Мільярды ад Еўразвязу і прапанова купацца ад Пуціна. Галоўнае за 28 траўня


Belsat.eu падводзіць вынікі 28 траўня – 293-га дня паслявыбарчага пратэсту, 10-га дня без TUT.by і пятага дня з захопу самалёта «Ryanair», які зноў прыцягнуў увагу Захаду да Беларусі.



Скандал вакол захопу самалёта «Ryanair» працягвае пашырацца. Гендырэктар «Ryanair» накіраваў ліст у Дэпартамент авіяцыі Беларусі і абвінаваціў улады Беларусі ў наўмысным і незаконным згоне самалёта. Міжнародная арганізацыя грамадзянскай авіяцыі заявіла аб пачатку расследавання інцыдэнту. Генеральны сакратар NATO лічыць, што Расея мела дачыненне да аперацыі супраць самалёта «Ryanair». Украіна пашырыла паветраныя санкцыі: ад 29 траўня будзе не толькі не пускаць самалёты «Белавія» ў свае аэрапорты, але і не дасць ім права транзіту.

І гэта не адзіны дыпламатычны скандал, які цяпер развіваецца: Літва сёння выслала двух беларускіх дыпламатаў, Беларусь адказала тым жа. Акрамя таго, у Беларусі пачалі крымінальную справу супраць мэра Рыгі і міністра замежных справаў Латвіі за замену беларускага дзяржаўнага сцяга на нацыянальны.

Hавiны
Украіна таксама закрыла Беларусі паветраную прастору. «Белавія» шукае новы шлях на поўдзень
2021.05.28 18:59

Скліканая ўладамі Канстытуцыйная камісія прапануе надаць Усебеларускаму народнаму сходу канстытуцыйны статус найвышэйшага прадстаўнічага органу народаўладдзя Беларусі. Адабраныя ўладамі дэлегаты тады змогуць абвяшчаць імпічмент прэзідэнту.

А ў выпадку дэмакратычных зменаў Захад гатовы даць Беларусі каля $ 10 млрд: апублікавалі Эканамічны план Еўразвязу для дэмакратычнай Беларусі, распрацаваны і прыняты Еўракамісіяй пры ўдзеле каманды Ціханоўскай.

Артыкулы
Ціханоўская распавяла, што Захад гатовы даць Беларусі каля $ 10 млрд у выпадку дэмакратычных зменаў у краіне
2021.05.28 13:26

Ды пакуль стасункі з Захадам толькі псуюцца. Сёння Белтэлерадыёкампаніі замарозілі сяброўства ў Еўрапейскім трансляцыйным звязе. Ці наладжваюцца з Усходам, невядома: Аляксандр Лукашэнка прыляцеў у Сочы на перамовы з Уладзімірам Пуціным, сустрэча пачалася каля 18 гадзінаў і на момант публікацыі не завершылася. З адкрытай часткі сустрэчы, якая цягнулася каля 7 хвілінаў, стала вядома, што Пуцін запрасіў Лукашэнку купацца ў моры.

Hавiны
Лукашэнка і Пуцін сустрэліся трэці раз з пачатку году. Размаўлялі 5 гадзінаў, вынікаў не агучылі
2021.05.29 00:13

Штодзень у Беларусі гучаць навіны з палітычных судоў.

Сёння суд адхіліў скаргу на затрыманне Соф’і Сапегі. Яна застаецца ў статусе падазраванай. Але ўпершыню за пяць дзён да яе дапусцілі адваката. Навінаў пра справу Рамана Пратасевіча не было.



У Менску адміністратара пратэставага тэлеграм-чату пакаралі 2 гадамі калоніі. Жанчыну завочна асудзілі на «хімію» за ўкусы міліцыянтаў пры затрыманні. Жыхароў Сухарава пакаралі арыштамі за дваровы марш. Адна падсудная кажа, што выходзіла ў краму. За каментары ў інтэрнэце пра загінулых у Баранавічах лётчыкаў сілавікі затрымалі 20 чалавек. Чарговых 13 берасцейцаў судзяць за жнівеньскі пратэст. Для чацвёртай групы па «карагоднай справе» пракурор прасіў ад 1,6 гады «хатняй хіміі» да 2 гадоў калоніі пасялення. А за падпал «Табакеркі» пракурор патрабуе для абвінавачваных ад 2 да 9 гадоў калоніі.

Вечарам 28 траўня мінула 10 содняў з затрымання супрацоўнікаў парталу TUT.by і звязаных з ім бізнесаў. 15 чалавек засталіся ў няволі – то значыць, ім усім мусілі выставіць абвінавачванні.

Ці не адзіная пазітыўная навіна з месцаў пазбаўлення волі: Кацярына Андрэева ўпершыню за паўгода ўбачыла неба. Яна адчувае сябе добра, захоўвае пазітыўны настрой.

Hавiны
Кацярына Андрэева ўпершыню за паўгода ўбачыла неба. Ад яе прыйшоў ліст з гомельскай калоніі
2021.05.28 16:41

АА belsat.eu

Стужка навінаў