У сакавіку амаль 20 тысяч беларусаў выехалі ў Грузію


24 лютага пачалося ваеннае ўварванне расейскіх войскаў на тэрыторыю Украіны. Расейцы выкарыстоўвалі тэрыторыю Беларусі для здзяйснення агрэсіі. Праз чуткі аб магчымым прызыве ў войска краіну пакінула мноства мужчынаў прызыўнога ўзросту. Паводле звестак Тбіліскага інстытуту развіцця свабоды інфармацыі (IDFI), у сакавіку амаль 20 тысяч беларусаў выехалі ў Грузію.

Від на Тбілісі, Грузія.
Фота: Piotr Pogorzelski / Белсат

Паводле інфармацыі ўстановы, за сакавік у Грузію заехалі 19 898 беларусаў. Большасць прыехалі праз аэрапорт у Тбілісі (53 %). Частка беларусаў, што прыбылі ў Грузію, пасля выехалі, але 14 030 чалавек на канец сакавіка заставаліся ў Грузіі. У той час як у сакавіку 2019 года (да пандэміі, пратэстаў і вайны) колькасць тых, хто заехаў і выехаў, была прыкладна роўнай, а сама колькасць прыбылых беларусаў была на 555 % меншай.

Для параўнання – за гэты ж перыяд у Грузію прыехалі 43 152 грамадзяніны Расеі і 16 669 – Украіны, засталіся ў краіне 17 201 расеец і 8151 грамадзянін Украіны.

Як канстатуюць у Інстытуце развіцця свабоды інфармацыі, прычынай выбуховага росту колькасці тых, хто прыехаў у Грузію, для расейцаў і беларусаў сталі вайна, палітычныя рэпрэсіі, а таксама імкненне пазбегчы санкцыяў.

Станам на канец сакавіка ў Грузіі заставаўся 31 231 грамадзянін Расеі і Беларусі. Эксперты называюць гэта «сур’ёзнай праблемай з пункту гледжання бяспекі» ў Грузіі.

ЗХ belsat.eu

Стужка навінаў