Не дазволілі ні абдымкаў, ні пацалункаў. У берасцейскім СІЗА дзяўчына пабралася шлюбам з палітвязнем


Яўгенія Панцялеева ля дому грамадзянскіх абрадаў. Берасце, Беларусь.
Фота: МХ / Белсат

Вяселлі ў берасцейскім СІЗА №7, на жаль, становяцца новай традыцыяй. Свае сем’і ствараюць беларускія палітвязні. У кастрычніку мінулага году распісаліся Ганна і Раман Гвазделкі, у сакавіку – Святаслаў і Таццяна Герасімукі, а ў красавіку створана сям‘я Яўгеніі і Віктара Панцялеева. На іх вяселлі пабывалі і журналісты «Белсату».

Маладыя берасцейцы – 27-гадовы Віктар Панцялееў і 24-гадовая Яўгенія Аўчыннікава былі разам цягам чатырох гадоў да траўня 2020 года. Абодва з гарачымі характарамі, увесну пасварыліся і разышліся. У канцы жніўня Яўгенія даведалася, што Віктар за кратамі, яго абвінавачваюць ва ўдзеле ў масавых закалотах у Берасці 10 жніўня. Дзяўчына напісала былому хлопцу ліст. У ліставанні маладыя людзі даравалі адно аднаму і зноў сышліся, а падчас спаткання ў СІЗА Віктар зрабіў Яўгеніі прапанову.

Яўгенія набыла кольцы, але пакінуць адно Віктару ў СІЗА нельга. Берасце, Беларусь.
Фота: МХ / Белсат
Берасце, Беларусь.
Фота: МХ / Белсат

Віктара Панцялеева затрымалі 18 жніўня. Спачатку яго трымалі ў ізалятары часовага ўтрымання, а 21 жніўня перавялі ў СІЗА № 7 у Берасці і выставілі абвінавачванне паводле ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу Беларусі: удзел у масавых закалотах, што, па версіі ўладаў, выявіўся ў гвалце над асобай, пагромамі, падпаламі, знішчэннем маёмасці, узброеным супрацівам прадстаўнікам уладаў. Маладзёну пагражае ад 3 да 8 гадоў пазбаўлення волі. Праваабаронцы прызналі Віктара Панцялеева палітвязнем.

Спачатку Яўгенія і Віктар хацелі распісацца пасля суду (які як раз зараз ідзе), паколькі з гэтай прычыны ў калоніі даюць доўгае спатканне. Але вырашылі не чакаць, новая сямʼя ўтварыліся 27 красавіка.

Яўгенія з рэгістратаркай шлюбаў накіроўваюцца да Віктара Панцялеева ў СІЗА №7. Берасце, Беларусь.
Фота: МХ / Белсат
Віншаванні на прахадной СІЗА не дазваляе ахова, прысутных просяць адыйсці на 30 метраў ад рэжымнага аб’екту. Берасце, Беларусь.
Фота: МХ / Белсат

Яўгенія набыла кольцы, зрабіла фрызуру і апранула вясельны строй. Па дарозе разам з сваёй сяброўкай яна заехала за кветкамі, потым забралі з дому грамадзянскіх абрадаў рэгістратара шлюбаў. Такім складам паехалі ў СІЗА.

Цырымонія была нядоўгай, маладую пару распісалі, але не дазволілі ні абдымкаў, ні пацалункаў.

На двары каля сцен СІЗА Яўгенію чакалі каля 20 чалавек, у тым ліку бацькі іншых палітвязняў, якія прыйшлі павіншаваць дзеўчыну.

Ахоўнік выводзіць нявесту пасля рэгістрацыі. Уся працэдура працягнулася не больш за 20 хвілін. Берасце, Беларусь.
Фота: МХ / Белсат

– Усё прайшло выдатна, я вельмі шчаслівая. Нас з Віктарам распісвалі ў невялікім пакоі з абразамі, прывялі майго каханага, ён вельмі моцна перажываў, спачатку нават не глядзеў на мяне, мы абмяняліся пярсцёнкамі, але потым іх забралі. Па працэдуры мы павінны стаяць у метры адзін ад аднаго, нельга абняцца, трымацца за рукі. Але ўсе роўна ўсё прайшло добра, эмоцыі цераз край. У нас у лютым было спатканне, а так мы не бачыліся з траўня, амаль год, – сказала адразу пасля роспісу ў размове з «Белсатам» Яўгенія.

На выхадзе з СІЗА Яўгенія не стрымлівае слёзы. Берасце, Беларусь.
Фота: МХ / Белсат
Берасце, Беларусь.
Фота: МХ / Белсат
Госці мыладых таксама расчуленыя. Берасце, Беларусь.
Фота: МХ / Белсат

Дзяўчына кажа, што падзеі жніўня мінулага году аб’ядналі беларусаў.

– Мне вельмі прыемна, што са мной гэтае свята прыйшлі падзяліць дзесьці чужыя людзі, дзесьці вельмі блізкія. Я заўсёды казала пра Беларусь, што ў нас усё жывуць па прынцыпе «мая хата з краю», а цяпер я бачу салідарнасць, дапамогу адзін аднаму, гэта вельмі крута, і тая сітуацыя, што здарылася ў нашай краіне, здарылася не проста так, мы моцна зʼядналіся, і тое, што адбылося ў жніўні, было гэтага варта. Не думала, што радасць уласнага вяселля я буду падзяляць з чужымі людзьмі, але мне гэта падабаецца, – не скрывае эмоцыяў Яўгенія.

Берасце, Беларусь.
Фота: МХ / Белсат
Берасце, Беларусь.
Фота: МХ / Белсат

Цяпер дзяўчына спадзяецца, што разам з Віктарам адгуляе вяселле ў новай Беларусі.

– Усе 253 дні, што Віктар знаходзіцца ў СІЗА, я ў думках рыхтавалася да гэтага. Але калі Віця зрабіў прапанову, усё роўна было нечакана. Для мяне шлюб адзін раз і назаўсёды. Як жа я памылялася, давядзецца пабрацца шлюбам другі раз. Першы – у СІЗА, другі ў свабоднай краіне, – кажа Яўгенія Панцялеева.

Пасведчанне аб шлюбе, якое выдалі адразу. Берасце, Беларусь.
Фота: МХ / Белсат

АС, belsat.eu

Стужка навінаў