Сацыяльны псіхолаг Святлана Камісарук пра тое, чаму людзі трымаюцца за свае перакананні


Сацыяльны псіхолаг, прафесарка Калумбійскага ўніверсітэту ў Нью-Ёрку Святлана Камісарук у размове з «Белсатам» тлумачыць уплыў прапаганды на людзей.

Святлана Камісарук.
Фота: svetlanakomissarouk.com

– З гледзішча псіхалогіі, чаму людзі вераць прапагандзе?

– Усе нашыя адносіны з светам будуюцца на маральных слупах, такіх перакананнях, якія для нас непарушныя. Напрыклад, што ў дзяцей нельга страляць, што нацызм – дрэнна і г. д. І на гэтыя маральныя слупы, якія ў нас парадаксальным чынам агульныя нават з тымі, хто мысліць зусім супрацьлегла, нанізваецца ўжо навінавая сетка. І прапаганда выкарыстоўвае нашыя маральныя прынцыпы, каб нам было лягчэй пагадзіцца з тым, пра што прапагандысты пішуць. Гэта значыць, і мы, і нашыя непрыяцелі ў поглядах наконт вайны згодныя, што дзеці не мусяць быць ахвярамі вайны. Проста прапаганда разнастайным чынам падае факты, што падтрымліваюць нашыя погляды. Таму, калі чалавек чытае нешта ў навінавай сетцы, што абсалютна дакладна пацвярджае ягоны пункт гледжання, ён не будзе шукаць іншых крыніцаў інфармацыі, бо ён упэўнены: «Ім усім прамылі мазгі – а я ведаю праўду».

У моманты крызісу людзі не гатовыя змяняць сваіх поглядаў. І гэта практычна нерэальна – зрушыць людзей з той платформы, на якой яны стаялі да вайны. Прапаганда – гэта такі «МакДоналдс». Яна скарачае табе да мінімуму ўсе кагнітыўныя працэсы, усё, што патрабуе ад цябе разважаць, выбіраць з некалькіх крыніцаў, ставіць пад сумнеў. Значна прасцей купіць такі «МакДоналдс» прапагандысцкі, які табе кажа: «А дзе яны былі 8 гадоў таму?» Танна, смачна, хутка.

– Хто больш схільны да ўплыву прапаганды?

– Прапаганда дзейнічае там, дзе людзі пасіўныя ў палітычных поглядах і не гатовыя заняць актыўнай пазіцыі, напрыклад, ісці на дэманстрацыі або ў ваенкамат добраахвотнікам. Людзі, якім хочацца як мага больш быць з краю ўсіх гэтых гістарычных заломаў і проста жыць сваё маленькае жыццё, найбольш уразлівыя для прапаганды. Гэта значыць, ім прасцей паслухаць адзін канал і пачуць адную версію, чым прымусіць сябе аналізаваць і параўноўваць некалькі інфармацыйных крыніцаў. Такія людзі лягчэй за ўсё паддаюцца прапагандзе, але такія людзі і лягчэй за ўсё абтрасаюцца, як сабака ад вады, ад гэтай прапаганды. І гэтыя людзі, з аднаго боку, пасіўна слухаюць прапаганду, з другога боку, яны не гатовыя пальцам варухнуць, каб падтрымаць ідэі гэтай прапаганды.

– Як не паддацца ўплыву прапаганды?

– Параўноўваць розныя крыніцы, разумець, каму гэта выгадна, разумець, хто за гэта заплаціў, разумець, хто менавіта піша пра гэта, правяраць незалежныя крыніцы. Гэта праца. Для таго, каб паддацца прапагандзе, трэба нічога не рабіць, проста плыць з цячэннем і жыць звычайным жыццём. Для таго, каб не паддавацца прапагандзе, трэба траціць намаганні, свае кагнітыўныя рэсурсы, свой час, сумнявацца ў чымсьці, быць адкрытым новаму. Гэта вельмі цяжка.

– Цяпер часта можна пачуць парады, што лепш абстрагавацца ад навінаў. Гэта дзейсныя парады?

– На жаль, гэта нядзейсныя парады. Бо занадта хутка ўсё змяняецца і занадта ў небяспечны час мы жывём. І кожнаму з нас у нявызначанасці патрэбная нейкая ілюзія кантролю. Веданне – сіла. Таму прапанаваць чалавеку апусціць галаву ў пясок цяпер – гэта не выйсце. Іншая рэч, што вы можаце нейкім чынам сачыць за плынню і выбіраць толькі тое, што вы лічыце слушным, і рабіць гэта толькі ў час, адведзены вамі. Напрыклад, ноччу не глядзець навінаў. Гэта кожны для сябе можа – вызначыць якую-небудзь пэўную руціну, як часта вы глядзіце навіны. Але адключыць навіны я б не раіла.

Грыгорый Азаронак, вядучы СТВ.
Фота: stb.by

– Як размаўляць з блізкімі людзьмі, якія вераць прапагандзе?

– Калі ідзе вайна, калі адбываецца крах усяго, што было, і людзі разумеюць, што на стары лад больш не будзе, спрабаваць змяніць погляды вельмі цяжка. Людзі трымаюцца за свае перакананні, каб хоць нешта засталося нязменным. І таму прымушаць іх збочыць з гэтага ўстойлівага плацдарму, на якім яны з усіх сілаў трымаюцца ў бурлівым моры, – няўдзячная мэта. Гэта толькі сапсуе адносіны. Калі вас правакуюць на размовы пра палітыку і вайну тыя, каму прамыла глузды прапаганда, трэба адказваць: «Я цябе занадта люблю, я табой занадта даражу, каб губляць нашыя зносіны праз прапаганду і адрозненні ў палітычных поглядах». Усяму свой час, цяпер не час змяняць погляды.

У мяне нядаўна на групе адная жанчына сказала: «Я вас зразумела – і я ім не аддам сваю бабулю толькі таму, што яны прамылі ёй глузды». То бок, яна не будзе сварыцца са сваёй бабуляй. Тая, дарэчы, выхавала яе такой, якая верыць у справядлівасць, якая мае крытычнае мысленне, якая разумее, што ёсць нейкія мэты ў прапаганды. Гэта ж усё дарослыя людзі, якія нас выгадавалі, значыць, яны нешта зрабілі як належыць. Таму цяпер марнаваць час на тое, каб патлумачыць ім, якія яны дурні, без сэнсу. Нельга цяпер у такі крызісны час губляць сувязяў са сваімі любімымі людзьмі.

Больш карыснай інфармацыі ад Святланы Камісарук вы можаце знайсці на яе сайце і старонцы ў Фэйсбуку.

Інтэрв’ю
Ад 1300 да 2000 долараў: ці каштуе сваіх грошай платнае навучанне ў беларускіх ВНУ
2022.04.19 09:00

АМ belsat.eu

Стужка навінаў