Дыктатары, тэрарысты і сепаратысты. Хто падтрымлівае Расею ў вайне супраць Украіны


Ужо больш як месяц Расея вядзе агрэсіўную вайну ва Украіне. Але ў гэтым канфлікце Крэмль не ў самоце. Мы сабралі саюзнікаў РФ, якія на словах і справе дапамагаюць ёй знішчаць украінскія гарады і забіваць украінцаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Вайскоўцы без пазнак у вёсцы Бугас Данецкай вобласці, Украіна.
Фота: МП / Белсат

Украінскія акупаваныя тэрыторыі

У вайне супраць Украіны важнае месца займаюць украінскія акупаваныя тэрыторыі: як самаабвешчаныя гэтак званыя Данецкая і Луганская народныя рэспублікі, якія ва Украіне прызнаныя тэрарыстычнымі арганізацыямі, гэтак і залучаны ў склад Расеі ў 2014 годзе Крым.

Войскі з гэтых тэрыторыяў беспасярэдне бяруць удзел у вайне, «рэспублікі» праводзяць у сябе мабілізацыю мужчынскага насельніцтва ды прапускаюць расейскія войскі. Паведамляюць пра мабілізацыю і ў акупаваным Крыме.

Афіцыйна заяўляюць, што «ЛНР» і «ДНР» павінны захапіць усе землі Луганскай і Данецкай вобласцяў. Таксама кажацца пра магчымасць далучэння да Крыму земляў Херсонскай і Запарожскай вобласцяў.

Рэжым Аляксандра Лукашэнкі

У той час як грамадзяне Беларусі амаль пагалоўна выступаюць супраць удзелу беларускіх вайскоўцаў у вайне, рэжым Аляксандра Лукашэнкі актыўна падтрымлівае расейскія войскі. Гэтак, яны карыстаюцца беларускаю транспартавай інфраструктураю для атакі на Украіну: аўтамабільнымі і чыгуначнымі дарогамі, вайсковымі аэрадромамі. Запускаюць расейцы з Беларусі і ракеты па ўкраінскіх гарадах. Таксама, як паведамляюць, пад паслугі расейскіх вайскоўцаў аддадзеныя шпіталі і жылыя інтэрнаты ў памежных раёнах.

Hавiны
Святлана Ціханоўская ў ААН заклікала прызнаць Беларусь акупаванай Расеяй
2022.03.17 16:10

Апроч таго, войска Лукашэнкі працягвае ствараць беспасярэднюю пагрозу Украіне магчымасцю свайго ўварвання на валынскім напрамку. Таксама прадстаўнікі рэжыму сінхранізавалі сваю прапаганду з расейскаю, разганяюць у Беларусі антываенныя мітынгі, пераследуюць як звычайных праціўнікаў вайны, гэтак і партызанаў ды тых беларусаў, якія далучыліся да ўкраінскага войска.

Таксама не варта забываць і пра тую пагрозу, якую Беларусь працягвае ствараць суседнім краінам Еўразвязу, шантажуючы іх мігрантамі, якія часта агрэсіўна спрабуюць прарвацца ў ЕЗ.

Прыднястроўе

Падобную ролю з рэжымам Лукашэнкі адыгрывае самаабвешчаная Прыднястроўская Малдаўская Рэспубліка на тэрыторыі Малдовы. Рэгіён мяжуе з Адэскаю вобласцю Украіны і, як мяркуюць, можа выкарыстоўвацца як для выканання ваенных заданняў, гэтак і для лагістыкі. Было Прыднястроўе і на мапах з планамі акупацыі Украіны ад Лукашэнкі.

Агульную колькасць войскаў у ПМР – як расейскіх, гэтак і мясцовых – ацэньваюць на прыблізна 10 тысячаў чалавек. Напярэдадні вайны яны былі прыведзеныя ў павышаную баявую гатовасць. Таксама паведамлялі пра абстрэлы Украіны з боку Прыднястроўя, а на мяжы з рэгіёнам затрымлівалі і прарасейскіх дыверсантаў з ПМР.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Данецк, Украіна.
Фота: Stringer / Белсат

Як мяркуюць, расейскія ўлады ў выніку вайны плануюць пракласці сухаземныя калідоры ў Крым і Прыднястроўе, адрэзаўшы такім чынам Украіну ад Чорнага мора. Вываду расейскіх войскаў з рэгіёну патрабуюць улады Малдовы, якія дамагліся прызнання яго часова акупаванаю тэрыторыяй.

