдэн напісаў у сваім Twitter што Злучаныя Штаты падтрымліваюць народ Беларусі ў яго імкненні да дэмакратыі і ўсеагульных правоў чалавека.

belsat.eu

Стужка навінаў