«Не магу прызнацца ў злачынствах, якіх я не здзяйсняў». Віктар Бабарыка выступіў з апошнім словам у судзе


Суд над Віктарам Бабарыкам.
Фота: viktarbabarykaofficial / Telegram

Былы прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта Беларусі Віктар Бабарыка ў сваім апошнім слове ў судзе заявіў, што не прызнае сябе вінаватым у інкрымінаваных яму злачынствах, бо іх не здзяйсняў. Пра гэта паведамляе ТАСС.

«Нягледзячы на тое, што, напэўна, прызнанне ў злачынствах, якіх я не здзяйсняў, было б з пункту гледжання матэрыяльных выгодаў больш правільным, я не магу прызнацца ў злачынствах, якіх я не здзяйсняў», – заявіў канкурэнт Аляксандра Лукашэнкі.

Паводле Бабарыкі, падчас кіравання «Белгазпрамбанкам» «не было дапушчана ніводнага не тое што супрацьзаконнага дзеяння або прымусу, але нават не было дапушчана ніякага намёку на магчымасць здзяйснення супрацьпраўных дзеянняў».

«Я ведаю, што мноства людзей, якія былі з намі ў штабе, валанцёры, сябры ініцыятыўнай групы і ўсе астатнія працягнулі тое, што было распачата, працягнулі працу. Я не назаву гэта барацьбою, бо гэта жыццё, гэта частка іхнага жыцця для пабудовы той Беларусі, пра якую мы гаворым да гэтага часу», – прыводзіць тэкст выступу Віктара Бабарыкі «Медиазона».

Прысуд Бабарыку ды іншым фігурантам «справы «Белгазпрамбанку» абвесцяць 6 ліпеня. Адзначым, што менавіта ў гэты дзень расейскі «Газпром» прыпыніць на некаторы час транзіт газу праз Беларусь.

Артыкулы
Бабарыка з СІЗА даў інтэрв’ю расейскаму РБК: Румынскі сцэнар змены ўлады магчымы
2021.06.18 15:13

Віктар Бабарыка кіраваў «Белгазпрамбанкам» 20 гадоў. У траўні 2020-га ён абвесціў пра свой удзел у прэзідэнцкіх выбарах, сабраў самую вялікую ініцыятыўную групу і самую вялікую колькасць подпісаў сярод апазіцыйных кандыдатаў. Ужо ў чэрвені яго затрымалі нібыта за карупцыю. На падставе абвінавачання ЦВК забараніла Бабарыку браць удзел у выбарах.

Суд над палітыкам пачаўся толькі ў сакавіку 2021 года. Пракурор просіць для яго 15 гадоў зняволення.

Артыкулы
Мінуў год з затрымання Віктара Бабарыкі
2021.06.18 10:23

Прыводзім тэкст выступу Віктара Бабарыкі цалкам

(цытуецца паводле расшыфроўкі «Медиазона»)

Высокі суд, Паважаныя спадарыні і спадары. Я не буду станавіцца на шлях ацэнкі таго, што адбываецца з пункту гледжання юрыдычнай практыкі, бо ўсё, што было выказана маімі адвакатамі, я цалкам падтрымліваю і лічу аб’ектыўна прадстаўленай карцінай для ацэнкі і сваім поўным і аргументаваным поглядам і <нрзб> перадачай.

Я спынюся проста на чалавечай сітуацыі і магу сказаць, што мне, напэўна, у жыцці пашанцавала, я вельмі моцны чалавек, таму ў сямʼі ў нас не было ніколі ніякіх сумненняў у тым, што любы ўчынак трэба ацэньваць перадусім з пункту гледжання маральнасці, а не матэрыяльных нейкіх страт. І простай мовай можна сказаць, што трэба пражыць сваё жыццё так, каб табе не было сорамна перад людзьмі, з якімі ты па гэтым жыцці сутыкаешся.

Пражыўшы досыць вялікі кавалак свайго жыцця, знаходзячыся ў гэтай клетцы, я магу дакладна сказаць, што мне не сорамна за сваё жыццё перад людзьмі, з якімі я сутыкаўся. Мне не сорамна перад сваёй сямʼёй, перад жонкай і дзецьмі. Нават нягледзячы на тое, што сын знаходзіцца ў турме, бо асноўная віна яго ў тым, што ён мой сын. Дачка, якая жыве, на жаль, не ў Беларусі вымушана. І калі шчыра, вельмі актыўна падключылася да сітуацыі і са мной – і я ёй вельмі ўдзячны, што на самой справе менавіта яна стала не проста памочнікам, але яна стала часткай Беларусі.

