«Вы першы, хто напісаў мне не з родных». Фатограф з Сеніцы стварыў праект «Лісты палітвязням»


Жыхары Сеніцы пішуць лісты палітвязням штодня. Гэта важна не толькі для тых, хто за кратамі, але і для тых, хто на волі. Аўтар фотапраекту Аляксей распавёў, што такім чынам вяскоўцы паказваюць: барацьба працягваецца, а вязні не адны і патрэбныя не толькі родным.

«Ёсць палітвязні, якія не медыйныя, і ім пішуць рэдка. Гэта не правільна. Аднойчы нам прыйшоў адказ: «Вы першы, хто напісаў мне не з родных», а чалавек сядзіць у турме ўжо некалькі месяцаў», – распавёў Аляксей.

Спадар кажа, што Сеніца – гэта вёска, у якой у кожнага ёсць свая роля ў барацьбе за свабоду. Хтосьці ходзіць маршамі, хтосьці партызаніць, а вось нехта піша лісты і дзеліцца адказамі з усімі. Ліст ад Сяргея Гацкевіча даў штуршок да стварэння такога фотапраекту, у якім узялі ўдзел жыхары вёскі.

Ліст палітзняволенага Сяргея Гацкевіча. Фота з уласнага архіву

«Некаторыя зняволеныя просяць дапамогі для сваіх семʼяў, і мы па магчымасці дасылаем ім прадметы першай неабходнасці, цацкі дзецям», – кажа Аляксей.

У вёсцы лісты пішуць шмат чалавек, мужчыны, жанчыны і нават бабулі, але ёсць дзве дзяўчыны, якія пішуць амаль кожны дзень, цэлымі пачкамі. Адказы вязняў ахайна захоўваюць «для гісторыі».

«Такім чынам я і мае фотагероі хочам прыцягнуць увагу да праблемы, – падкрэсліў аўтар здымкаў. – Калі мяне чапляе нейкая праблема, пра яе хочацца крычаць, каб пра яе пачулі. І жыхары Сеніцы ўсімі сіламі хочуць таго ж. Таму і ствараюцца такія праекты».

 

Праект «Лісты палітвязням».
Фота: zmagarskiy_a_photography / instagram
Праект «Лісты палітвязням».
Фота: zmagarskiy_a_photography / instagram
Праект «Лісты палітвязням».
Фота: zmagarskiy_a_photography / instagram
Праект «Лісты палітвязням».
Фота: zmagarskiy_a_photography / instagram

 

МГМ, belsat.eu

Стужка навінаў