Кіберпартызаны злілі персанальныя звесткі 477 даносчыкаў


Беларускія кіберпартызаны апублікавалі чарговы масіў інфармацыі пра даносчыкаў у Беларусі. Гэтым разам супольна з «Чорнаю картай» яны апублікавалі персанальныя звесткі 477 асобаў, якія працавалі ў арганізацыі МУС «Ларыскор». Звесткі даступныя на сайце «Чорнай карце акупантаў».

«Чорная карта акупантаў». Скрыншот: blackmap.org

Кіберпартызаны сцвярджаюць, што арганізацыя «Ларыскор» з юрыдычным адрасам у Менску на вуліцы Малая 1, пакой 17а прыкрывала вядзенне аператыўна-вышуковай дзейнасці ў дачыненні патрыятычных грамадзянаў краіны.

Таксама, паводле апублікаваных звестак, каля 75 % супрацоўнікаў установы былі пад судом, а значная частка нават не мае афіцыйнай рэгістрацыі.

Кіберпартызаны мяркуюць, што апошнія асобы выкарыстоўваліся для стварэння «агентуры»: іх закідвалі ў турэмныя камеры для збору інфармацыі альбо маральнага ці фізічнага ціску.

На мінулым тыдні кіберпартызаны злілі ў сеціва запісы праслухоўвання замежных дыпламатычных прадстаўніцтваў у Беларусі ды іх работнікаў. У тым ліку прэзентавалі праслухоўванне з расейскага консульства, прадстаўніцтва Кітаю і г. д.

Падобна, база сапраўдная

Большасць нумароў меркаваных даносчыкаў недаступная, адказваюць толькі асобныя людзі, пазначаныя на «Чорнай карце акупантаў». «Белсат» пагутарыў з трыма асобамі і паведаміў ім пра ўзлом базаў «Ларыскору».

Адзін спытаў, што яму рабіць у сувязі з выцекам ягоных звестак (сказалі яму ўсё адмаўляць), але ўрэшце сказаў, што «яго гэта не хвалюе», не пацвердзіўшы наўпрост працы на гэтую кампанію. Яшчэ пад адным нумарам адказала жонка чалавека з імем, пазначаным на мапе, але сказала, што нумар мужа іншы, а той аказаўся недаступны.

Чалавек з базы «Чорнай карты акупантаў», які працаваў на «Ларыскор». Скрыншот: blackmap.org

Трэці ж чалавек пачаў размову з фразы «Што міліцыянт хоча?». Пачуўшы пра «Ларыскор», перапытаў: «Ларыскор», дзе я працаваў? І што мне цяпер рабіць?» Атрымаўшы інструкцыю ўсё адмаўляць, ён перапытаў, ці інфармацыя ўжо прайшла ў сеціва. Пачуўшы, што яшчэ не, але хутка можа з’явіцца, паслухмяна сказаў, што ў гэтай кампаніі «ніколі не працаваў».

Раман Лугоўскі, Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў