Нямецкі суд прыгаварыў былога ахоўніка канцлагера Заксэнгаўзэн да пяці гадоў турмы


Былога ахоўніка канцлагеру Заксэнгаўзэн асудзілі да пяці гадоў турэмнага зняволення. 101-гадовага мужчыну абвінавацілі ў пасобніцтве ў забойстве тысяч вязняў лагеру, паведамляе «The Guardian». Ён не прызнаваў сябе вінаватым, а ў судзе сцвярджаў, што ніколі не служыў у Заксэнгаўзэне.

Фота ілюстрацыйнага характару.
Фота: Geak / Wikipedia

Суд адбываўся ў федэральнай зямлі Брандэнбург у Нойрупіне.

Працэс доўжыўся 9 месяцаў. Абвінавачаны не прызнаў сябе вінаватым, заявіўшы ў судзе, што ніколі не служыў у Заксэнгаўзэне, а працаваў на ферме ў Памор’і ў перыяд, указаны ў абвінавачанні. Пракуратура аднак прэзентавала дакументы вартаўніка канцлагеру, імя, прозвішча і дата нараджэння якога цалкам супадалі са звесткамі абвінавачанага.

Ёзэф Шуц служыў вартаўніком лагеру з 1942 да 1945 года. На час паступлення на службу мужчыну споўніўся 21 год.

Таксама абвінавачаны заяўляў, што не ведаў нічога пра дзейнасць канцэнтрацыйных лагераў у Нямеччыне і проста не ўяўляе, якім чынам трапіў у суд. Аднак удалося даказаць, што пры ўдзеле і пасіўнай згодзе Шуца былі забітыя мінімум 3518 чалавек.

Нагадаем, што праз канцлагер Заксэнгаўзэн, пабудаваны ўлетку 1936 года, да канца Другой сусветнай вайны прайшлі больш за 200 тысяч вязняў. Сярод іх былі палітычныя апаненты нацысцкага рэжыму, а таксама габрэі, цыганы, замежныя ваеннапалонныя. Дзясяткі тысяч вязняў памерлі ад голаду, хваробаў, прымусовай працы, медычных эксперыментаў.

Раман Лугоўскі belsat.eu

Стужка навінаў