Лідары G7: Абстрэл гандлёвага цэнтру ў Краменчугу – ваеннае злачынства


Лідары краін «Вялікай сямёркі» на сустрэчы ў нямецкай Баварыі выпусцілі сумесную заяву наконт ракетнага абстрэлу расейцамі гандлёвага цэнтру ва ўкраінскім Крамянчугу.

Гандлёвы цэнтр у Краменчугу пасля абстрэлу.
Фота: Кирилл Тимошенко / Telegram

«Мы, лідары G7, асуджаем жахлівы напад на гандлёвы цэнтр у Краменчугу. Мы разам з Украінай смуткуем аб нявінных ахвярах гэтага жорсткага нападу», – гаворыцца ў заяве.

Паводле G7, нявыбарачныя ўдары па ні ў чым не вінаватых цывільных асобах – гэта ваеннае злачынства, а прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін і ўсе вінаватыя будуць прыцягнутыя да адказнасці.

«Сёння мы падкрэслілі нашу непахісную падтрымку Украіны перад абліччам расейскай агрэсіі, неапраўданай самаўпраўнай вайны, якая бушуе ўжо 124 дні», – заявілі лідары «Вялікай сямёркі».

Яны паабяцалі працягваць фінансавае, гуманітарнае і вайсковае падтрыманне Украіны, «пакуль Расея не спыніць сваёй жорсткай і бессэнсоўнай вайны з Украінай».

Між тым кіраўнік Палтаўскай абласной адміністрацыі Дмытро Лунін паведаміў, што колькасць ахвяраў расейскай атакі на гандлёвы цэнтр у Краменчугу вырасла да 18 асобаў. На месцы працягваюць працаваць ратавальнікі.

Абноўлена
У Краменчугу ракета трапіла ў гандлёвы цэнтр з людзьмі. Вядома пра 13 загінулых
2022.06.27 19:45

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў