Сабаку Патрона ўзнагародзілі прэстыжнай прэміяй на Канскім кінафестывалі


Джэк-расэл-тэр’ер Патрон, які стаў вядомым тым, што дапамагае ўкраінскім вайскоўцам у размінаванні вызваленых тэрыторыяў, 27 траўня атрымаў на Канскім кінафестывалі прэмію «Palm Dor Award» («Пальмавы сабака»). Пра ўзнагароду паведаміла на сваёй старонцы ў Фэйсбуку Дзяржаўная служба надзвычайных сітуацыяў Украіны.

Сабака-сапёр на мянушку Патрон на руках у гаспадара. Чарнігаўская вобласць, Украіна. 11 траўня 2022 года.
Фота: Белсат

«Наш Патрон стаў кіназоркаю! Сёння ў Канах яму прысуджаная прэмія «Пальмавы сабака» – гэта самая прэстыжная ў свеце кінапрэмія, якой узнагароджваюць чатырохлапых. А паколькі Патрон стаў зоркай сусветнай кінахронікі за апошнія пару месяцаў, журы адзінагалосна вырашыла, што наш хвастаты піратэхнік годны «Пальмавага» статусу», – гаворыцца ў паведамленні.

У Дзяржаўнай службе надзвычайных сітуацыяў таксама распавялі, што Патрон не прысутнічаў на цырымоніі ўзнагароджання, і выказалі спадзяванне, што пасля перамогі сабака «наведае сусветную кінасталіцу, каб правесці афтограф-сесію для сваіх фанаў».

Hавiны
Ён не службовы сабака. Мы даведаліся, хто такі Патрон, якога ўзнагародзіў Уладзімір Зяленскі
2022.05.11 21:46

ДзяржКіно Украіны распавядае, што прэмію «Palm Dog Award» Канскі фестываль уручае найлепшаму сабаку, які зняўся ў фільме – удзельніку кінафестывалю. Узнагароджваць жывёлу пачалі ў 2001 годзе на ініцыятыву журналіста Тоўбі Роўза (Toby Rose).

Сабака-сапёр на мянушку Патрон пасля выбуху абнюхвае варонку. Чарнігаўская вобласць, Украіна. 11 траўня 2022 года.
Фота: Белсат

Прэмія Патрона мае адзнаку «Palm Dog Humanitarian», што азначае ўклад у сувязь паміж чалавецтвам і сабакамі.

Галоўную ж узнагароду для чатырохлапых актораў сёлета выйграў пудзель Брыт, які зняўся ў фільме «Ваенны поні».

«Я атрымаў самую прэстыжную ўзнагароду для сабак у Канах – «Palm Dog Humanitarian»! Пры іншых жыццёвых абставінах я радаваўся б і вярцеў хвастом. Але рэчаіснасць пакуль не тая. Падчас узнагароджання прамову Міхайлы (гэта мой чалавек і калега) выразалі. У ёй ён прасіў натхняцца маёй адвагай і даваць больш зброі Украіне. Чым больш зброі цяпер, тым менш у ворага, каб замінаваць нашыя тэрыторыі. Я ўдзячны за тое, што мне пляскалі. Я таксама буду пляскаць, калі атрымаю самую важную ўзнагароду ў свеце: навіну пра перамогу Украіны», – такі допіс з’явіўся на «Інстаграм»-старонцы Патрона.

Канскі кінафестываль – 2022 распачаўся 17 траўня і закончыцца 28 траўня. На цырымоніі адкрыцця фестывалю праз відэсувязь выступіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў