У ЗША навукоўцы знайшлі спосаб імгненна знішчыць каронавірус тэмпературай


Ілюстрацыйнае фота.
Фота: pixabay.com

Навукоўцы Тэхаскага ўніверсітэту A&M вынайшлі спосаб, які дазваляе імгненна знішчаць COVID-19, паведамляе Phys.org.

Такі вынік атрымаў прафесар кафедры электратэхнікі і вылічальнай тэхнікі Арум Хан разам са сваімі супрацоўнікамі пры дапамозе высокай тэмпературы.

Нейтралізаваць каронавірус намагаліся высокімі тэмпературамі і раней, але тады на знішчэнне яго сыходзіла да 20 хвілінаў, што не ёсць практычным рашэннем, бо выкарыстоўваць цяпло цягам доўгага перыяду цяжка і дорага.

«Хан і ягоная каманда цяпер прадэманстравалі, што тэрмічная апрацоўка менш чым за секунду цалкам нейтралізуе каронавірус, забяспечваючы магчымае зніжэнне распаўсюджвання COVID-19, асабліва паветрана-кропельным шляхам», – адзначаецца ў публікацыі.

Падчас эксперыменту навукоўцы прапусцілі праз награвальную секцыю трубкі са сталі раствор з каронавірусам. Аказалася, што калі раствор нагрэць амаль да 72 градусаў на працягу прыкладна паўсекунды, цітр віруса паменшыцца ў 100 тысяч разоў, што дастаткова для яго нейтралізацыі.

Даследчыкі лічаць, што гэты метад можна выкарыстоўваць з дапамогаю сістэмаў ацяплення, вентыляцыі і кандыцыянавання паветра.

 

МГМ, belsat.eu

Стужка навінаў