Мне не сорамна чаму? Бо перад рашэннем, якое было прынятае ў траўні, мы абмяркоўвалі нашу сітуацыю – і яны заўсёды ведалі, што я ніколі іх не падманваў. Яны былі часткай майго жыцця не толькі сямейнай, але і працоўнай: яны ведалі ўсё пра ўсе праекты, з якімі мы сутыкаліся па працы. І нягледзячы на тое, што, напэўна, прызнавацца ў злачынствах, якіх я не здзяйсняў… напэўна, гэта было б з пункту гледжання матэрыяльных выгод больш правільна. Але я іх не падмануў. Я не магу прызнавацца ў злачынствах, якіх я не здзяйсняў.

Мне не сорамна перад сваімі сябрамі і блізкімі. У кола блізкіх я ўключаю не толькі сваякоў, але і людзей, якія былі са мной па жыцці, у тым ліку і па працы. Не толькі з пункту гледжання падпарадкаванасці, а проста вось па-чалавечы дапамагаюць мне і маёй сямʼі вырашаць у тым ліку і не толькі працоўныя, але і бытавыя праблемы. Чаму? Бо ніколі ў межах нашага стасункаў не было дапушчана ніводнага не тое што супрацьзаконнага дзеяння, але нават не было дапушчана ніякага намёку на магчымасць здзяйснення супрацьпраўных дзеянняў ва ўгоду мне ці каму-небудзь яшчэ.

Мне не сорамна перад супрацоўнікамі банку за тое, што разам з імі на працягу амаль 25 гадоў мы зрабілі адзін з лепшых банкаў гэтай краіны. Яго рабіла ў тым ліку і каманда, частка з якой знаходзіцца ў гэтай клетцы і якая лічыць сябе злачынцамі. Гэта значыць лічыць мяне таксама злачынцам. І кажуць пра тое, што ў сілу гэтых дасягненняў і іх рашэнняў былі прадыктаваныя хабары і матываваныя выключна тым, што людзі выплачвалі нейкае незаконнае ўзнагароджанне. Я ведаю, што гэта не так. Бо ні разу ў жыцці за ўсе гэтыя 25 гадоў гэтыя людзі, якія дапамагалі расці мне – і, напэўна, нейкую частку, я ўжо не ведаю, якую, я таксама нейкім чынам дапамагаў – не пачулі ні ад мяне, ні ад каго яшчэ, што яны павінны нейкія дзеянні рабіць за нешта, у інтарэсах іншых людзей, акрамя нашых кліентаў, нашых супрацоўнікаў і нашых акцыянераў. І таму што б яны тут ні казалі, што б ні казалі іх адвакаты. Я ў гэта да гэтага часу не веру. І таму мне не сорамна перад імі, бо і я ім ніколі нічога не казаў, я іх ніколі не падманваў.

Мне не сорамна перад нашымі кліентамі, бо той дэвіз, які напісаны на «Белгазпрамбанку»: ««Белгазпрамбанк» – энергія тваёй будучыні» – у поўнай меры рэалізоўваўся ўсе гэтыя гады, калі мы працавалі ў гэтым банку. І я <нрзб> менавіта вось гэта, выяўляецца, тыя праекты, якія былі рэалізаваныя, цяпер зʼяўляюцца часткай абвінавачванняў. Людзі, якія сталі з пачатковай кропкі, у якой маглі быць проста ідэі, якія думалі, як гэта закрываць бізнес ці ўвогуле нічога, стварылі найбуйнейшыя кампаніі не толькі «Белгазпрамбанку», але і Беларусі. Гэтая кампанія – найбуйнейшы падаткаплацельшчык, які дае працу людзям і, што самае галоўнае, гэта кампанія, якая дапамагала таму самому фармаванню сярэдняга класа, які ўваходзіць у паняцце місіі «Белгазпрамбанку». І таму мне не сорамна перад кліентамі нягледзячы на тое, што было сказана, што, аказваецца, гэты поспех быў рэалізаваны выключна ў рамках гвалту над кліентамі, прымушаючы іх рабіць нейкія супрацьпраўныя дзеянні і выплачваць нейкія ўзнагароды за іх поспех.

І мне не сорамна перад тымі людзьмі, якія пасля траўня, 12 мая, калі я прыняў рашэнне і заявіў пра жаданне вылучыць сваю кандыдатуру на пасаду прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, паверылі ў мяне і сталі чальцамі майго штаба. <нрзб> валанцёрам гэты штаб і цяпер, вы ведаеце, неверагодная рэч – тое, што яны зрабілі, ацэньваецца ў мільёны долараў. За гэта яны нічога не атрымалі. Напэўна, толькі пазбаўленне волі, матэрыяльных выгод і ўсяго астатняга.

Мне не сорамна перад сябрамі ініцыятыўных груп, якія на другім этапе падтрымалі і літаральна за 10 дзён сфармавалі больш за 10 тысяч прыхільнікаў, якія прыцягнулі сотні тысяч людзей, якія паставілі подпісы за маю кандыдатуру. І гэтыя людзі, сотні тысяч, паверылі, што той падзяляемы вобраз будучыні Беларусі, у якой можна пабудаваць краіну з агульначалавечымі каштоўнасцямі на базе павагі асобы, з магчымасцю зрабіць так, каб гэта была краіна не персаніфікаваная.

«Я ведаю, што вы хочаце». Не, мы хочам жыць у краіне, у якой мы ведаем, што мы хочам. І вось я быў сумленны перад імі ў тым, што я не хаваў свайго стану, не хаваў сваёй праграмы, і за вельмі кароткі перыяд, крыху больш за месяц, я ўбачыў тую Беларусь, тых людзей, у якіх не проста ёсць шанец, у якіх, я бачу, яшчэ будзе Беларусь – усмешлівая, сумленная, адкрытая. І, безумоўна, гэта мая ацэнка, і мне не сорамна, але, каб быць абʼектыўным, вядома, было б выдатна даведацца і адваротны бок, ацэнку вось гэтага ўсяго з пункту гледжання: «а ці сорамна ім за мяне?».

На жаль, вось ужо больш за год я знаходжуся ў СІЗА, дзе не проста ізаляваная мая фізічная свабода, але і практычна адсутнічае магчымасць доступу да інфармацыі. І за гэты час усяго толькі, напэўна, адрасатаў 10-15 прарвалася да мяне, і я атрымліваю іх лісты з рэгулярнасцю адзін-два на тыдзень.

З незнаёмых людзей да мяне на рэгулярнай аснове толькі прарваліся тры чалавекі і на сённяшні момант там засталося толькі, я прашу прабачэння за гэтую фразу, упартыя мае, дзякуй велізарны ўсім вам за гэтую падтрымку. І таму, знаходзячыся ў гэтай абмежаванай інфармацыйнай прасторы, я не ведаю дакладна думкі людзей пра мяне і як яны ацэньваюць мае ўчынкі. Але я ведаю пэўныя факты, таму я магу абапірацца на іх.

Я ведаю, што мноства людзей, якія былі з намі ў штабе, валанцёры, сябры ініцыятыўнай групы і ўсе астатнія працягнулі тое, што было пачата, працягнулі працу. Я не назаву гэта барацьбой, бо гэта жыццё, гэта частка іх жыцця па пабудове той Беларусі, пра якую мы гаворым да гэтага часу.

– Абвінавачаны Бабарыка, я вас усё-ткі вымушаны перапыніць, бо дакранаецеся абставінаў, якія не маюць дачынення да справы, – умешваецца суддзя Ігар Любавіцкі.

– Я лічу, што гэта датычыць…

– Я прашу вас гэта ўлічыць.

– Добра.

– Працягвайце, калі ласка.

– Значыць, я буду кароткі. І гэтыя людзі за свае ўчынкі, многія з іх, ахвяравалі сваім матэрыяльным дабрабытам, некаторыя з іх ахвяравалі свабодай і асобныя нават жыццём. І я ўпэўнены, што не павінна быць сорамна за мяне, бо я сапраўды гэтак жа пастараўся быць сумленным перад імі і не здзяйсняў ніякіх дзеянняў супраць заканадаўства Рэспублікі Беларусь, у тым ліку крымінальнага і выбарчага. Я не ведаю інфармацыі пра стаўленне кліентаў да мяне, за выключэннем, як я ўжо сказаў, тых, хто знаходзіцца тут або каго прыводзілі сюды ў кайданках, як сведак. Але я ведаю простыя лічбы.

