Беларускія памежнікі не заўважылі рэзкага росту колькасці нелегальных мігрантаў на мяжы з Літвой


Мігранты на літоўскай мяжы.
Фота: pasienis.lt

У той час як у Літве колькасць нелегальных мігрантаў, затрыманых на мяжы з Беларуссю, ужо ў сем разоў перавысіла паказнікі ўсяго 2020 года, беларускія памежнікі заяўляюць, што сітуацыя не адрозніваецца ад папярэдніх гадоў.

У эфіры «Беларусь 1» начальнік Смаргонскай памежнай групы Максім Бутранец адзначыў, што колькасць нелегальных мігрантаў на беларуска-літоўскай мяжы на звычайным узроўні.

«Колькасныя паказнікі выяўленых і затрыманых памежнікамі Смаргоні грамадзянаў трэціх краінаў – Афганістану, Іраку, Турцыі, Шры-Ланкі – супастаўныя з лічбамі папярэдніх 5–7 гадоў і не выходзяць за межы прагнозу, характэрнага для вяснова-летняга перыяду», – заявіў Бутранец.

Hавiны
Літоўскія памежнікі затрымалі яшчэ 47 чалавек на мяжы з Беларуссю
2021.06.27 16:33

У Літве іншыя лічбы

Між тым у Літве заяўляюць, што сёлета затрымалі 555 нелегальных мігрантаў, якія спрабавалі трапіць у краіну праз Беларусь. Гэта амаль у сем разоў вышэй, чым было ў 2020 годзе. Тады быў затрыманы 81 такі замежнік.

Сярод затрыманых сёлета на мяжы з Беларуссю найбольшая колькасць грамадзянаў Іраку – 361. 46 чалавек з Ірану, 45 – з Сірыі, 39 – з Беларусі, 17 – з Расеі, 11 – з Турцыі, 10 – з Шры-Ланкі, 6 – з Таджыкістану, па 4 – з Гвінеі ды Індыі, 3 – з Афганістану, па 2 – з Емену, Егіпту, Марока і Гамбіі, 1 грамадзянін Самалі.

Гібрыдная вайна

Міністр унутраных справаў Літвы Агне Білатайце назвала рэзкі рост колькасці нелегальных мігрантаў сродкам у гібрыднай вайне Аляксандра Лукашэнкі супраць Літвы. Паводле яе, у Вільні ёсць доказы таго, што ў гэтым працэсе бяруць удзел улады Беларусі, перадае «Delfi»:

«У нас сапраўды ёсць доказы дачынення беларускіх памежнікаў да гэтага працэсу, гэта факт. Гэта арганізаваная дзейнасць, пэўная схема – добра арганізаваная, спланаваная. Гэта вялікія грошы, бо перавоз аднаго чалавека каштуе каля $ 15 тысячаў. Такім чынам, гэта відавочна прыбытковыя злачынствы з удзелам рэжыму і саміх чыноўнікаў».

Паводле Білатайце, Літва раней не сутыкалася з такімі вялікімі плынямі нелегальных мігрантаў. Міністр падкрэсліла, што гэта праблема не толькі Літвы, але і ўсяго Еўрапейскага Звязу.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў