Гэта таксама «экстрэмізм»? Спрабуем зразумець, што нам і вам забаранілі беларускія ўлады (і не можам)


27 ліпеня суд Чыгуначнага раёну Гомля пастанавіў прызнаць сайт і сацыяльныя сеткі «Белсату» экстрэмісцкімі. Падставаю сталіся матэрыялы праверкі ўпраўлення ГУБАЗіК МУС па Гомельскай вобласці.

Магчыма, гэта «экстрэмісцкі матэрыял». Адкрыццё «Meta Arena» – першай кіберспартыўнай арэны ў Беларусі. Менск, 30 красавіка 2021 года.
Фота: ТК / Белсат

Мы не ведаем падрабязнасцей рашэння. Але адна з магчымых трактовак таго ўрыўку рашэння, што мы бачылі, гэта забарона на распаўсюд усіх матэрыялаў нашага сайта і сацсетак.

А вось гэта – таксама «экстрэмізм»?

Ёсць такая песенька: «Вдох мой – пикет, и выдох – пикет, слово – пикет, и молчание – пикет…». У нас можа аказацца тое самае, толькі не пікет, а «экстрэмізм».

Калі «экстрэмісцкімі» прызналі ўсе нашыя матэрыялы, узнікае пытанне: а што ў іх такога «экстрэмісцкага»? Можна ўявіць, што дзяржава лічыць «экстрэмізмам» рэпартажы з пратэстаў, палітычныя навіны, эканамічную аналітыку і гісторыі пра сацыяльныя праблемы.

Але, напрыклад, фотарэпартаж і відэарэпартаж пра жыццё бяздомнікаў і дапамогу ім – гэта «экстрэмізм»?

А што, калі ёсць гісторыя кахання, у якой муж гераіні – палітвязень? Тады каханне – «экстрэмізм»? А калі мужчына выйшаў са «Сведкаў Еговы» і цяпер шчаслівы, але пераасэнсаваў жыццё пасля пратэстаў і арышту, гэта таксама «экстрэмізм»?

Магчыма, гэта «экстрэмісцкі матэрыял». Фота і малюнкі Вікторыі Паўлюшчык і яе мужа, палітвязня Максіма Паўлюшчыка. Яны пабраліся шлюбым 3 лютага ў СІЗА. Максіму прысудзілі 2 гады калоніі за надпіс на асфальце «Не забудем» каля метро Пушкінская ў гонар Аляксандра Тарайкоўскага. 12 лютага 2021 г.
Фота: ТК / Белсат

А дзяржаўнае святкаванне Дня Перамогі або Дня Рэспублікі – таксама «экстрэмізм», калі гэта здымаў «Белсат»? Удзельнікі – экстрэмісты, калі ўдзельнічалі ў стварэнні «экстрэмісцкага матэрыялу»? А дні незалежнасці іншых краінаў – і гэта «экстрэмізм»?

Магчыма, гэта «экстрэмісцкі матэрыял». Святкаванне Дня Незалежнасці каля Нацыянальнай бібліятэкі. Менск, Беларусь. 3 ліпеня 2021 года.
Фота: Белсат

А ўдзельнікі рыцарскага фэсту або фэсту кавы?

Магчыма, гэта «экстрэмісцкі матэрыял». Штогадовы фестываль кавы ў Палацы мастацтваў. 25 ліпеня 2021 года. Менск, Беларусь.
Фота: АК / Белсат

А прадаўцы трускалак, а геймеры?

Магчыма, гэта «экстрэмісцкі матэрыял». У вёсцы Дварэц знаходзіцца самы вялікі сезонны кірмаш клубніцы. Рынак працуе каля трох тыдняў на год. Мясцовыя жыхары, якія вырошчваюць ягады, штосезон вязуць іх на продаж на вазках, роварах і аўтамабілях. Лунінецкі раён, Беларусь. 21 чэрвеня 2021 гоад.
Фота: АЗ / Белсат

Праваслаўнае Раство і каталіцкая Вербная нядзеля, Купалле ў Азярцы і Шоснік на Браслаўшчыне – таксама «экстрэмізм»? Усе жыхары Будслава – «экстрэмісты», ці толькі тыя, якія трапілі ў кадр, ці толькі тыя, якія падзяліліся з сябрамі спасылкай на рэпартаж пра сябе?

Магчыма, гэта «экстрэмісцкі матэрыял». Праваслаўныя вернікі святкуюць Раство Хрыстова ў Свята-Духава кафедральным саборы. 7 студзеня 2021 году.
Фота: АК / Белсат

А бортнік, які выгадаваў ваўкоў? А былы кіроўца МАЗу, які стаў гусляром?

А жыхарка Ізраілю – яна ўсё яшчэ «экстрэмістка», калі ўдзельнічала ў беларускіх пратэстах, але ўжо вярнулася дамоў і робіць там дызайнерскі посуд? А музей народнай архітэктуры пад Беластокам – «экстрэмісцкі», калі там ёсць беларускія хаткі?