Грузінскія Паўднёвая Асеція ды Абхазія

Сваіх людзей на вайну з Украінай ужо паслалі і сепаратысцкія рэгіёны Грузіі – Паўднёвая Асеція і Абхазія. Гэтыя ж «рэспублікі» 25 лютага прызналі незалежнасць «ЛНР» і «ДНР».

16 сакавіка паведамлялі, што падраздзяленні 4-й вайсковай базы Расеі ў Паўднёвай Асеціі, у тым ліку мясцовыя кантрактнікі, выбылі для ўдзелу ў агрэсіі. На наступны дзень там ужо развітваліся з мясцовым сяржантам, які загінуў на ўкраінскай зямлі. А 26 сакавіка кіраўнік Паўднёвай Асеціі Анатолій Бібілаў апублікаваў новае відэа адпраўкі паўднёваасецінскіх вайскоўцаў ва Украіну. У той жа дзень вайсковую тэхніку з асецінскім сцягам заўважылі ва ўкраінскім Мэлітопалі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. У Цхінвалі развіталіся з вайскоўцам 58-й арміі Узброеных сілаў РФ Андрэем Бакаевым.
Фота: presidentruo.org

25 сакавіка цалкам падтрымаў расейскую вайну ва Украіне і міністр абароны Абхазіі Уладзімір Ануа. Паводле яго, Міністэрства абароны, «згодна з саюзніцкімі абавязкамі і пастановаю прэзідэнта Абхазіі дапаможа ў дасягненні ваенных мэтаў, пастаўленых вярхоўным галоўнакамандуючым Расейскай Федэрацыі перад Узброенымі сіламі Расеі». Апроч таго, узброеныя сілы Абхазіі былі прыведзеныя ў павышаную баявую гатовасць. Там правялі мабілізацыйныя захады, пазапланавыя зборы і вучэнні.

Нагорны Карабах

Яшчэ адною непрызнанаю краінаю на постсавецкай прасторы, якая падтрымала расейскую агрэсію ва Украіне, сталася армянская Нагорна-Карабахская Рэспубліка, што на тэрыторыі Азербайджану. Яшчэ 22 лютага яе парламент ухваліў прызнанне Расеяй незалежнасці «ЛНР» і «ДНР». Праўда, затым вайна ва Украіне прынесла толькі дадатковыя праблемы ўладам самаабвешчанай рэспублікі.

Для кампенсацыі стратаў на ўкраінскіх франтах з Нагорнага Карабаху ў сакавіку вывелі частку расейскіх «міратворцаў». На гэтым фоне Азербайджан, які настойвае, што ў Нагорным Карабаху не завершаная дэмілітарызацыя і не выведзеныя армянскія вайсковыя фармаванні, спачатку перакрыў пастаўкі газу ў рэгіён, а затым і ўвогуле заняў два паселішчы. Таксама Міністэрства абароны РФ паведаміла, што азербайджанскія вайскоўцы зайшлі ў зону адказнасці расейскіх «міратворцаў» і пры дапамозе беспілотніка атакавалі падраздзяленні мясцовых сілаў. У сваю чаргу Азербайджан заклікаў Расею вывесці рэшткі армянскай арміі з Нагорнага Карабаху і нават рэкамендаваў не ўжываць такой назвы.

У НКР тым часам увялі ваеннае становішча. А МЗС Арменіі чакае, што «міратворчы» кантынгент РФ пачне канкрэтныя крокі для спынення азербайджанскіх вайскоўцаў у Карабаху.

«Хізбула», Сірыя і не толькі

Да ліку саюзнікаў Расеі належаць і рэжым Башара аль-Асада ў Сірыі, які ўтрымаўся ва ўладзе перадусім дзякуючы Крамлю ды Ірану. Афіцыйны Дамаск яшчэ 22 лютага фактычна ўхваліў незалежнасць «ЛНР» і «ДНР». Таксама ён галасаваў і супраць праўкраінскіх рэзалюцыяў у ААН.

Аналітыка
Вагнэраўцы і баевікі Асада. Як Расея спрабуе аднавіць людскія страты, панесеныя ва Украіне
2022.03.14 15:53

У сакавіку ж міністр абароны РФ Сяргей Шайгу паведаміў, што з Блізкага Усходу гатовыя паехаць ваяваць ва Украіну на баку Расеі 16 тысячаў чалавек. Відаць, гаворка пра вайскоўцаў сірыйскіх сілавых структураў і баевікоў мясцовых праўрадавых парамілітарных фармаванняў, у тым ліку Сірыйскай рэспубліканскай гвардыі – элітных падраздзяленняў рэжыму аль-Асада.

Вербаванне «добраахвотнікаў» для адпраўкі ва Украіну вядзецца і сярод праасадаўскага рушэння. Паводле мясцовых медыяў, расейцы прапануюць сірыйцам, якія пагодзяцца паехаць ва Украіну, заробак $ 200–300 штомесяц. Палявыя камандзіры ў сваю чаргу атрымліваюць узнагароджанне за кожнага завербаванага.

Таксама паведамляюць, што расейская ПВК Вагнэра правяла перамовы пра адпраўку баевікоў ва Украіну з шыіцкаю тэрарыстычнаю групоўкаю «Хізбула». За гэта Расея нібыта абяцала «Хізбуле» ды Ірану, які яе падтрымлівае, пэўныя гандлёвыя прэферэнцыі. У выніку на вайну ва Украіне на баку расейцаў пастанавілі даслаць 800 тэрарыстаў. Наём аднаго байца каштуе $ 1500 за месяц.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота, апублікаванае СБУ, што нібыта паказвае наймітаў ПВК Вагнэра ў неўстаноўленым месцы. Крыніца: ssu.gov.ua

Адзначаюць, што «Хізбула» ўжо адкрыла вербавальныя пункты на кантраляваных ёю тэрыторыях у Ліване і Сірыі. 29 сакавіка ў Беларусь з Дамаску мусяць прыбыць 200 арабскіх баевікоў, якіх перакінуць ва Украіну.

З падтрыманнем незалежнасці «ЛНР» і «ДНР» выступіла і кіраўніцтва мяцежнага руху «Ансар Алаг» у Емене (хусіты) пад моцным уплывам Ірану. Яны ж працягваюць атакаваць нафтавую інфраструктуру саюзнай ЗША Саудаўскай Аравіі, у выніку чаго растуць кошты на нафту. У адказ Эр-Рыяд абвясціў правядзенне спецаперацыі ў Емене.

Але Іран, які хоць і нанёс 13 сакавіка ўдары па тэрыторыі амерыканскага консульства ў Іраку, застаецца ненадзейным саюзнікам Масквы. І пакуль Расея трапляе пад усё новыя санкцыі краінаў Захаду, ён імкнецца заключыць новую дамову з ЗША і тым самым зняць абмежаванні, уведзеныя Доналдам Трампам. У тым ліку на экспарт вуглевадародаў.

Афрыканскія найміты

У Афрыцы ці не галоўным саюзнікам Расеі можна назваць Цэнтральна-Афрыканскую Рэспубліку. Расейскія вагнэраўцы застаюцца ў краіне не адзін год, а напярэдадні выбараў 2020 года РФ нават паслала свае войскі ў ЦАР, каб падтрымаць мясцовыя ўлады.

У лютым 2022-га прэзідэнт ЦАР падтрымаў Расею ў прызнанні «ЛНР» і «ДНР», а ў сакавіку ў сацыяльных сетках з’явіліся відэа, на якіх людзі ў камуфляжы заяўляюць, што рэпрэзентуюць войска Цэнтральна-Афрыканскай Рэспублікі і гатовыя ехаць у Еўропу, каб падтрымаць Крэмль у яго ваеннай авантуры.

Hавiны
Афрыканскія салдаты Пуціна гатовыя ваяваць ва Украіне
2022.03.13 20:17

Частка відэа была знятая ў вучэбна-трэнавальным лагеры «Бэрэнга», дзе, паводле экспертаў ААН, працуюць найміты ПВК Вагнэра. Таксама ў сталіцы ЦАР адбыліся некалькі акцыяў на падтрыманне дзеянняў Расеі.

Публікавалі расейскія медыі відэа з афрыканскімі баевікамі, гатовымі паехаць ваяваць ва Украіну, і з іншых краінаў, напрыклад, з Конга ды Камеруну. Праўда, пакуль доказаў таго, што справа пайшла далей за словы, фактычна няма. Ёсць паведамленні пра ўдзел у баях на баку «ЛНР» некаторых афрыканцаў, але падрабязнасці не ўдакладняюцца.

Таксама ва Украіне заяўлялі пра рыхтаванне Расеяй наймітаў з Лівіі. Але начальнік Лівійскай нацыянальнай арміі ў пытаннях маральнага рыхтавання аль-Махджуб зняпраўдзіў гэта.

