Жыхароў Сухарава пакаралі арыштамі за дваровы марш. Адна падсудная кажа, што выходзіла ў краму


Вечарам 26 траўня ў менскім раёне Сухарава прайшоў дваровы марш з трыма дзясяткамі ўдзельнікаў. Тады затрыманняў не было, аднак пазней людзей сталі затрымліваць у іх кватэрах, расказваюць назіральнікі «Вясны».

У Фрунзенскім РУУС на меркаваных удзельнікаў склалі адміністрацыйныя пратаколы за «несанкцыянаваную акцыю», 28 траўня разглядзелі справы ў судзе Фрунзенскага раёну.

53-гадовая Святлана Геваідзян-Рогава заявіла, што яна не брала ўдзелу ў шэсці, а ў той вечар выходзіла з дому ў краму і паліклініку. У яе дома 27 траўня правялі агляд, канфіскавалі сцягі, стужкі, планшэт і тэлефоны, саму яе затрымалі. Суддзя Марыя Ярохіна асудзіла яе на 15 дзён арышту.

Суддзя Андрэй Млечка разглядаў справы 54-гадовай Наталлі Дырыкавай і 41-гадовай Святланы Аганавай. Яны абедзве пацвердзілі, што бралі ўдзел у маршы, аднак сваякі Святланы сцвярджаюць, што ў той вечар яна была дома разам з імі – і «не разумеюць, чаму яна сябе агаворвае».

Ён жа разглядаў справу Ірыны Малец, якую насуперак закону пратрымалі ў РУУС амаль цэлы дзень, хоць у яе дома застаўся 4-адовы сын. Яе вінавацілі ў тым, што яна брала ўдзел у акцыі, хоць насамрэч яна здымала шэсце на відэа са сваёй кватэры на 12-м паверсе. Супраць Ірыны Малец раней пачыналі справу за «несанкцыянаваную акцыю», але пасля абскарджання аднаго са штрафаў справа не вярнулася з «дапрацоўкі». Супрацоўнікі міліцыі пры затрыманні, як сцвярджаюць назіральнікі «Вясны», сказалі: «Вы думалі, мы пра вас забыліся?». Суддзя Млечка ў выніку пакараў Ірыну максімальна магчымым штрафам у 5800 рублёў.

Паводле назіральнікаў «Вясны», міліцыянт на судзе патлумачыў, што падчас маршу нікога не затрымалі, бо не паспела падʼехаць асноўная «сіла».

АА belsat.eu

 

Стужка навінаў