Магчыма, гэта «экстрэмісцкі матэрыял». У беластоцкім Музеі народнай архітэктуры.
Фота: Лукаш Леанюк / belsat.eu

І што з гісторыяй? Радзівілы ўсе сем стагоддзяў свайго існавання – «экстрэмісты», ці толькі цяпер? Менск тысячу гадоў таму – ужо «экстрэмісцкі»?

Дапусцім, Кастусь Каліноўскі і Тадэвуш Касцюшка – «экстрэмісты» ў разуменні сучасных беларускіх уладаў. А мясціны, куды ступала іх нага, таксама сталі «экстрэмісцкімі»?

Магчыма, гэта «экстрэмісцкі матэрыял». Ружанскі палац. 12 ліпеня 2021 года.
Фота: ІВ / Белсат

Што мы ведаем і не ведаем

Вось што мы пра гэта думаем:

Пра якія матэрыялы гаворка, не ўдакладняюць. Што менавіта прызналі «экстрэмісцкім», мы таксама не да канца ведаем – як і вы, бачылі толькі гэты скрыншот, на якім нават не завершаны сказ.

«Белсат» прызналі экстрэмісцкім.
Фота: Вольга Чамаданава / Telegram @pressmvd

Ведаем, што «вырашылі прызнаць» (верагодна, «экстрэмісцкім», але гэта не дакладна) сайт Belsat.eu, Telegram-канал «Белсат», Facebook-старонку «Белсат TV» і суполку «УКантакце» з той жа назвай, Instagram-акаўнт «Belsat» і штосьці яшчэ. Мы не ведаем, ці забаранілі, напрыклад, нашую старонку ў «Аднакласніках» або нашыя Youtube-каналы, ці забаранілі праект «Вот так».

Кодэкс аб адміністратыўных правапарушэннях мае артыкул 19.11, які дазваляе караць штрафам да 580 рублёў і магчымай канфіскацыяй тэхнікі за распаўсюд, выраб, захаванне або перавозку з мэтай распаўсюду «інфармацыйнай прадукцыі, якая мае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую дзейнасць». Гаворка не пра матэрыялы са спісу «экстрэмісцкіх», а пра любыя, якія суд палічыць адпаведнымі артыкулу.

Частка 2 таго ж артыкулу дазваляе караць за распаўсюд, а таксама за выраб, захаванне або перавозку з мэтай распаўсюду матэрыялаў, якія ўключылі ў афіцыйны спіс «экстрэмісцкіх». Тут ужо штраф ад 290 да 870 рублёў з магчымай канфіскацыяй тэхнікі, або грамадскія работы, або адміністратыўны арышт.

Магчыма, гэта «экстрэмісцкі матэрыял». Суды Цэнтральнага і Чыгуначнага раёнаў Гомля.
Фота: Ганна Вашчанка / Belsat.eu

На момант публікацыі старонак «Белсату» няма ў Рэспубліканскім спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў. Да таго ж, рашэнне суду фармальна яшчэ не набыла моц, да гэтага мае прайсці 10 дзён з даты суду.

Тэарэтычна, проста падпіска на «экстрэмісцкі» канал не мусіла б трактавацца сілавікамі як «захаванне» – законы не забараняюць чытаць ці глядзець «экстрэмістаў». Але многія расказвалі, што сілавікі насуперак закону лічаць падпіску на «няправільны» канал злачынствам. Напрыклад, старшыня «Маладога фронту» Дзяніс Урбановіч нядаўна расказваў нам, што сілавікі маюць паперку са спісам «забароненых» Telegram-каналаў, «за падпіску на якія аўтаматычна даюць 15 дзён арышту».

Таксама тэарэтычна, ня мусілі б караць за спасылкі на матэрыялы або рэпосты матэрыялаў, зробленыя да рашэння суду. Але ў Беларусі сілавікі нярэдка лічаць, што адпаведны закон мае зваротную моц. Больш за тое, караюць і за тое, што «экстрэмісцкім» не было прызнана ні на момант «злачынства», ні цяпер. Напрыклад, журналістка «Радыё Свабода» Іна Студзінская расказвала нам, што бачыла на Акрэсціна жанчыну, якую затрымалі за перасылку сяброўцы ў Канаду кнігі «Беларуская нацыянальная ідэя» – тую кнігу жанчына пераслала яшчэ ў снежні, а «прыкметы экстрэмізму» ў ёй пабачылі толькі ў канцы сакавіка, а рашэнне суд не прыняў дагэтуль.

Дзякуем нашым чытачам і гледачам, што застаяцеся з «Белсатам» у такія цяжкія часы!

Hавiны
Мужчыну, які зняў здарэнне з атракцыёнамі ў Александрыі, затрымалі і прысудзілі содні арышту
2021.07.13 19:36

АА belsat.eu

Стужка навінаў