КНДР, Эрытрэя і не толькі

Сярод краінаў, што падтрымліваюць Расею, праўда, перадусім на словах, ёсць яшчэ шэраг дыктатарскіх рэжымаў. Гэтак, Паўночная Карэя, якою з 1948 года кіруе дынастыя Кімаў, і Эрытрэя, дзе амаль 30 гадоў пануе рэжым Ісаяса Афэўэркі, актыўна галасуюць у ААН супраць праўкраінскіх рэзалюцыяў у пытанні вайны. Кампанію ім складаюць толькі Расея ды ўжо згаданыя дыктатарскія рэжымы ў Беларусі ды Сірыі.

Да ліку саюзнікаў РФ ва ўкраінскім пытанні можна аднесці таксама лацінаамерыканскія дыктатуры на Кубе, у Нікарагуа і Венесуэле, якія перад пачаткам вайны прызналі незалежнасць «ЛНР» і «ДНР». Праўда, у Венесуэле, як і ў Іране, пасля пагадзіліся пайсці на саступкі ЗША ў адказ на зніжэнне санкцыйнага ціску і дазвол на пастаўкі нафты.

Свае сярод чужых і чужыя сярод сваіх

Ёсць пытанні адносна падтрымання Расеі і да некаторых еўрапейскіх краінаў. Гэтак, чалец Еўразвязу Вугоршчына не толькі не падтрымлівае стварэння беспалётнай зоны над Украінаю, бо гэта нібыта можа прывесці да баявых дзеянняў у паветры, але і выступае супраць увядзення міратворцаў ва Украіну праз рызыкі пачатку сухаземнай вайны. Апроч таго, урад краіны адмовіўся пастаўляць зброю Украіне праз сваю тэрыторыю. Не хоча Будапэшт адмаўляцца і ад расейскіх нафты і газу.

Жанчына робіць сэлфі падчас мітынгу, зарганізаванага сербскімі правымі арганізацыямі на падтрыманне расейскага ўварвання ва Украіну. Бялград, Сербія. 24 сакавіка 2022 года.
Фота: Vladimir Zivojinovic / AFP / East News

Пры гэтым прэм’ер Віктар Орбан усё ж адзначае: ягоная краіна «зробіць усё», што ў яе сілах, для дапамогі ўкраінцам, «бо на іх напалі, яны трапілі ў бяду».

Сербія ж стала адзінаю з краінаў, што імкнуцца да сяброўства ў Еўразвязе, якая адмовілася ўводзіць санкцыі супраць Расеі, хоць і далучылася да большасці краінаў ААН, якія асудзілі расейскую агрэсію супраць Украіны. У Бялградзе таксама рэгулярна адбываюцца шматтысячныя маршы на падтрыманне Пуціна і Расеі.

А пасля таго як Косава 17 сакавіка папрасіла ЗША дапамагчы з далучэннем да NATO, сербскі прэзідэнт Александар Вучыч заявіў, што яно плануе напасці на Сербію, і скіраваў свой спецназ да мяжы. Сітуацыя нагадвае падзеі, што папярэднічалі пачатку вайны ва Украіне.

Да хаўруснікаў Масквы ў Еўропе адносяць і лідара Рэспублікі Сербскай у складзе Босніі і Герцагавіны Міларада Додыка, які, як адзначаюць медыі, не хавае намераў выйсці пры зручнай магчымасці са складу БіГ і абапіраецца на падтрыманне Крамля. Спачатку расейскай агрэсіі ён абяцаў дапамагчы ўкраінскім уцекачам і выступаў афіцыйна за тэрытарыяльную цэласнасць Украіны. Але пры гэтым падчас галасавання ў ААН з дапамогаю расейцаў спрабаваў перашкодзіць баснійскаму амбасадару падтрымаць праўкраінскую рэзалюцыю.

Але, як паказвае нават тое ж галасаванне, прынамсі 140 краінаў – чальцоў ААН падтрымліваюць у сённяшняй вайне Украіну. І нават там, дзе мясцовыя рэжымы стаяць на баку Крамля, ёсць сілы, якія выступаюць супраць гэтага: напрыклад, Беларускі антываенны рух, які абвясціла Святлана Ціханоўская.

Hавiны
«Прагнаць чужынцаў са сваіх гарадоў». Ціханоўская звярнулася да беларусаў да Дня Волі
2022.03.24 20:48

ПС belsat.eu

Стужка навінаў