«У нас пакуль няма артыкула за ўласны светапогляд». Гарадзенскага фатографа аштрафавалі за сцяжок у машыне

Кастрычніцкі суд Горадні сёння прысудзіў фатографу-фрылансеру Валерыю Юдзіну штраф у 15 базавых, ці 435 рублёў, за «адзіночнае пікетаванне» (ч. 1 арт. 24.23 КаАП) – у машыне гарадзенца знаходзіўся бел-чырвона-белы сцяжок і налепка «Пагоня». Вынес рашэнне суддзя Віталь Лабоцкі.

Гарадзенскі фатограф-фрылансер Валерый Юдзін. Фота: Белсат

22 красавіка Валерыя затрымалі падчас таго, як ён выехаў на машыне на працу.

«Затрыманне было вельмі нечаканым. Я толькі выязджаў са двара свайго дому, праехаў максімум метраў 50, як з цывільнай машыны выйшаў супрацоўнік ДАІ і прыпыніў мяне. Пачаў праверку дакументаў. Я толькі выехаў, не паспеў прысцягнуцца рамянём бяспекі. Даішнік пачаў правяраць усё: у мяне не было тэхагляду, аптэчка і вогнетушыльнік былі пратэрмінаваныя. Я пагадзіўся з усімі парушэннямі. Мне вынеслі папярэджанне. Пасля даішнік пачаў правяраць па базе мяне і мой аўтамабіль і сказаў, што я знаходжуся ў вышуку. Я гэта адмаўляў, які вышук, у мяне машына ўжо гадоў 10, як яна можа быць у вышуку? Мне прапанавалі праехаць у Кастрычніцкі РАУС для высвятлення сітуацыі. Ні пра якое пікетаванне ці сцяг у машыне размовы не ішло», – кажа ў каментары «Белсату» Валерый.

Калі яго прывезлі ў РАУС, то доўга не паведамлялі, што ён парушыў.

«Я сядзеў у пакоі для затрыманых і чакаў. Інспектар сказаў, што ў мяне ў машыне знаходзіцца нейкая забароненая сімволіка. Я запытаў, дзе яна забароненая? Са мной размаўлялі па нейкіх паняццях, маўляў, вы ж самі ўсё разумееце. Але што я мушу разумець?» – распавядае Валерый.

Больш сутак ён знаходзіўся ў ІЧУ. Валерый адзначае, што там па асабліваму ставяцца да тых, хто туды трапляе па палітычных справах.

«У катэгорыю «палітычныя» трапляюць нават тыя, у каго яшчэ не было суда. Трапіў і я. Я лічу гэта грубым парушэннем правоў чалавека. Рэжым утрымання для «палітычных» і «звычайных» адрозніваецца. Другім даюць падушку, матрацы, прасціны, якія не адбіраюць цягам дня, і людзі могуць ляжаць на сваіх нарах. «Палітычным» бялізна не даецца, нары жалезныя», – распавядае Валерый.

Гарадзенскі фатограф-фрылансер Валерый Юдзін. Фота: Белсат

На другія содні ў ІЧУ кантралёр паведаміў Валерыю, што яму нельга сядзець цягам дня: «палітычным» нельга сядзець з 6 ранку, моманту пад’ёма, да самага адбоя.

«Дзяжурны сказаў, што калі пабачыць, што я сяджу, мне будзе назначаны карцар.
Ноччу «палітычных» будзяць: ты мусіш устаць з нараў сярод ночы, падысці да сцяны, рукі за спіну, і па камандзе кантралёра назваць свае дадзеныя і артыкул, па якім затрыманы. Мяне так падымалі два разы. Да астатніх зняволеных такой меры не прымяняюць», – узгадвае гарадзенец.

Вечарам 23 красавіка яго адпусцілі да суда. На два мабільных тэлефона пасля затрымання Юдзіна наклалі арышт. Адзін з тэлефонаў – працоўны, яго вярнулі. Другі, асабісты, вернуць пасля аплаты штрафу.

Налепка з гербам «Пагоня» на аўтамабілі гарадзенца знаходзіцца з моманту пакупкі. Яшчэ адзін БЧБ-сцяжок знайшлі падчас агляду ў Валерыя Юдзіна дома. Ён разам са сцяжкамі іншых краін знаходзіцца на паліцы каля кніг, яго нельга ўбачыць з акна, адзначыў Валерый у судзе, які адбыўся 28 красавіка. Ён падкрэсліў, што бел-чырвона-белы сцяг з’яўляецца гістарычным сцягам Беларусі, які ні адным нарматыўным прававым актам не аднесены да нацысцкай або забароненай сімволікі. Таксама адсутнічаюць нарматыўныя прававыя акты, якія забараняюць або прадугледжваюць пакаранне за публічную дэманстрацыю дзейнага або гістарычнага сцяга Рэспублікі Беларусь. А герб «Пагоня» наогул унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў і ахоўваецца дзяржавай.

«Я лічу сябе невінаватым у гэтай справе. Дэманстрацыю сцяга без лозунгаў або плакатаў нельга прызнаць формай пратэсту. Пікетаванне – гэта мерапрыемства, дзе мусіць быць намер, мэта правядзення, сфармуляваныя патрабаванні. Але тут нічога такога не было. У нас пакуль няма артыкула за ўласны светапогляд. Я ехаў у сваёй машыне, не збіраўся праводзіць ніякага пікету, і чаму да мяне ўжываюць такія меры – я не разумею», – падсумаваў Валерый Юдзін у каментары Белсату.

Валерый Юдзін – фатограф-фрылансер, адзін са стваральнікаў часопіса «Твой город Гродно». Да гэтага працаваў у прэс-службе УУС і пенітэнцыярнай сістэме.

СП, belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны