Дзе атрымаць еўрапейскую адукацыю? Агляд магчымасцяў для беларусаў


Атрыманне вышэйшай адукацыі за мяжой набірае ўсё большую папулярнасць сярод беларусаў. Для студэнтаў, выключаных з беларускіх ВНУ за свае погляды, а таксама для дзяцей беларусаў, якія былі вымушаныя ўцякаць за мяжу ад рэпрэсіяў, пошук магчымасцяў для навучання ў іншых краінах робіцца неабходнасцю. Мы паглядзелі, што прапаноўваюць бліжэйшыя да Беларусі краіны Еўразвязу.

Выпускнікі фатаграфуюцца на памяць каля будынку Акадэміі кіравання ў Менску, Беларусь. 26 лютага 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

Літва: Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт

У Вільні з 2005 года працуе Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт, які з 1992 да 2004 года даваў адукацыю беларускім студэнтам у Менску.

Сёлетняя прыёмная кампанія ў ЕГУ распачалася 2 траўня і працягнецца да 10 ліпеня.

Набор вядзецца на вочную і завочную формы навучання на бакалаўрскія праграмы:

  • «Візуальны дызайн» (кошт для беларусаў – € 1300 за семестр на вочнай форме, € 900 на завочнай);
  • «Еўрапейская спадчына» (€ 1200 за семестр вочнага навучання, € 850 – за завочнае);
  • «Медыі і камунікацыя» (€ 1250 і € 880);
  • «Сусветная палітыка і эканоміка» (€ 1250, € 880);
  • «Тэатральнае мастацтва і акторская ігра» (€ 1500 за семестр вочнага навучання, завочнай формы няма).

Працягласць вочнага навучання на бакалаўрскіх праграмах – 4 гады, завочнага – 5 гадоў.

На праграме «Міжнароднае права і права Еўрапейскага Звязу» навучанне бесперапыннае. Працягласць – 5 гадоў. Кошт – € 1300 за семестр на вочнай форме, € 900 – на завочнай.

Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт у Вільні, Літва.
Фота: 34travel.me

Таксама ідзе набор на магістарскія праграмы:

  • «Візуальная пластыка» (працягласць 2 гады, кошт – € 1250 за семестр);
  • «Публічная палітыка» (працягласць 1,5 года, кошт – € 1200 за семестр);
  • «Развіццё культурнай спадчыны» (1,5 года, € 1150 за семестр);
  • «Гендарныя даследаванні» (1,5 года, € 1200 за семестр).

Абітурыенты могуць прэтэндаваць на 50-адсоткавае ці на 100-адсоткавае пакрыццё кошту навучання на падставе партфоліа. Партфоліа складаецца з дакументаў, якія пацвярджаюць дасягненні абітурыента на момант паступлення (дыпломы з конкурсаў, алімпіядаў, канферэнцыяў, сертыфікаты аб удзеле ў сацыяльных і валанцёрскіх праграмах, электронныя версіі творчых працаў і да т. п.). Таксама трэба прыкласці суправаджальны ліст, у якім растлумачыць, як усе гэтыя дасягненні звязаныя з місіяй ЕГУ.

Надзвычайны фонд ЕГУ падтрымлівае студэнтаў, якія былі адлічаныя ці не могуць вучыцца ў беларускіх ВНУ з палітычных прычынаў. Сума і ўмовы падтрымання залежаць ад кожнага канкрэтнага выпадку.

Інтэрв’ю
Ад 1300 да 2000 долараў: ці каштуе сваіх грошай платнае навучанне ў беларускіх ВНУ
2022.04.19 09:00

Польшча: Праграма Каліноўскага і Беларуская акадэмія

Адна з найбольш папулярных праграмаў, якая дае магчымасць бясплатнага навучання ў Польшчы, – Праграма Каліноўскага, створаная ў 2006 годзе, каб падтрымаць рэпрэсаваных студэнтаў з Беларусі. Сёлета прыём дакументаў ужо закончыўся – ён працягваўся да 15 траўня.

Студэнты, якія навучаюцца ў розных ВНУ Польшчы на Праграме Каліноўскага, атрымліваюць стыпендыю 1250 злотых на месяц на бакалаўрыяце і 1500 злотых – на магістратуры. Падрабязней аб праграме можна даведацца тут.

Дворец культуры и науки в Варшаве, Польша
Від на Палац культуры і навукі ў цэнтры Варшавы, Польшча. 2 снежня 2021 года.
Фота: АГ / Белсат

З 2020 года ў Польшчы дзейнічае Беларуская акадэмія, якая дае магчымасць беларусам атрымаць еўрапейскі дыплом праз навучанне онлайн.

З 1 чэрвеня да 1 верасня будзе праходзіць прыём дакументаў на новы навучальны год. Абітурыентам будуць прапанаваныя дзве магістарскія спецыяльнасці і адна бакалаўрская. Больш дакладную інфармацыю кіраўніцтва Акадэміі абяцае падаць неўзабаве.

Папярэдні набор праходзіў да 15 лютага бягучага года па спецыяльнасці «Менеджмент і медыяцыя». Кошт складаў PLN 4400 за год навучання (каля $ 1000).

Залічэнне адбываецца без экзаменаў. Навучанне праходзіць у розных ВНУ Польшчы ў залежнасці ад праграмы.

Каб вучыцца ў Беларускай акадэміі, неабавязкова нікуды выязджаць – навучанне вядзецца цалкам онлайн. Мовы навучання – беларуская і расейская. У сакавіку бягучага года Акадэмія атрымала афіцыйны дазвол на выкладанне на беларускай мове.

Па сканчэнні навучання выдаецца дыплом польскай ВНУ, які прызнаецца ў Еўразвязе.

Дадаткова навучанне ў Беларускай акадэміі дае магчымасць атрымання візы, права на працу ў Польшчы, ільготы на праезд у грамадскім транспарце, права на атрыманне часовага побыту ў Польшчы.

Адрас для кантакту і падачы дакументаў: ba@wskm.edu.pl. Інфармацыю можна атрымліваць у тэлеграм-канале і тэлеграм-чаце навучальнай установы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: ЮШ / Белсат

Беларуская акадэмія была створаная ў кастрычніку 2020 г. у Беластоку. Яна аб’ядноўвае некалькі дзясяткаў выкладчыкаў з розных краінаў, якія так ці інакш звязаныя з Беларуссю. Акадэмія працуе на валанцёрскіх пачатках, не карыстаецца грантамі, і гэта не аднаразовы праект. Каардынатар і суарганізатар Беларускай акадэміі – беластоцкі фонд «Okno na Wschod».

Беларускія абітурыенты з картай паляка могуць спрабаваць паступіць у любую польскую ВНУ, бо навучанне для іх будзе бясплатным на ўсіх узроўнях – бакалаўрыят, магістратура.

Уступная кампанія ў польскія ВНУ распачалася 16 сакавіка і працягнецца да 15 кастрычніка 2022 года. У кожным універсітэце могуць быць свае тэрміны, таму трэба сачыць за інфармацыяй.

Для студэнтаў з Усходняй Еўропы і постсавецкай прасторы ў Польшчы існуюць стыпендыі.

Hавiны
БДУ апусціўся на 30 пазіцыяў у Сусветным рэйтынгу ўніверсітэтаў
2022.04.26 17:58

Нямеччына

Беларускія студэнты могуць паспрабаваць выйграць конкурс на навучанне ў нямецкай ВНУ цягам семестру. Стыпендыяльная праграма працуе ўжо 16 гадоў пры падтрыманні Таварыства студэнцкіх абменаў з Цэнтральнай і Усходняй Еўропай (GFPS). Конкурс праводзіцца два разы на год – студэнтаў набіраюць на зімні і летні семестры. Стыпендыя ў межах праграмы складае € 800 на месяц. GFPS аплочвае студэнцкія ўнёскі, медычную страхоўку, кампенсуе выдаткі на дарогу з Беларусі да Нямеччыны і назад. За арэнду жытла студэнт мусіць плаціць самастойна.

Гамбург, Нямеччына.
Фота: Karsten Bergmann / pixabay.com

Каб прэтэндаваць на гэтую праграму, трэба быць студэнтам аднаго з беларускіх ВНУ (адвучыцца хаця б 4 семестры), мець грамадзянства Беларусі. Студэнты выпускных курсаў не могуць прэтэндаваць на стыпендыю. Таксама патрэбны сертыфікат, які пацвярджае добрае валоданне нямецкай мовай – не ніжэй за В2.

Наступны набор будзе на летні семестр 2023 года. За інфармацыяй можна сачыць тут.

Беларусы могуць таксама паспрабаваць паступіць у любую нямецкую ВНУ на агульных умовах. Навучанне ў дзяржаўных установах бясплатнае, але прыйдзецца заплаціць студэнцкія ўнёскі. ВНУ Нямеччыны дзеляцца на ўніверсітэты і вышэйшыя школы. Універсітэты даюць больш тэарэтычную і навуковую адукацыю, вышэйшыя школы – практычную. Дыпломы і ўніверсітэту, і вышэйшай школы маюць аднолькавую вартасць.

Каб паступіць у ВНУ ў Нямеччыне, трэба адвучыцца 12 гадоў. Для беларусаў, якія вучацца ў школе 11 гадоў, існуюць такія варыянты:

  • пасля школы ў Беларусі паступіць у школу-пансіянат у Нямеччыне;
  • пасля заканчэння беларускай школы пайсці на падрыхтоўчае аддзяленне пры нямецкай вучэльні – Studienkolleg;
  • закончыць 1–2 курсы беларускай ВНУ і потым паступіць на падобную спецыяльнасць у Нямеччыне.

Важна добра ведаць нямецкую мовы – узровень не ніжэйшы за В2 – С1.

Дакументы нямецкія ВНУ прымаюць два разы на год – улетку і зімой. Аднак у кожнай установе могуць быць свае патрабаванні.

Інтэрв’ю
Таццяна Шчытцова пра новы Кодэкс аб адукацыі: Фактычна, гэта схаваная форма сацыяльнага рабства
2022.03.16 07:30

Чэхія

У Чэхіі адукацыя ў дзяржаўных і грамадскіх ВНУ бясплатная для грамадзянаў любой краіны, але вучыцца прыйдзецца на чэшскай мове. Існуе шмат магчымасцяў прайсці падрыхтоўчыя моўныя курсы. Таксама можна атрымаць стыпендыю.

Прага, Чэхія.
Фота: Aron Molnar / pixabay.com

Традыцыйна ўступная кампанія ў чэшскія ўніверсітэты выглядае так:

  • люты-сакавік: падача заяваў у ВНУ (так званыя «прыглашкі» – přihlášky);
  • чэрвень: уступныя экзамены;
  • ліпень: запіс на навучанне.

У асобных ВНУ этапы ўступнай кампаніі могуць адрознівацца, таму дакладную інфармацыю трэба высвятляць на сайтах універсітэтаў.

Сёлета падчас сустрэчы са Святланай Ціханоўскай міністр адукацыі Чэхіі запэўніў, што беларускія студэнты могуць разлічваць на стыпендыі, якія дае чэшскі ўрад.

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў