Усебеларускі народны сход можа атрымаць права абвяшчаць імпічмент прэзідэнту

Усебеларускаму народнаму сходу прапануюць надаць канстытуцыйны статус найвышэйшага прадстаўнічага органу народаўладдзя Беларусі. Пра гэта заявіў старшыня Канстытуцыйнага Суда Пётр Міклашэвіч, піша БелТА.

Сёння праходзіць пятае пасяджэнне Канстытуцыйнай камісіі. Разглядаюцца пытанні пра канстытуцыйны статус Усебеларускага народнага сходу і канстытуцыйныя палажэнні пра сістэму мясцовага кіравання і самакіравання.

«УНС прапануецца як органу шырокага народнага прадстаўніцтва даць права развязваць пытанне пра легітымнасць праведзеных выбараў прэзідэнта», – сказаў Пётр Міклашэвіч.

Таксама УНС можа атрымаць права развязваць пытанне пра імпічмент прэзідэнта ў выпадку дзяржаўнай здрады або здзяйснення цяжкага злачынства.

«Пастаянны дзейны орган Усебеларускага народнага сходу – прэзідыум. Старшыню прэзідыуму абіраюць чальцы Усебеларускага народнага сходу. УНС склікаецца прэзідыумам не радзей за адзін раз на пяць гадоў. Па ініцыятыве прэзідэнта або Нацыянальнага сходу, а таксама не менш як 150 тысяч грамадзянаў можа быць скліканы пазачарговы Усебеларускі народны сход.

Рашэнні УНС абавязковыя для выканання ўсімі дзяржаўнымі органамі, арганізацыямі і грамадзянамі», – адзначыў Міклашэвіч.

Усебеларускі народны сход – гэта агульны сход прадстаўнікоў беларускага ўраду, наменклатуры, кіраўнікоў прадпрыемстваў, а таксама прадстаўнікоў культуры і навукі, лаяльных Аляксандру Лукашэнку. Канстытуцыйных паўнамоцтваў УНС на сёння не мае, то бок рашэнні сходу пазбаўленыя юрыдычнай моцы. Галоўная задача сходу – дэманстрацыя ўсенароднага падтрымання Аляксандра Лукашэнкі. Звычайна УНС ухваляе палітычны курс Лукашэнкі і прымае план развіцця дзяржавы на пяцігодкі.

У лютым 2021 года падчас шостага Усебеларускага народнага сходу Лукашэнка заявіў, што гэтаму форуму трэба надаць канстытуцыйныя паўнамоцтвы. Ён патлумачыў, што, калі пасля яго «да ўлады прыйдуць не тыя, і ў іх будуць іншыя погляды», то ўсю ўладу атрымае УНС. «Уся ўлада будзе ва ўсенароднага сходу. У вас. Нават без мяне. І Усебеларускі народны сход (ён будзе абірацца яшчэ больш адказна) будзе мець паўнамоцтвы. Ён павінен быць стабілізатарам на пераходны перыяд», – заявіў ён.

ІІ belsat.eu

Hавiны