Затрыманы міністр лясной гаспадаркі напісаў родным у лісце, што «ён тут такі не адзін»


На сайце Міністэрства лясной гаспадаркі да гэтага часу кіраўніком названы Віталь Дрожжа. Але родныя і блізкія распавядаюць «Белсату», што Віталь Дрожжа з 16 красавіка за кратамі. Падрабязнасцяў і прычынаў затрымання яны не ведаюць, але ў адным з лістоў затрыманы піша, што «ён тут такі не адзін».

Віталь Дрожжа.
Фота: mlh.by

Родныя і блізкія міністра лясной гаспадаркі Віталя Дрожжы распавялі «Белсату», што міністра затрымалі працаўнікі ГУБАЗіК яшчэ 16 красавіка. Схапілі яго па дарозе на працу і з таго моманту ён застаецца за кратамі. Што стала прычынаю для арышту – пакуль невядома. У лістах родным Віталь Дрожжа таксама не асабліва каментуе справу.

«Ён бацькам даслаў ліст, у якім напісаў нешта кшталту: «прабачце, што не апраўдаў вашых спадзяванняў». Таксама ён абазначыў, што «я тут такі не адзін». Мажліва, што гэта намёк, на тое, што ягонае затрыманне – гэта толькі частка вялікага расследавання ў лясной гаспадарцы, але гэта проста здагадка», – кажуць блізкія Віталя Дрожжы.

Увогуле сям’я затрыманага распавядае, што яны ў шоку, вельмі засмучаныя. Родныя дагэтуль не ведаюць аніякіх падрабязнасцяў гэтай справы.

Адметна, што на сайце Міністэрства лясной гаспадаркі Віталь Дрожжа да гэтага часу пазначаны як кіраўнік ведамства.

Старонка Міністэрства лясной гаспадаркі. Крыніца: Скрыншот / mlh.by

Раней журналісты беларускіх медыяў спрабавалі скантактавацца з міністэрствам, але там абвяргалі інфармацыю пра затрыманне кіраўніка або наагул адмаўляліся размаўляць.

За што маглі арыштаваць міністра?

Эксперты выказваюць меркаванне, што прычынаю для арышту Віталя Дрожжы можа быць правал загаду Лукашэнкі ў справе перанакіравання экспарту беларускай драўніннай прадукцыі з захаду на ўсход. Адметна, што кепскія ўмовы для экспарту супалі з істотным павелічэннем аб’ёмаў высякання лесу ў спадзеве на выгадны продаж у Еўропе – адпаведна, пры росце выдаткаў прыбыткі рэзка скараціліся. Беларусь страціла больш за 60 % рынку.

Да гэтага дадалася немагчымасць для беларускіх прадпрыемстваў атрымаць новыя міжнародныя сертыфікаты адпаведнасці стандартам устойлівага лесакарыстання, а таксама захавання правоў працаўнікоў дрэваапрацоўчай галіны, больш вядомыя пад абрэвіятурай FSC. Без гэтага сертыфікату нашую прадукцыю не хочуць набываць нават кітайскія спажыўцы.

У сакавіку ўслед за Лясной апякунчай радай (FSC) свае сертыфікаты для беларускіх і расейскіх пелетных і біяпаліўных прадпрыемстваў адклікае і міжнародная Праграма ўстойлівай біямасы (SBP). У выніку гэтыя прадпрыемствы чакае закрыццё.

Іншае пытанне, а ці мог міністр паўплываць на гэтыя аспекты?

Аб’ектыў
Веснавая пасадка ў Міністэрстве лясной гаспадаркі. Што вядома пра затрыманне міністра Віталя Дрожжы?
2022.04.25 23:10

Віталь Дрожжа ўзначаліў міністэрства 5 красавіка 2018 года. Сёлета ў лютым у лясной галіне адбыўся гучны карупцыйны скандал. Сілавікі заявілі, што ў сферы лясной гаспадаркі выявілі карупцыйную схему. Паводле следчых, якасную драўніну дакументальна выдавалі за некандыцыйную і вывозілі на экспарт. У межах гэтай «лясной справы» затрымалі дваіх прадпрымальнікаў і 12 службовых асобаў Мінлясгасу. Сваёй пасады з фармулёўкай «за непрыняцце дзейсных захадаў для барацьбы з карупцыяй і эканамічнымі правапарушэннямі ў падведамных арганізацыях», пазбавіўся міністр лясной гаспадаркі Міхаіл Амельяновіч.

  • Віталь Дрожжа нарадзіўся 20 чэрвеня 1978 года ў Карэлічах Гарадзенскай вобласці. У 2000 годзе ён скончыў Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт, у 2011 годзе – Акадэмію кіравання. Да прызначэння на пасаду міністра працаваў у Лагойскім і Бабруйскім лясгасах, узначальваў нацыянальны парк «Браслаўскія азёры».
  • У арыштаванага міністра трое дзяцей, старэйшая дачка вучыцца ў ВНУ, малодшаму сыну каля 4 гадоў. Віталь Дрожжа захапляецца паляваннем, у маладосці цікавіўся матацыкламі, пакуль не трапіў у аварыю.
Аб’ектыў
Ці змогуць санкцыі цалкам забіць дрэваапрацоўванне ў Беларусі?
2022.03.31 22:31

Мікалай Каткоў belsat.eu

Стужка навінаў