У Беларусі пачалі крымінальную справу супраць мэра Рыгі і міністра замежных справаў Латвіі

Генеральны пракурор Беларусі Андрэй Швед распачаў крымінальную справу супраць мэра Рыгі і міністра замежных справаў Латвіі за акт салідарнасці з беларусамі як за распальванне нацыянальнай варожасці. Для папярэдняга расследавання справу накіравалі ў Следчы камітэт.

Замена дзяржаўнага беларускага сцяга на бел-чырвона-белы. Рыга, Латвія. 24 траўня 2021 года. Фота: Mārtiņš Staķis / Twitter

Пра крымінальную справу 28 траўня паведаміла Генеральная пракуратура, адзначыўшы, што разглядзела публікацыі пра дзеянні міністра Эдгара Рынкевіча і мэра Мартыньша Стакіса ды назвала публікацыі паведамленнямі пра цяжкае злачынства. У іхных дзеяннях выявілі распальванне нацыянальнай варожасці паводле прыкметы нацыянальнай прыналежнасці (ч.3 арт. 130 КК РБ).

«Такі здзек з дзяржаўнай сімволікі зняважыў нацыянальную годнасць беларусаў», – піша Генпракуратура.

Абноўлена. Стакіс адказаў на гэта прапановай Лукашэнку «шукаць справядлівасці ў Гаазе», Рынкевіч жа заявіў, што гэта «паказвае адчай і шаленства рэжыму Лукашэнкі».

Мэр Рыгі замяніў чырвона-зялёны сцяг на БЧБ – і панеслася. Рэакцыі Беларусі, Латвіі і Міжнароднай федэрацыі хакею

Праз акцыю Рынкевіча і Стакіса Беларусь абвясціла пра высылку амбасадара Латвіі цягам 24 гадзінаў і астатняга персаналу амбасады цягам 48 гадзінаў. Латвія ў адказ пастанавіла выслаць амбасадара Беларусі і ўсіх беларускіх дыпламатаў.

Супраць акцыі выказаліся Міжнародная федэрацыя хакею і яе прэзідэнт Рэнэ Фазэль. Яны запатрабавалі, каб Рыга або вярнула на месца чырвона-зялёны сцяг, або зняла сцягі чэмпіянату свету і МФХ адтуль, дзе замянялі сцягі. Латышскі бок выбраў другі варыянт. Гэта падтрымаў прэзідэнт Латвіі Эгілс Лэвітс.

Стакіс тлумачыў: праз захоп Беларуссю рэйсу «Ryanair» непрымальна было «маўчаць, рабіць выгляд, што нічога не адбываецца, і проста атрымліваць задавальненне ад хакею». Ён дадаў, што не зрабіў бы гэтага, калі б не ведаў, што за ім «стаяць жыхары Рыгі, якія вераць у ідэалы свабоды і незалежнасці».

Мэр Рыгі: Я атрымаў дзясяткі тысяч лістоў з падзякамі праз тое, што быў узняты бел-чырвона-белы сцяг

АА belsat.eu

Hавiны