Жанчыну завочна асудзілі на «хімію» за ўкусы міліцыянтаў пры затрыманні


Жыхарку Віцебскага раёну Таццяну Туравец засудзілі сёння на тры гады абмежавання волі ва ўстанове адкрытага тыпу. Яе прызналі вінаватай у гвалце і пагрозах гвалтам над міліцыянтамі (арт. 364 КК РБ).

Суддзя Наталля Траццякова на працэсе супраць Таццяны Туравец, 28 траўня 2021 года.
Фота: Белсат

Пастанову пра пакаранне агучыла суддзя Наталля Траццякова. Дзяржаўны абвінаваўца Мікіта Раманоўскі прасіў для падсуднай тры гады пазбаўлення волі.

Таццяна Туравец на абвяшчэнне выраку не прыйшла. Дзе яна, пакуль невядома. Падчас працэсу была пад падпіскаю пра нявыезд.

50-гадовую жанчыну вінавацілі ў тым, што ў ноч на 10 лютага 2020 года яна наўмысна ўжыла фізічны гвалт у дачыненні супрацоўнікаў Віцебскага РАУС, якія прыехалі чыніць ператрус у ейнай хаце. Пры затрыманні «ўкусіла зубамі» за пальцы двух супрацоўнікаў, аднаму пракусіла пальчатку, нанесла некалькі ўдараў нагой яшчэ аднаму. Туравец сваёй віны не прызнала.

Таццяна Туравец ніколі была пад судом, раней не прыцягвалася нават да адміністратыўнай адказнасці. Працуе выхавальніцай у дзіцячым садку. Начны ператрус 10 лютага міліцыянты прыязджалі рабіць у дачкі Таццяны, Ангеліны, якая цяпер адбывае 20 дзён арышту ў Віцебскім ІЧУ. Яе затрымалі 9 траўня за маску з бел-чырвона-белай усмешкай.

НЧ belsat.eu

Стужка навінаў