Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 28 красавіка


«Белсат» падводзіць вынікі апошніх содняў поўнамаштабнай вайны, якую распачала Расея ва Украіне. Пра галоўныя падзеі па стане на вечар 28 красавіка чытайце ў нашым аглядзе.

Могілкі ў зруйнаваным расейцамі Ірпіні.
Фота: David Guttenfelder / The New York Times

Па інфармацыі Генеральнага Штабу ЗСУ, страты асабовага складу расейцаў з пачатку вайны дасягнулі 22800 чалавек. Разам з тым паведамляецца, што расейскія войскі нарошчваюць тэмпы наступу і амаль на ўсіх напрамках вядуць інтэнсіўны агонь.

Начальнік Нацыянальнага цэнтру ўпраўлення абаронай РФ Міхаіл Мізінцаў заявіў, што ў Расею з Украіны «эвакуявалі» больш за мільён чалавек, у тым ліку 183 тыс. дзяцей. Таксама ён сцвярджае, што нібыта больш за 2,75 млн замежнікаў і ўкраінцаў папрасілі эвакуяваць іх у Расею, у так званыя «ДНР» і «ЛНР», а таксама на падкантрольныя расейскім вайскоўцам тэрыторыі Запарожскай, Мікалаеўскай, Харкаўскай і Херсонскай вобласцяў Украіны. Раней украінскія ўлады неаднаразова паведамлялі пра факты прымусовай дэпартацыі ў Расею ўкраінцаў, у тым ліку дзяцей без бацькоў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: novnews / VK

Выданне «Медуза» паведаміла, што ў сярэдзіне траўня ў самаабвешчаных «ЛНР» і «ДНР» можа адбыцца рэферэндум аб далучэнні да Расеі. Верагодныя даты рэферэндумаў – 14 і 15 мая. Аднак не выключана, што даты могуць перанесці, з-за няўдач расейскай арміі на фронце.

На авіябазе Рамштайн у Нямеччыне адбылася сустрэча міністраў абароны 40 краінаў. Удзельнікі дамовіліся стварыць кансультацыйную групу ў справе абароны Украіны. Паводле міністра абароны ЗША Лойда Остына, быў сфармаваны стрыжань будучага глабальнага альянсу для барацьбы з Расеяй.

Аналітыка
Пад ядравым парасонам. У чым сіла NATO і чаму яе так баіцца Расея?
2022.04.28 09:00

Тым часам Бундэстаг прагаласаваў за пастаўку Украіне цяжкага ўзбраення. Рашэнне было прынята пераважнай большасцю галасоў.

Канадскі парламент афіцыйна прызнаў дзеянні Расеі ва Украіне генацыдам. Дэпутаты заявілі, што маюць шматлікія доказы сістэмных і масавых ваенных злачынстваў супраць чалавечнасці: масавыя зверствы, сістэматычныя забойствы ўкраінскіх мірных жыхароў, апаганьванне трупаў, прымусовы вываз украінскіх дзяцей, катаванні, фізічныя і псіхічныя пашкоджанні і згвалтаванні.

Сцяг Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.
Фота: sanjitbakshi via Flickr, CC BY 2.0

28 красавіка мястэчка Барадзянка Кіеўскай вобласці, якое было амаль цалкам разбуранае расейскімі войскамі, наведаў Генеральны Сакратар ААН Антонью Гутэрыш. У гэты ж час каардынатарка сістэмы ААН Аснат Лубрані выправілася ў Запарожжа, дзе зоймецца падрыхтоўкай эвакуацыі жыхароў Марыупалю, якія ўсё яшчэ застаюцца на тэрыторыі «Азоўсталі».

Разам з тым намеснік камандзіра палка «Азоў» Святаслаў Паламар заявіў, што за мінулую ноч расейскія вайскоўцы нанеслі па Марыупалю каля 50 авіяўдараў і скінулі вялікую колькасць забароненых фосфарных бомбаў. Ён заклікаў улады прыняць рашучыя меры для дэблакады гораду ці эвакуацыі жыхароў і абаронцаў.

Hавiны
Полк «Азоў»: за ноч па Марыупалю нанеслі 50 авіяўдараў, скідвалі фосфарныя бомбы
2022.04.28 13:36

Расейскія вайскоўцы вывезлі з музеяў Марыупалю ў Данецк больш за дзве тысячы ўнікальных экспанатаў, сярод якіх арыгінальныя творы Архіпа Куінджы і Івана Айвазоўскага, старажытныя іконы, надрукаванае ў венецыянскай друкарні Евангелле 1811 года і ўнікальны рукапісны скрутак Торы, таксама больш за 200 медалёў.

ВК belsat.eu

Стужка навінаў