Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў пра гатовасць украінскага ўраду пачаць перамовы ў Стамбуле аб нейтральным статусе і спыненні агню. У інтэрв’ю прадстаўнікам расейскіх СМІ Зяленскі адзначыў, што для гэтага прадстаўнікамі Расейскай Федэрацыі мусяць быць выкананыя пэўныя ўмовы.
Найпершай умовай для перамоваў Зяленскі лічыць адвод расейскіх войскаў на «кампрамісныя» пазіцыі «23 лютага». Прэзідэнт Украіны адзначыў, што адзінай перамогай у такіх абставінах будзе максімальнае змяншэнне колькасці ахвяраў і скарачэнне тэрмінаў гэтай вайны.
«Я разумею, што прымусіць Расею цалкам вызваліць тэрыторыю немагчыма, гэта прывядзе да трэцяй сусветнай вайны. Я выдатна ўсё разумею. Таму я і кажу: гэта кампраміс. Калі ласка, вярніцеся туды, з чаго ўсё пачалося, і там мы паспрабуем развязаць пытанне Данбасу, складанае пытанне Данбасу».
Зяленскі падкрэсліў, што для падпісання ўмоваў і гарантыяў бяспекі ў выпадку перамоваў мусяць быць выведзеныя замежныя войскі з украінскай тэрыторыі. Паводле ўкраінскага лідара, падобныя ўгоды наўпрост супярэчаць здароваму сэнсу і міжнароднаму праву.
«Ніякі гарант… Джонсан, Байдэн, Дуда, Эрдаган? Хто сядзе пра нешта казаць, калі стаяць войскі? Хто нешта падпіша? Нічога не будзе, гэта немагчыма. Таму не трэба чакаць зменаў у законе. Таму, калі расейскі бок сказаў: «Давайце спачатку зменім закон, а потым выведзем танкі», мы глядзім на іх, як на… тых, хто неглыбока разумее палітычныя працэсы з пункту гледжання закону».
Зяленскі заявіў, што ягонай асабістай дамоўленасці з прэзідэнтам РФ Уладзімірам Пуціным дастаткова, каб пачаць працэс вываду расейскіх войскаў з Украіны. Таксама Зяленскі зазначыў сваю гатовасць сустрэцца з Пуціным сам-насам.
«Вось мы сустрэліся, мы з ім (Пуціным) дамовіліся, гэтага дастаткова – нашай з ім дамовы з подпісамі, з пячаткамі, хоць крывёй. Гэтага дастаткова, каб пачаць працэс вываду войскаў. Войскі павінны быць выведзеныя, гаранты ўсё падпішуць, і ўсё, гэта ўсё будзе працаваць далей. Далей ратыфікацыя ў парламентах, рэферэндум некалькі месяцаў, а потым змены ў Канстытуцыі».
Нагадаем, што на гэтым тыдні, у Стамбуле, пры пасярэдніцтве прэзідэнта Турцыі Рэджэпа Эрдагана маюць прайсці мірныя перамовы.
ЗХ belsat.eu