Што пераломіць сітуацыю ў Беларусі і што рабіць беларусам? Тры сцэнары і чатыры прапановы Шчыгельскага


Палітычны прадстаўнік руху «Супраціў» Дзмітрый Шчыгельскі перакананы: Беларусь цяпер пад фактычнай расейскай акупацыяй і паводле міжнародных нормаў яна краіна-агрэсар, бо дала свае тэрыторыі для расейскага нападу на Украіну.

Дзмітрый Шчыгельскі.
Фота: Дмитрий Щигельский / Facebook

Пераламаць хаду вайны не зможа ні «Супраціў», ні «Кіберпартызаны», ні NATO, а толькі ўкраінскі народ, казаў ён на прэс-канферэнцыі 26 сакавіка ў Варшаве. Беларусы могуць толькі дапамагчы ўкраінцам і зрабіць так, каб свет ведаў, што за расейскую вайну выступае рэжым Лукашэнкі, а не беларускі народ.

Hавiны
«Кіберпартызаны» зрываюць расейскі наступ на Украіну. Як кожны можа дапамагчы хакерам – і ўкраінцам
2022.03.27 09:10

А што можа пераламаць сітуацыю ў Беларусі? Шчыгельскі бачыць тры варыянты

«Пераламаць сітуацыю ў Беларусі можа фактычна рэвалюцыя, для якой цяпер умоваў няма і рэсурсаў няма, – мяркуе Дзмітрый Шчыгельскі. – Калі рэвалюцыйная сітуацыя ўзнікне, я не ведаю: ніхто ніколі ў гісторыі ніводнай рэвалюцыі не прадказаў».

Дзеля паспяховай рэвалюцыі, кажа ён, патрэбныя належныя структуры і лідары, якія дастаткова абазнаныя, маюць волю і магчымасць да барацьбы. Гэтага бракавала ў жніўні 2020 года. І хоць для рэвалюцыі не патрэбная большасць, а дастаткова актыўнай меншасці, невядома, калі тая меншасць будзе мець шанц. Ды гэта толькі адзін з варыянтаў развіцця падзеяў.

У Францыі 1944 года, згадвае Шчыгельскі, сітуацыю пераламала высадка супольных войскаў у Нармандыі, «Дзень D». Калі вайна ва Украіне перарасце ў глабальную, «гэта таксама магчымасць», лічыць ён. Вялікай розніцы між калабаранцкім рэжымам Вішы ў Францыі тых часоў і цяперашнім рэжымам Лукашэнкі ён не бачыць.

Hавiны
Беларусь – пад расейскай акупацыяй?
2022.03.22 21:44

Прадстаўнік «Супраціву» таксама згадвае, як у 1914 годзе, калі расейскі імператар Мікалай II уступаў у Першую сусветную вайну, быў вялізны ўздым патрыятызму, любові да імператара, было вялікае падтрыманне вайны. Але ў 1917 годзе гэта скончылася дзвюма рэвалюцыямі, расстрэлам царскай сям’і.

«А што будзе, калі ўкраінцы з дапамогай усяго свету, у тым ліку беларускага батальёну і беларускага грамадства, працягнуць супраціўляцца? – разважае Шчыгельскі. – Калі Пуціну давядзецца пайсці на мабілізацыю, я абсалютна не выключаю, што стаўленне да гэтай вайны ў Расеі можа змяніцца. Гэта можа прывесці да змены палітычнага лідарства ў Расеі. Гэта будзе адчыняць акенца магчымасцяў для Беларусі: Лукашэнка без Пуціна ніхто».

Дык што рабіць беларусам? Чатыры варыянты ад Шчыгельскага

Шчыгельскі адзначае: лёгка разважаць, седзячы ў Варшаве. Кожны мусіць вызначаць, што рабіць, у тых абставінах, якія ёсць.

Найперш ён звяртае ўвагу на добраахвотніцкія фармаванні беларусаў ва Украіне, батальён імя Кастуся Каліноўскага як найбольш вядомую частку фармаванняў. Добраахвотнікаў ён называе элітай і надзеяй беларускай нацыі.

Hавiны
«Другая армія ў свеце атрымлівае па зубах». Батальён імя Каліноўскага падвёў вынікі 30 дзён вайны
2022.03.25 11:45

Па-другое, Шчыгельскі нагадвае, што беларусы рабілі на акупаваных тэрыторыях у 1941–44 гадах. Яны ўдзельнічалі не толькі ў партызанскіх і падпольных фармаваннях, але і ўчынялі сабатаж.

Шчыгельскі расказвае, як шмат гадоў таму пазнаёміўся з жанчынай, якая ў 1942 годзе мусіла ў акупаваным Менску працаваць на мясакамбінаце, які пастаўляў харчы вермахту: «Яны рабілі так, каб да фронту і да вермахту прыехала гніль з чарвякамі, а не каўбаса і кансервы». Як дзейнічаць цяпер у Беларусі, кожны мусіць ведаць сам, даць інструкцыі кожнаму немагчыма.

Трэцяе, што раіць Шчыгельскі: трэба весці інфармацыйную працу з роднымі і сваякамі, сябрамі і знаёмымі, кім заўгодна. Тлумачыць, што і чаму адбываецца, важна ў тым ліку таму, што ўлады спрабуюць закрыць доступ да незалежных медыяў.

Чацвёртае – «рыхтавацца да наступнай магчымасці фізічна, маральна, інтэлектуальна, каб гэтую магчымасць выкарыстаць паспяхова».

Парады
Псіхолаг раіць, што рабіць, калі чакаеш пераменаў, а добрых знакаў няма
2021.10.01 08:40

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў