Дзяўчынка Амелія Анісовіч, якая спявала ў бамбасховішчы, разам з маці ў эфіры «Белсату»


Дзяўчынка з бамбасховішча, 7-гадовая ўкраінка Амелія Анісовіч, якая праспявала песню з мультфільма «Халоднае сэрца» для ўзняцця настрою падчас бамбардзіровак у Кіеве разам з мамай Ліліяй пабывалі ў студыях «Белсату» і распавялі пра свой пераезд з Украіны і планы ў Польшчы.

Амелія Анісовіч. Скрыншот: эфір Белсату/Youtube

Відэа з выступам Амеліі з бамбасховішча разляцелася па сацсетках, а па прыездзе ў Польшчу яна выступіла на дабрачынным канцэрце і выканала гімн Украіны.

Амелія распавяла, што ў бамбасховішчы, у якім яны хаваліся, было «вельмі цесна і зусім не добра». «Думаю, што іншым песня дапамагла падняць настрой. Калі я пачала спяваць, усе замоўклі, нават дзеці, якія плакалі», – успамінае дзяўчынка.

Маці Амеліі расказала, што дзяўчынка прыехала ў Польшчу з бабуляй і братам, а сама яна далучылася да іх праз 10 дзён. «Дабіраліся яны цяжка – гэта была электрычка, толькі сядзячыя месцы – драўляныя сядзенні, якія разлічаны на дваіх, а на іх сядзела чацвёра. Многія людзі сядзелі проста на падлозе. Таксама быў пэўны запланаваны маршрут перамяшчэння, але з-за таго, што гарады, праз якія праязджала электрычка, спрабавалі бамбаваць і была пашкоджана частка дарогі, электрычка ехала значна даўжэй», – дзяліцца Ліля.

Таксама ў студыі Амелія расказала, што вельмі сумуе па Кіеве і па сваіх сябрах, асабліва па таце і бабулі, якія засталіся ва Украіне.

«Цяпер у нас усё добра, мы жывем у спакойным месцы. Амелія заўтра-паслязаўтра ўжо пойдзе ў школу. Старэйшы сын таксама працягне вучобу, таму што ва Украіне зараз гэта практычна немагчыма. Датычна планаў – плануем займаць вакалам, мы раней не надавалі гэтаму значэння і сур’ёзнасці», – кажа маці Амеліі.

Амелія Анісовіч разам з мамай Лилей. Скрыншот: эфір Белсату/Youtube

Дзяўчынка падзялілася, што калі пачалася вайна, ёй стала вельмі страшна, і яна баялася за кошку Кацю, якая засталася ў Кіеве.

«Я малю толькі аб адным: каб хутчэй скончылася гэтая вайна. Каб хутчэй перасталі паміраць людзі, самае страшнае, што паміраюць дзеці. Гэта працягваецца і няма ні канца, ні краю. Гэта трэба спыніць усімі сіламі, сабраць усе магчымыя рэсурсы: словы, малітвы, дзеянні, зброю, сілы, і проста гэта спыніць.

Дзеці павінны займацца творчасцю: спяваць, маляваць, танчыць, рабіць усё што заўгодна, толькі не паміраць», – кажа маці дзяўчынкі.

Таксама яна падзякавала Польшчы і назвала неверагодным тое, што яна робіць для Украіны і для іх, каб яны адчувалі сябе ў бяспецы.

АД belsat.eu

Стужка навінаў