У той час, калі банкам кіравала ў тым ліку і гэтая каманда, асядаемасць кліентаў была больш як 95%. Што гэта значыць? Менш як 5%, становячыся кліентамі «Белгазпрамбанку», сыходзілі з банку. Я не веру ў тое, што яны сыходзілі таму, што іх прымушалі рабіць нешта, што ім не выгадна. Іх, як кажуць тыя кліенты, якія знаходзяцца на лаве падсудных, прымушалі нешта рабіць. І, аказваецца, усе іх рэалізацыі мары, ператварэнне іх у паспяховых бізнесменаў было навязана супрацоўнікамі банку. Я ўжо не ведаю, наколькі гэта добра ці правільна, але мне здаецца, што ўсё ж такі лічбы кажуць пра тое, што мне не павінна быць сорамна кліентам «Белгазпрамбанку» за топ-менеджмент, які быў сфармаваны.

Я не ведаю меркавання супрацоўнікаў «Белгазпрамбанку», бо тыя супрацоўнікі, якія казалі… зноў жа, частка з іх знаходзіцца тут, частка з іх прыводзілася ў кайданках. Але я не пачуў ніводнага чалавека, які выступаў за той бок барʼера, аб тым, што ім сорамна было працаваць у «Белгазпрамбанку» пад кіраўніцтвам гэтых людзей. І я бачыў тых, што прыходзяць сюды, супрацоўнікаў «Белгазпрамбанку». Мне здаецца, што частка, я не ведаю якая частка, але ім сапраўды гэтак жа не павінна быць сорамна, у тым ліку і за мяне.

Я не ведаю думкі сяброў маіх блізкіх <нрзб>, бо я яе не чую. Асабліва тых, хто гэтак жа, як і я, знаходзіцца ва ўмовах абмежавання волі. Але я бачыў сваякоў гэтых людзей. Я бачыў іх у гэтай зале. Ніводны з іх… я не ўбачыў, каб адчуваў пачуццё непавагі да мяне. Можа, я памыляюся, але я не думаю, што яны прыходзілі проста паглядзець. Я думаю, што яны прыходзілі выказаць падтрымку.

Але я ведаю. І гэта дакладна, я ведаю, тую ацэнку, якую мне паставілі, самая важная для мяне. Мае дзеці. Яны сказалі самыя важныя для мяне словы, і гэта праўда, і гэта я дакладна ведаю. Яны сказалі: «за тату не сорамна».

І ў завяршэнне сваёй прамовы я хачу сказаць, што наша жыццё гэта не спрынт, калі можна ірвануць або <нрзб> і потым адпачываць, або нешта зрабіць дрэннае, забыцца і перабегчы гэтую дыстанцыю. Наша жыццё – гэта марафон. Мы не ведаем, хто пераможа. Мы не ведаем дату старту і мы не ведаем дату фінішу. Але на гэтай дыстанцыі мы заўсёды апынаемся ў сітуацыі, калі даводзіцца рабіць выбар, і часам гэты выбар цяжкі, бо ў розных плоскасцях ляжаць матэрыяльныя выгады і маральныя каштоўнасці. І ў нас заўсёды так.

Ёсць два аргументы. Першы – мы заўсёды кажам: «Мы робім дрэнна, бо нас прымусілі, бо нас папрасілі не пазбавіцца працы, нам не дадуць прэміі, не ведаю, кватэры, пасады і ўсё астатняе». Але не гэта важна. У душы мы заўсёды гаворым – мы гэта робім не для сябе, а дзеля нашых дзяцей, дзеля нашых блізкіх. Дзеля тых, каго мы шануем. Мы апраўдваем сябе тым, што мы ахвяруем сабой у імя нашых дзяцей.

Дык вось, што я вам хачу пажадаць усім, каб вы на любой частцы гэтай дыстанцыі пасля любога вашага выбару менавіта ад гэтых людзей пачулі тое ж самае меркаванне – што ім за вас не сорамна. Дзякуй.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў