У Менску адміністратара пратэставага тэлеграм-чату пакаралі 2 гадамі калоніі


Суд Першамайскага раёну Менску асудзіў на 2 гады калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму адміністратара тэлеграм-чату «Минск. Перекрытие дорог. Чат» 26-гадовага Д. Сінкевіча. Праваабарончы цэнтр «Вясна» паведамляе, што вырак вынеслі яшчэ 24 траўня.

Сінкевіча абвінавацілі ў арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, шляхам інструктавання людзей перакрываць рух транспарту ў сталіцы. Справу разглядаў суддзя Максім Трусевіч.

Паводле версіі абвінавачання, Сінкевіч з 31 жніўня да 30 кастрычніка 2020 года як адміністратар тэлеграм-чату «Минск. Перекрытие дорог. Чат», размяшчаў у ім артыкулы з інструкцыямі для перакрыцця руху транспарту. Акрамя гэтага, як сцвярджае дзяржаўны абвінаваўца, ён шукаў асобаў для супрацьпраўных дзеянняў і беспасярэдне кіраваў імі.

Суд Першамайскага раёну прызнаў Сінкевіча вінаватым паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу і прызначыў яму пакаранне ў выглядзе 2 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Паводле праваабаронцаў, з лета 2020 года адбываюцца самыя масавыя ў найноўшай гісторыі Беларусі рэпрэсіі. Следчы камітэт заяўляе, што са жніўня завялі больш як 2400 крымінальных справаў, звязаных з пратэстамі, а Генеральная пракуратура сцвярджае, што за гэты перыяд зарэгістравалі больш як 3000 такіх «злачынстваў». Дакладная колькасць палітычна матываваных крымінальных справаў застаецца невядомай.

На 28 траўня 436 асобаў прызнаныя палітычнымі вязнямі. Тысячы пратэстоўцаў па ўсёй краіне сталіся ахвярамі мэтанакіраваных катаванняў, больш за 33 000 чалавек былі затрыманыя ў адміністратыўным парадку. Згодна з рознымі ацэнкамі, ад 4 да 15 асобаў загінулі ў выніку дзеянняў сілавікоў. Пры гэтым ні за катаванні, ні за забойствы да адказнасці нікога не прыцягнулі.

Hавiны
Не менш як 15. Чые смерці ў Беларусі звязаныя з задушэннем пратэстаў
2021.05.26 19:55

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў