Вынікі пошуку для:

Журналістку Ірыну Слаўнікаву абвінавачваюць у стварэнні экстрэмісцкага фармавання, ёй пагражае да 7 гадоў зняволення

Беларуская журналістка Ірына Слаўнікава ужо паўгода знаходзіцца ў турэмным зняволенні. Былая супрацоўніца «Белсату», а цяпер штатная супрацоўніца Польскага тэлебачання (TVP) з’яўляецца палітвязнем і неўзабаве паўстане перад судом. Яе абвінавачваюць у здзяйсненні злачынстваў паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Журналісты TVP пагутарылі з бацькам Ірыны Аляксандрам, які сцвярджае, што ў рэжыму няма доказаў віны ягонай дачкі.

Ірына Слаўнікава і ейны муж Аляксандр Лойка. Фота: Аляксандр Лойка / Facebook

Ірына Слаўнікава і яе муж Аляксандр Лойка былі затрыманыя 30 кастрычніка 2021 года ў аэрапорце Менска, калі вярталіся з адпачынку. Першапачаткова пара была асуджаная да 15 сутак арышту за «публікацыю ў Facebook экстрэмісцкага кантэнту». Гаворка ішла пра матэрыялы «Белсата» перыяду, калі тэлеканал яшчэ не быў прызнаны экстрэмісцкім. Суткі скончыліся, але ні мужа, ні жонку не адпусцілі. Іх прывезлі ў іншае РУУС, дзе яны пачулі, што зноў затрыманыя – нібыта «за дробнае хуліганства». І зноў ім далі 15 сутак арышту. 26 лістапада 2021 года журналістку прызналі падазраванай па крымінальнай справе, а затым перавялі ў следчы ізалятар № 1 у Менску. Яе мужа выпусцілі на волю пасля яшчэ аднаго 15-дзённага турэмнага зняволення – гэтым разам за тое, што ён нібыта «не падпарадкаваўся» загадам сілавікоў.

– Ірыне першапачаткова было прад’яўленае абвінавачванне паводле артыкулу 342 КК РБ, частка 1. Артыкул тычыцца «арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак ці ўдзел у іх», – кажа Аляксандр Слаўнікаў, бацька журналісткі.

Гэты артыкул стандартна выкарыстоўваецца ў дачыненні да ўдзельнікаў маршаў апазіцыі пасля фальсіфікаваных рэжымам Лукашэнкі выбараў. Паводле яго пагражае пакаранне ў выглядзе абмежавання волі на тэрмін ад 2 да 5 гадоў або пазбаўлення волі на тэрмін да 4 гадоў. Менавіта па гэтым артыкуле былі асуджаныя да 2-х гадоў калоніі агульнага рэжыму журналісткі «Белсату» Кацярына Андрэева і Дарʼя Чульцова – іх абвінавацілі ў тым, што яны сталі суарганізатарамі акцыі ў памяць пра забітага Рамана Бандарэнку.

Кацярыне Андрэевай пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі

– Некаторы час таму, калі адвакат склаў скаргу на затрыманне Ірыны і яе ўтрыманне ў СІЗА, ён даведаўся, што маю дачку таксама абвінавачваюць паводле артыкулу 361-1, частка 1, якая гучыць так: «Стварэнне экстрэмісцкага фармавання, а роўна фармавання, дзейнасць якога накіравана на рэабілітацыю нацызму, альбо кіраўніцтва такім фармаваннем або якія ўваходзяць у яго структурным падраздзяленнем», – кажа бацька журналісткі. – Наколькі я памятаю, гэта да 7 гадоў пазбаўлення волі.

Следчы камітэт не перадае медыям інфармацыю аб ходзе разбору ў дачыненні да Ірыны Слаўнікавай. Усе адвакаты, што баранілі яе, былі абавязаныя даць падпіску аб неразгалошванні. Адпаведна, нават бацькі і муж журналісткі не ведаюць, у чым менавіта яе абвінавачваюць.

– Вінаваціць маю дачку ў стварэнні экстрэмісцкага фармавання і ў рэабілітацыі нацызму зусім нелагічна, улічваючы яе карані і выхаванне, якое яна атрымала ў нашай сям’і, – кажа Аляксандр Слаўнікаў.

Сам мужчына – старэйшы афіцэр запасу, заслужаны ветэран ваеннай авіяцыі. У часы СССР скончыў прэстыжную ваенна-паветраную акадэмію імя Гагарына, а ў адстаўку сышоў са штабу ВПС Беларусі. Пры гэтым ён падкрэслівае, што продкі журналісткі пралівалі кроў у барацьбе з нацыстамі.

Ірына Слаўнікава падчас з’езду грамадскай арганізацыі «Беларуская асацыяцыя журналістаў». Фота: Белсат

– Ірына – унучка ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Мой бацька, а яе дзед, Уладзімір Сазонавіч Слаўнікаў, быў партызанам. Бацька маёй жонкі, Міхаіл Андрэевіч Бурэнка, быў лётчыкам бамбардзіровачнага палка. Яны былі ўзнагароджаныя шматлікімі ордэнамі і медалямі за барацьбу з нацыстамі, нямецкімі акупантамі. Прадзед Ірыны, Сазон Максімавіч Слаўнікаў, быў расстраляны фашыстамі за сувязь з партызанамі. Адсюль пытанне, адкуль у нашай сям’і маглі зʼявіцца думкі аб нейкіх групоўках, нацыстах і т.д. Мы гэтага зусім не можам зразумець.

3-га лістапада 2021 года – ужо пасля арышту Ірыны Слаўнікавай – беларускае МУС прызнала экстрэмісцкім фармаваннем незалежны тэлеканал «Белсат». Журналістка ў мінулым супрацоўнічала з каналам, аднак на момант затрымання была штатным супрацоўнікам TVP, падкрэслівае яе бацька.

Так, мая дачка працавала на «Белсаце», але гэта было 10 гадоў таму, а можа быць, і больш. А цяпер яна працавала з Польскім тэлебачаннем. Калі ўжо і TVP прызналі экстрэмісцкім, то я ў шоку, – кажа Слаўнікаў.

Фота: Ирина Славникова / Facebook

Паводле яго, адвакат не знайшоў у матэрыялах справы ніякіх доказаў віны Ірыны і, з яго пункту гледжання, гэта ўсяго толькі «стосы паперы». На мінулым тыдні справу ўжо перадалі ў пракуратуру і ўжо на наступным тыдні яна можа патрапіць у суд. Па словах бацькі абвінавачанай, таксама варта чакаць, што гледачы і СМІ не змогуць назіраць за працэсам.

– Адвакат кажа, што няма ніякіх падставаў для закрытага судовага працэсу. Тым не менш, ён лічыць, што слуханні будуць засакрэчаныя. Па той прычыне, што доказная база вельмі слабая і, калі суд будзе публічным, усё зразумеюць, што Ірына не вінаватая ў тых злачынствах, у якіх яе абвінавачваюць.

У сувязі з абсурднасцю абвінавачванняў і адсутнасцю доказаў яе блізкія вельмі разлічваюць на тое, што яна выйдзе з залы суда вольным чалавекам. Аднак яны разумеюць, што на судах журналістаў у Беларусі апраўдальных прысудаў няма.

– Што б ні здарылася, мы ўсё роўна ведаем, што наша дачка не вінаватая і ў канчатковым выніку будзе рэабілітаваная. І хай гэты прысуд ляжыць на сумленні тых, хто яго вынесе, – заканчвае размову з намі Аляксандр Слаўнікаў.

З Аляксандрам Слаўнікавым размаўлялі журналісты Польскага тэлебачання.

belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны