«Bloomberg»: дзесяць краінаў Еўразвязу пагадзіліся на аплату газу з Расеі ў рублях


Дзесяць еўрапейскіх кліентаў «Газпрому» адкрылі рахункі ў «Газпромбанку» для аплаты паставак газу ў рублях паводле схемы, прапанаванай Расеяй.

Пра гэта паведамляе «Bloomberg» са спасылкай на крыніцу, блізкую да газавай манаполіі.

Фота: anna-news.info

Фактычна, еўрапейскія кліенты ўсё яшчэ плацяць за газ у еўрах, якія «Газпромбанк» затым канвертуе ў рублі: ён залічвае іх на спецыяльны рахунак, адкуль грошы ўжо ідуць у «Газпром». Аднак вядома, што чатыры еўрапейскія імпарцёры газу нібыта ўжо зрабілі платы ў расейскіх рублях.

Раней Еўрапейская камісія заявіла, што прапанова Крамля адкрытая для кампрамісу, калі кліенты «Газпрому» не будуць плаціць за газ у рублях. Аднак нягледзячы на ​​гэта, Польшча адмовілася плаціць за газ у рублях, на што «Газпром» спыніў пастаўкі з раніцы 27 красавіка. Таксама Балгарыя адправіла расейскай кампаніі плату ў доларах згодна з умовамі, указанымі ў кантракце, але «Газпром» вярнуў грошы і адключыў газ.

Пастанова «Газпрому» перапыніць пастаўкі ў Польшчу і Балгарыю непрымальная, заявіла кіраўніца Еўрапейскай камісіі Урзуля фон дэр Ляен.

«Чальцы Еўразвязу падрыхтавалі сцэнары дзеянняў для такога выпадку. Мы працягнем працаваць з замежнымі партнёрамі для забеспячэння альтэрнатыўных плыняў», – сказала яна.

Абноўлена
«Газпром» цалкам спыніў пастаўкі ў Балгарыю і Польшчу. Еўразвяз плануе адказаць
2022.04.27 13:01

Найбліжэйшымі днямі новых адключэнняў газу не чакаецца, кажа крыніца «Bloomberg», блізкая да расейскай кампаніі: наступная хваля платаў мае адбыцца 15 траўня.

Еўразвяз ужо абвінавачвае Расею ў «шантажы» і спрабуе знайсці альтэрнатыўных пастаўнікоў. Крэмль прызнае, што іншыя краіны таксама будуць адрэзаныя ад газу, калі не будзе выкананы ўльтыматум наконт умоваў аплаты.

Цяпер, напрыклад, Нямеччына стабільна атрымлівае расейскі газ, паведамілі ў Міністэрстве эканомікі і дадалі, што ўрад мае «цесны кантакт» з энергетычнымі кампаніямі і пастаўнікамі. Таксама міністр замежных справаў Венгрыі Петэр Сіярта заявіў, што краіна не адмаўляецца ад расейскіх энергарэсурсаў не з уласнага выбару, а таму, што пакуль знайсці альтэрнатывы гэтым пастаўкам немагчыма.

АД belsat.eu

Стужка навінаў