Суд за падпал «Табакеркі»: пракурор патрабуе для абвінавачваных ад 2 да 9 гадоў калоніі


У Бабруйску чацвярых мужчынаў судзяць за падпал «Табакеркі». Таксама іх вінавацяць у блакаванні руху чыгункі на ўчастку Мірадзіна – Татарка ў Бабруйскім раёне, пашкоджанні аўтамабіля бабруйскага міліцыянта, нанясенні палосаў чырвонага колеру на тры прыпынкі з «Табакеркамі».

Суд за падпал «Табакеркі» ў Бабруйску.
Фота: Белсат

Аляксандр Назаровіч, Аляксандр Марʼясаў і Віталь Васілевіч з 10 кастрычніка застаюцца пад вартай. Яшчэ адзін абвінавачваны – Аляксандр Г. – не быў змешчаны за краты, прысуду ён чакае на волі.

Падвіноўныя свае дзеянні тлумачылі пратэстам супраць сітуацыі ў краіне, а менавіта – супраць затрыманняў людзей на мітынгах, катаванняў з боку міліцыі.

Падчас паседжання 28 траўня пракурор запатрабавала для Аляксандра Назаровіча 9 гадоў у калоніі ўзмоцненага рэжыму, для Аляксандра Марʼясава і Віталя Васілевіча – па 8 гадоў у калоніі ўзмоцненага рэжыму, для Аляксандра Г. – два гады ў калоніі агульнага рэжыму.

Прысуд агучаць 7 чэрвеня.

belsat.eu

Стужка навінаў