Дзевяцёх жодзінцаў асудзілі «за лазню» на 15–25 дзён арышту


У Жодзіне 27 красавіка асудзілі 9 з 20 затрыманых у лазні за «несанкцыянаваную акцыю» (арт. 24.23 КаАП РБ). Паводле назіральнікаў «Вясны», суды ішлі да позняга вечара, хоць у першай палове дня паседжанні пераносілі на пазнейшы час.

На ўсіх затрыманых склалі пратаколы за «несанкцыянаваную акцыю», асудзілі на 15–25 содняў. Чатыры затрыманыя мужчыны абвесцілі галадоўку.

Вядомыя наступныя выракі.

Суддзя Ганна Мукавозчык адправіла Яўгена Літвінава і Юрыя Шастака адбываць арышты на 15 содняў, а Аляксея Казлова і Станіслава Рэпкіна арыштавала на 25 содняў.

Аляксандр Кавалёў і Яўген Шаляпень на рашэнне суддзі Івана Грынкевіча будуць адбываць 25-дзённыя арышты.

Арцём Крот і Сафія Ярмачонак арыштаваныя суддзёй Кацярынай Якубіцкай на 15 содняў.

А сына гаспадара лазні Васіля Аўчарэнку арыштавалі паводле арт. 24.3 КаАП («непадпарадкаванне») на 15 содняў.

24 красавіка ў Жодзіне амапаўцы ўварваліся на тэрыторыю прыватнай лазні і пахапалі людзей, якія адпачывалі там. Затрыманых абвінавацілі ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, хоць ніякай сімволікі з сабой у людзей не было (як сцвярджаюць прысутныя, адзінага бел-чырвона-белага сцяга з фота МУС ніхто з іх да затрымання не бачыў).

АА belsat.eu

Стужка навінаў