Працягваецца допыт сведак у справе валанцёраў штабу Віктара Бабарыка


28 красавіка працягнуўся допыт сведак у справе валанцёраў штабу Віктара Бабарыка.

Сведкай выступіла Кацярына Бурдзейка, сяброўка Ігара Ярмолава і Уладзіслава Карэцкага. Карэцкага Кацярына ведае каля двух гадоў, Ярмолава са жніўня 2020 года, усе яны займаюцца танцамі. Абодвух хлопцаў характарызуе са станоўчага боку, ніякіх канфліктных сітуацыяў ніколі не было.

Да сведкі было пытанне ад Ігара Ярмолава, ён удакладняў, як ён мог 9 жніўня ісці на пратэсты супраць вынікаў выбараў, калі тады яны яшчэ не былі агучаныя. Суддзя пытанне зняла, бо абвінавачаны сам адказаў на яго.

Валанцёры штаба Віктара Бабарыкі ў судзе Маскоўскага раёну: Дзмітрый Канапелька, Ігар Ярмолаў, Уладзіслаў Карэцкі, Мікалай Сасеў. Менск, Беларусь. 15 красавіка 2021 года.
Фота: АК / Белсат

Наступным сведкам выступіў Аляксандр Звягоў, сябар Ігара Ярмолава. Знаёмы з абвінавачаным больш за 15 гадоў, былі аднакласнікамі ў школе.

9 жніўня сведку тэлефанаваў Ігар Ярмолаў і распавёў, што назірае ў горадзе за падзеямі, сам ні ў чым не ўдзельнічае. Сведка турбаваўся за Ярмолава, бо яго маглі затрымаць, як затрымлівалі простых грамадзянаў на вуліцах.

«Калі на допыце я адказваў «не ведаю», следчы мне прапаноўваў застацца да раніцы. Я быў у такой сітуацыі першы раз, дзесьці разгубіўся, на мяне падвышалі голас. Некаторыя паказанні я даў пад ціскам», – адказаў на пытанне суддзі сведка, тлумачачы супярэчнасці ў паказаннях.

Ігар Ярмолаў, валанцёр штаба Віктара Бабарыкі.
Фота: АК / Белсат

Пасля запрасілі наступнага сведку – Яўгена Казакова, сябра Дзмітрыя Канапелькі. З астатнімі абвінавачанымі быў знаёмы толькі візуальна.

Са словаў Казакова, увечары 9 жніўня з абвінавачанымі ён сустрэўся ў офісе. Туды можна было вярнуцца, калі ў горадзе небяспечна. У офісе яны проста размаўлялі, абмяркоўвалі падзеі, якія адбыліся.

«Дзмітрый – выдатны чалавек, любіць Беларусь, займаўся бізнесам. Наогул развіваць IT-праекты ў Беларусі – вельмі патрыятычна, бо калі з’ехаць за мяжу, то заробіш нашмат больш. Але ён рабіў гэта менавіта тут», – пракаментаваў сведка сваё меркаванне пра абвінавачанага.

Мікалай Сасеў, валанцёр штаба Віктара Бабарыкі.
Фота: АК / Белсат

Таксама ў якасці сведак выступілі ў судзе Сяргей Скараходаў, Аляксей Варабей.

Абвешчаны перапынак, суд працягнецца 4 траўня а 10:30.

АК belsat.eu

Стужка навінаў