Сын і бацька Кузнечыкі паўтара года хаваліся ў амбасадзе, уцяклі ў Латвію – і засталіся без грошай


Яны хацелі атрымаць палітычны прытулак, але пакуль атрымалі толькі лагер уцекачоў і пару еўраў на дзень. Іх называлі «беларускімі Асанжамі», ды цяпер яны амаль на волі – але просяць дапамагчы, пакуль яны не маюць права працаваць.

Уладзіслаў і Віталь Кузнечыкі перайшлі беларуска-латвійскую мяжу. 8 чэрвеня 2022 года.
Фота: Уладзіслаў Кузнечык

Віталь Кузнечык і ягоны сын Уладзіслаў 11 верасня 2020 года пераскочылі цераз плот шведскай амбасады ў Менску і папрасілі там палітычнага прытулку. Улады Беларусі сцвярджалі, што Кузнечыкі напалі на супрацоўнікаў міліцыі. Віталь і Уладзіслаў казалі, што ўцякалі ад палітычна матываванай крымінальнай справы пасля збівання сілавікамі іх саміх. На кадрах з пратэстаў бачна, што міліцыянты без прычыны збіваюць Віталя з ног і пачынаюць яго біць, а сын заступаецца за бацьку.

Сілавікі не сталі штурмаваць замежную амбасаду, каб затрымаць Кузнечыкаў, але і выйсці на волю ім не давалі. Швецыя ж не магла пераправіць іх з амбасады ў бяспечнае месца. Выехаць атрымалася праз удалы збег абставінаў толькі два тыдні таму: іх павезлі нібыта на медычнае абследаванне (а сілавікі іх не спынілі), яны дабраліся да беларуска-латышскай мяжы («праскочыўшы» памежную паласу), прайшлі 10 км пешшу і зноў пералезлі праз плот – ужо памежны. Уцёкі атрымаліся ўнікальныя.

Hавiны
Віталь і Уладзіслаў Кузнечыкі, якія жылі ў амбасадзе Швецыі ў Менску, уцяклі з краіны
2022.06.09 11:22

У лагеры ўцекачоў бяспечна, але грошай бракуе нават на ежу

Цяпер, расказвае «Белсату» Уладзіслаў, яны з бацькам жывуць пад Рыгай у лагеры адкрытага тыпу. Умовы ён называе адносна нармальнымі: у пакоі на чацвярых яны жывуць з бацькам удвох, памяшканне падобнае да інтэрнату, агульная кухня, агульныя туалеты і душ.

«Беларусы ёсць тут, чалавек 7–8, – расказвае Уладзіслаў пра лагер уцекачоў. – Ёсць расейцы, якія выказаліся супраць вайны ці ўцяклі з войска, каб не ехаць ваяваць супраць братняга народу, і пакістанцы ёсць, і са Шры-Ланкі – розныя нацыянальнасці».

Кузнечыкі нібыта на волі, але не зусім. Цягам першых трох месяцаў у Латвіі яны не маюць права працаваць і без легальнага статусу не могуць выехаць у іншую краіну. Без працы яны фактычна не маюць грошай: свае скончыліся, а ў лагеры ўцекачам даюць толькі сціплы сухі паёк і па тры еўры на дзень на чалавека плюс праязны, з якім у Рыгу можна з’ездзіць пяць разоў на месяц. Тыя, хто не мае дадатковай фінансавай дапамогі, «харчуюцца адной бульбай і сухпайком», кажа Уладзіслаў. Была нават праблема з адзеннем, але прынамсі гэта ўжо вырашылі.

Патрэбныя грошы на медычныя абследаванні і далейшае жыццё

Кузнечыкі распачалі збор сродкаў на платформе «GoFundMe», мэтавая сума – каля 26 тысяч долараў. Грошы патрэбныя і на медыцыну, і на паўнавартаснае харчаванне, і на жытло, пакуль яны не знойдуць працу ў Латвіі ці іншай краіне.

І Уладзіславу, і Віталю патрэбныя медычныя абследаванні і лекаванне: Уладзіслаў перанёс анкалагічную хваробу (прапусціў ужо пяць планавых абследаванняў) і мае частковую атрафію зрокавага нерва, Віталь мае праблемы са зрокам і зубамі, часам яму баліць сэрца. У лагеры можна хіба выклікаць «хуткую», а каб аператыўна звярнуцца па сур’ёзныя абследаванні, трэба карыстацца платнай медыцынай.

Уладзіслаў і Віталь Кузнечыкі.
Фота: zerkalo.io

У першы ж дзень у лагеры яны даведаліся ад тамтэйшых беларусаў, што ў Рыгу прыязджае Святлана Ціханоўская – і сустрэліся з ёй. Уладзіслаў згадвае, што тады распытаў яе, як што з беларускімі дыяспарамі ў Латвіі. Потым Кузнечыкі звязаліся з беларускімі і латышскімі актывістамі, але пастанавілі збіраць грошы самастойна з дапамогай юрыста. Пазней скантактаваліся з фондам «BYSOL», але той прапанаваў адкрыць ім новы збор – яны ж вырашылі пакінуць актыўным стары, дзе ім ужо пачалі ахвяраваць грошы.

Уладзіслаў расказвае, што хацеў бы атрымаць дазвол на працу, зняць жытло і запрасіць у Латвію родных, якіх не бачыў год і дзевяць месяцаў: жонку, дваіх дзяцей, маці. А як атрымае легальны статус – папрасіць легалізацыю для родных дзеля ўз’яднання сям’і.

Збор грошай тут.

Аналітыка
За колькі здаюць кватэры ў Варшаве, Вільні, Рызе, Тбілісі і Ерэване? Шукаем двухпакаёўку не ў цэнтры
2022.06.15 11:02

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў