У Менску разграмілі кватэру маці Антона Матолькі


Стала вядома, што «сілавікі» у Менску прыйшлі ў кватэру маці Антона Матолькі. Быў праведзены ператрус, які ператварыўся ў сапраўдны пагром памяшкання, аб чым паведамляе тэлеграм-канал «МотолкоПомоги». Грамадскі дзеяч эмацыйна адрэагаваў.

Пагром у кватэры маці Антона Матолькі. Скрыншот з праўладнага тэлеграм-канала

Пазней з’явілася відэа з наступствамі пагрому, які адбыўся ў кватэры Антона Матолькі. Яго размесцілі ў праўладным тэлеграм-канале. На ім «сілавікі» хваляцца разбітым посудам, мэбляй і слядамі разбітага вазону на сцяне.

Антон Матолька эмацыйна адрэагаваў на здарэнне.

Пагром у кватэры маці Антона Матолькі. Скрыншот з праўладнага тэлеграм-канала

«Гэта ўсё, што вам трэба ведаць пра «моцнага лідара з жалезнымі яйкамі», і яго фашысцкую ўзброеную банду, якая настолькі «нічога не баіцца», што праз 2 гады пасля таго, як я выехаў з кватэры – помсціць маёй маме, 1951 года нараджэння. Мы то ўсё прыбяром і паправім. Знайшлі чым палохаць», – напісаў Антон Матолька.

Нагадаем, што гэта ўжо не першы факт ціску на грамадскіх дзеячаў і палітыкаў, якія цяпер жывуць за мяжой, праз іх бацькоў, родных і маёмасць. Нядаўна была разгромлена кватэра Валерыя Цапкала, вазілі на допыты бацькоў опернай спявачкі Маргарыты Ляўчук.

Раман Лугоўскі belsat.eu

Стужка навінаў