Хто, калі не ён? Чаму Украіна дагэтуль верыць у Лукашэнку?


Адносіны Украіны і Беларусі апошнім часам нельга назваць простымі. І гаворка тут не толькі пра абмен гучнымі заявамі. Аднак дагэтуль Лукашэнка ўспрымаецца Украінай як палітычны і эканамічны партнёр. Чаму так адбываецца?

Апошнім часам Аляксандр Лукашэнка зрабіў некалькі заяваў наконт уразлівых для Украіны пытанняў. Можна згадаць, напрыклад, прызнанне ў снежні 2021 года акупаванага Крыму «дэ-факта і дэ-юрэ» расейскім. Тады міністр замежных справаў Украіны Дмытро Кулэба казаў, што Украіна будзе «ацэньваць ягоныя [Лукашэнкі. – belsat.eu] дзеянні», а не словы.

Ад пачатку ж вайны тэрыторыя Беларусі выкарыстоўваецца Расеяй для агрэсіі супраць Украіны. З Беларусі вылятаюць баявыя самалёты і шрубалёты, адбываюцца запускі ракетаў. Аднак першыя перамовы паміж Расеяй і Украінай прайшлі пры пасярэдніцтве Беларусі. Таксама ўкраінскі бок заяўляе, што гатовы працягваць набываць прадукцыю беларускіх прадпрыемстваў. Атрымліваецца, што ўкраінскія ўлады будуць працягваць супрацу з рэжымам Лукашэнкі нягледзячы ні на што?

План: Б
Да чаго рыхтавацца беларусам пасля сыходу Лукашэнкі
2022.03.16 15:00

Палітолаг Андрэй Ягораў мяркуе, што працяг супрацы Украіны з рэжымам Лукашэнкі адпавядае яе нацыянальным інтарэсам.

«Украіна з чыста сваіх прагматычных уяўленняў можа падтрымаць яго [Лукашэнку. – belsat.eu], бо ім трэба будзе вырашаць свае прагматычныя пытанні. З тым, з кім можна будзе вырашаць тыя пытанні. З тым, хто кантралюе гэтую ўладу. І гэта Лукашэнка на сённяшні дзень», – мяркуе палітолаг.

Ягораў кажа, што Украіна зацікаўленая ў незалежнасці Беларусі, бо гэта таксама вынікае з яе нацыянальных інтарэсаў. Напрыклад, каб не дапусціць новага ўварвання расейскіх войскаў з Беларусі.

Такім чынам, можа скласціся ўражанне, што Украіна вызначылася са сваім падыходам да пабудовы стасункаў з рэжымам Лукашэнкі. Але якія могуць быць далейшыя сцэнары развіцця сітуацыі? Палітык, заснавальнік «Белага легіёну» Сяргей Бульба адзначае, што палітычныя чаканні беларусаў не адпавядаюць рэчаіснасці:

«У нас была, вядома, мара, што па заканчэнні вайны ўсе разам збяруцца і пойдуць у паход на Маскву праз Менск. Але гледзячы на разгортванне падзеяў верагоднасць такіх падзеяў усё меншая. Украінскія вайскоўцы мяркуюць, што калі яны ўвойдуць на расейскую тэрыторыю, то ў расейцаў з’явіцца моцная матывацыя абараняць сваю зямлю».

План: Б
Чорны лебедзь Беларусі. Як мы станем арэнай вайны
2022.04.13 17:40

У такім выпадку ці ёсць імавернасць, што ўкраінскае войска пасля перамогі над Расеяй прыйдзе помсціць Лукашэнку?

«Гэта вельмі прынцыповы момант быў. Я, калі шчыра, не пабаюся яшчэ раз выказаць падзяку і Генштабу, і кіраўніцтву Украіны за тое, што ад самага пачатку было прынятае прынцыповае рашэнне: што б з беларускага боку ні прылятала – не адказваць. Зразумейце, спакуса была вялікая. Калі з беларускага боку прылятае, то туды ж адправіць пару ракетаў. Але ўкраінскі бок прынцыпова вытрымаў гэтую пазіцыю для таго, каб даць у перспектыве захаваць менавіта нармальныя адносіны паміж двума братэрскімі народамі».

Таксама Сяргей Бульба кажа, што ва ўкраінскіх дыпламатычных колах не вераць у магчымасць таго, што ўладу ў Беларусі пяройме офіс Святланы Ціханоўскай.

«Я сустракаўся з дыпламатамі рознага ўзроўню. Там ужо ідзе абмеркаванне менавіта гэтай лініі. Яны не вераць, што штаб Ціханоўскай здольны ўзяць цяпер, у гэты складаны час, Беларусь і, не страціўшы гэтай самай Беларусі, змагацца з Пуцінам. Таму зноў позірк звяртаецца на Лукашэнку», – адзначыў палітык.

Эксперты адзначаюць, што палітыкі любых краінаў пры прыняцці рашэнняў аб супрацы з рэжымам Лукашэнкі будуць адштурхоўвацца ў першую чаргу ад эканамічных і палітычных інтарэсаў сваіх краінаў. І не заўсёды такія інтарэсы будуць супадаць з запытамі і чаканнямі беларусаў, якія выступаюць супраць дыктатуры.

Таксама ў праграме:

Глядзіце ток-шоу «План Б» на YouTube-канале «Белсат News», у праграме «Belsat Smart» для тэлевізараў з функцыяй «Smart», на мабільных прыладах з сістэмамі iOS і «Android», a таксама ў эфіры «Белсату».

Стужка навінаў